(Бандарук:) Сёлета каліфарнійская кампанія Lawrence Research правяла сацыялягічнае дасьледаваньне сярод 500 кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў. Выявілася, што адсотак рэлігійных людзей сярод бізнэсоўцаў вышэйшы, чым у сярэднім па ЗША. 72% рэспандэнтаў заявілі, што яны зьяўляюцца актыўнымі сябрамі сваіх парафіяў або рэгулярна наведваюць сынагогу. У цэлым 64% амэрыканцаў кажуць, што яны цесна зьвязаныя з царквою.
На пытаньне, як яны прымаюць дзелавыя рашэньні, 74% апытаных бізнэсоўцаў сказалі, што яны “моляцца і просяць дапамогі ў Бога”, але толькі 33% зь іх зьвяртаюцца па параду да сьвятара або рабіна. 70% апытаных лічаць, што кіраўнікі кампаніяў павінны прытрымлівацца законаў. Атрымліваецца, што і ў бізнэсе рэлігія адыгрывае вялікую ролю. З пытаньнем, ці яна згодная з гэтым, я зьвярнуўся да Вольгі Кошур, якая ў Менску займаецца тэкстыльнай вытворчасьцю.
(Кошур:) “Вы ведаеце, сапраўды, чым больш чалавек зьвяртаецца да Бога, калі мы паводзім сябе сумленна, калі аддаем кесарава кесару, а Божае Богу, то ў выніку атрымліваем вялікія ласкі і дасягаем вынікаў. Калі прыватны прадпрымальнік кіруецца Словам Божым, то і дасягае посьпеху. Тады, ён можа шмат дапамагчы Царкве, чым, дарэчы, я і займаюся. Дзякуючы майму бізнэсу я магу дапамагчы і маламаёмасным, і асабліва цэрквам у іх пабудове, добраўпарадкаваньні. Калі чалавек сапраўды давярае Богу, то і яму застаюцца грошы, якія ён можа скарыстаць на свае патрэбы”.
(Бандарук:) Паводле Бібліі, у прадпрымальніцкіх зьдзелках трэба быць сумленным і бесстароннім. “Правільныя вагі і вагавыя шалі -- ад Госпада; ад Яго ж усе гіры ў торбе” (Высл. Сал.16,11) “ Той, хто ходзіць у праўдзе і кажа ісьціну; хто пагарджае карысьлівасьцю ад уціску, стрымлівае рукі свае ад хабару, затыкае вушы свае, каб ня чуць аб кровапраліцьці, і заплюшчвае вочы свае, каб ня бачыць ліха, той будзе жыць на вышынях: прытулак яго -- непрыступныя скалы; хлеб яму дадзены будзе; вада ў яго ня высахне” (Іс. 33, 15-16).
Аднак, калі вярнуцца да вышэй згаданага апытаньня, дык 60% апытаных бізнэсоўцаў прызналі, што некаторыя іхныя канкурэнты ўжываюць у сваёй дзейнасьці неэтычныя мэтады. 13% зь іх цьвердзяць, што іхныя канкурэнты карыстаюцца нячыстымі мэтадамі пастаянна. Калі ўлічыць дэкляраваную рэлігійнасьць бізнэсоўцаў і супаставіць гэта зь вялікай колькасьцю фінансавых махінацыяў, узьнікае пытаньне, ці на самой справе вера адыгрывае нейкую ролю ў бізнэсе? Ці да месца яна ў такой сфэры жыцьця, дзе існуе жорсткая канкурэнцыя? Я спытаўся пра гэта ў прафэсара маральнай тэалёгіі і рэктара Школы Бізнэсу ў Любліне а. Тадэвуша Засэмпы.
(Засэмпа:) “Я б сказаў, што вера патрэбная ва ўсіх абставінах жыцьця. Яна бы той клямар, што зьвязвае інтэлектуальную, маральную і эстэтычную сфэры дзейнасьці чалавека. У гэтых трох сфэрах чалавек рэалізуе сябе як творца. Вера надае глыбейшы сэнс усялякай чалавечай актыўнасьці. У маральнай сфэры яна найперш умацоўвае пачуцьцё адказнасьці. Прыклады фінансавых махінацыяў і гаспадарчых скандалаў я тлумачу тым, што некаторыя лічаць бізнэс спосабам нажывы, а ня службы грамадзтву. Якраз у гэтым і задача рэлігіі -- каб прадпрымальніцтва было формай служэньня чалавеку, каб яму лепш жылося, каб ён меў працу, каб адчуваў задавальненьне з таго, што ён робіць, каб ягонае жыцьцё мела сэнс. Таму бяз веры, бяз Бога і без маралі я не бачу магчымасьці дасягненьня посьпеху ў эканоміцы”.
(Бандарук:) Дарэчы, аб гэтым апостал Якаў пісаў наступным чынам: “Адкуль у вас свары і раздоры? Ці не адгэтуль, ад пажаданьняў вашых? Хочаце – і ня маеце; забіваеце і зайздросьціце -- і ня можаце дамагчыся; зводзіцеся і варагуеце -- і ня маеце, бо ня просіце. Просіце і не атрымліваеце, бо просіце не на добрае, але каб ужыць на пажаданьні вашыя” (Як.4,1-2). Таксама апостал Павал нагадваў: “Аддавайце кожнаму належнае; каму падатак -- падатак; каму мыта -- мыта; каму страх -- страх, каму гонар -- гонар. Не заставайцеся запазычанымі нікому ні ў чым, акрамя ўзаемнай любові, бо хто любіць другога, выканаў закон” (Рым.13,7-8). Гэтыя маральныя патрабаваньні, датычныя мытаў і падаткаў, тычацца ўсіх вернікаў, але ж бізнэсоўцы найбольш зацікаўленыя ў тым, каб іх не плаціць. Спадар Макараў?
(Макараў:) “Усе дзелавыя людзі павінны прытрымлівацца этыкету, абапірацца і спасылацца на Бога. Веруючы хрысьціянін карыстаецца маральнымі арыентырамі і ў сваіх справах і ў бізнэсе. Калі аднак нехта не прытрымліваецца нормаў, запісаных у Бібліі, у 10-ці запаветах, то, я ўпэўнены, што Бог яму не дапаможа. Можна, на кароткі час зарабіць вялікія грошы, разбагацець, усяго дасягнуць, аднак рана ці позна, калі чалавек дасягнуў гэтага ня Божым шляхам, то ён гэта страціць”.
(Бандарук) У Кнізе Экклезіяст (5, 9-19) чытаем: “Хто любіць срэбра, той не насыціцца срэбрам, і хто любіць багацьце, ня мае карысьці зь яго. І гэта -- марнасьць! Ёсьць нядоля балючая: багацьце, якое ўласьнік пільнуе на шкоду сабе… Як выйшаў ён голы з улоньня маці сваёй, так і адыйдзе якім прыйшоў і нічога ня возьме ад працы сваёй… Якая ж карысьць яму, што працаваў на вецер? І калі якому чалавеку Бог даў багацьце і маёмасьць і даў яму ўладу іх спажываць і браць сваю частку ад працы сваёй, дык – гэта дар Божы”. У Евангельлі гаворыцца: “жыцьцё чалавека не залежыць ад лішку ягонай маёмасьці” (Лук. 12,15). Гаворыцца таксама: “нельга служыць двум гаспадаром: Богу і мамоне” (Мац.6, 24) і што “корань усякага зла ёсьць срэбралюбства” (Цім.6,10). Як жа можна займацца бізнэсам і пагарджаць грашыма ды прыбыткам?
(Засэмпа:) “Я думаю, што тут справа не ў любым заробку, але ў тым, каб гэта быў сумленны заробак. Калі пасьля адліку справядлівага заробку рабочых, пасьля выплаты падаткаў, узносаў на сацыяльны фонд ды ўсіх іншых выдаткаў у касе яшчэ застаюцца грошы, дык гэта і ёсьць сумленны прыбытак. Калі прыбытак неверагодна вялікі -- гэта значыць, што мы маем дачыненьне з затрыманымі заробкамі, ня ўплочанымі належнымі падаткамі або іншым злоўжываньнем. Сумленны бізнэс -- гэта ўпарадкаваны бізнэс, у якім задаволены і працадаўца, і той хто ў яго працуе.
Бываюць парадачныя бізнэсоўцы, зьвязаныя з рэлігіяй і Царквою. Яны падтрымліваюць дабрачынныя акцыі. З другога боку, прысутнічае і мадэль прагнага бізнэсоўца, які лічыць, што яму ўсё можна, што ён нікому нічога ня мусіць даваць, толькі браць. Гэта мусіць зьмяніцца, бо самі бізнэсоўцы, і наёмныя работнікі пераканаюцца, што такі пражэрлівы бізнэс нікому не аплачваецца”.
(Бандарук:) Такім чынам, дальнабачны бізнэсовец павінен прытрымлівацца строгіх нормаў маралі. Сувязь паміж бізнэсам і маральлю вынікае з самой сутнасьці прадпрымальніцтва. Бізнэс -- гэта безупынныя кантакты, адносіны, перамовы і дамовы з людзьмі. З усімі партнэрамі неабходна будаваць адносіны ня гэтулькі на аснове юрыдычных дакумэнтаў, колькі на веры і даверы, на сумленьні і гонары. Існуе, дарэчы, этычны кодэкс цывілізаванага прадпрымальніка. Паводле Спадара Макарава, ён уключае ў сябе:
( Макараў) “Перакананасьць у карыснасьці сваёй працы ня толькі для сябе, але і для іншых, для грамадзтва і для дзяржавы;
- Уяўленьне пра навакольных людзей як пра тых, хто жадае і ўмее добра працаваць, а таксама імкнецца рэалізаваць сябе разам з прадпрымальнікам;
- Вера ў бізнэс, успрыманьне яго як прывабнай творчасьці, стаўленьне да бізнэсу як да мастацтва;
- Прызнаньне неабходнасьці канкурэнцыі пры адначасовым імкненьні да супрацоўніцтва;
- Павага да сваёй асобы і любой асобы – як да сябе;
- Павага да любой уласнасьці, дзяржаўнай ўлады, грамадзкіх рухаў, сацыяльнага парадку і законаў;
- Давер у адносінах да іншых, павага да прафэсіяналізму і кампэтэнтнасьці іншых людзей;
- Дбайнасьць пра экалёгію;
- Імкненьне да новаўвядзеньняў;
- Гуманізм.
(Бандарук:) Такім чынам, Біблія падаахвочвае чалавека да творчай актыўнасьці. Аб гэтым выразна гаворыцца ў прыпавесьці пра таленты ў 25-м разьдзеле Евангельля паводле Мацьвея. Гаспадар даручыў сваім слугам маёмасьць і на некаторы час зьехаў. Адзін слуга атрымаў 5 талянтаў срэбра, другі -- 2, а трэці -- адзін талянт. Дык вось той, што атрымаў 5 талянтаў, пайшоў, ужыў іх на справу і набыў другія пяць. Гэтаксама і той з двума набыў другія два. А той, хто атрымаў адзін талянт, пайшоў і закапаў яго ў зямлю і схаваў срэбра гаспадара свайго. Пасьля свайго вяртаньня, гаспадар пахваліў двух першых слугаў, а трэцяга зганіў, кажучы: “Ліхі раб і гультай… трэба было табе аддаць срэбра маё гандлярам, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы маё з прыбыткам. Дык вось вазьмеце ў яго талянт і дайце таму, хто мае дзесяць талянтаў, бо кожнаму, хто мае, дасца і памножыцца, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што мае”.
Рупліўцы былі ўзнагароджаныя, а нядбайны, лянівы чалавек -- пакараны. Галоўнае, што павінен памятаць добры прадпрымальнік: бізнэс -- гэта ня сродак эгаістычнай нажывы, але праца дзеля агульнага дабра.