Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўсе праваслаўныя прагаласуюць за Лукашэнку?


Сяргей Абламейка, Прага

Днямі ў расейскай газэце “Московские новости” трапіўся на вочы артыкул нейкай Галіны Кавальскай пра перадвыбарчую сытуацыю ў Беларусі. Адна з частак артыкулу называлася “Нашы і палякі”. Мяркуючы па зьмесьце артыкулу, журналістка праехала шмат кілямэтраў па беларускай глыбінцы, пабывала і на ўсходзе краіны, і на захадзе, і сьцьвярджае, што праваслаўныя беларусы і беларусы-католікі сёньня даволі моцна падзеленыя ў поглядах на палітычную сытуацыю ў краіне. Яна цытуе шмат выказваньняў праваслаўных сялянаў кшталту “Католікі ваду муцяць супраць бацькі… а мы ўсе праваслаўныя за яго”.

Зразумела, што ў апошнія гады ў Беларусі сапраўды рэлігійная складовая дзяржаўнай прапаганды рэзка ўзмацнілася. На рэлігійныя пытаньні сталі значна больш зьвяртаць увагі штатныя прапагандысты кшталту Чайкі ці Яновіч. І ўсё ж інфармацыя Галіны Кавальскай выклікала недавер – ці так ужо трагічна падзяліліся беларусы на католікаў і праваслаўных у апошнія гады? Няўжо некалькі перадачаў на радыё і некалькі агрэсіўных газэтак могуць выклікаць такую рэзкую зьмену стагодзьдзямі выпрацаваных традыцыяў мірнага сужыцьця? Няўжо праваслаўна-каталіцкія супярэчнасьці, якія вякамі не выходзілі за межы побытавых і маёмасных спрэчак, у апошнія гады выйшлі і ў палітычную сфэру? Можа гэта ўтрыраванае першае ўражаньне ня вельмі знаёмага зь беларускай гісторыяй і рэчаіснасьцю чалавека? А можа сьвядомая нацяжка, каб выдаць жаданае за рэальнае, падыгрываньне тым жа Чайцы і Яновіч?

Каб знайсьці адказы, я вырашыў не тэарытызаваць, а пазваніць сьвятарам розных цэркваў, а таксама сацыёлягу і запытацца, што ж насамрэч адбываецца зараз у галовах вернікаў. У сьвятароў я пытаўся, ці адчуваюць яны ў апошнія гады зьмену адносінаў да іх парафіянаў з боку іншаверцаў. Мне адказалі пяцёра ксяндзоў і чатыры праваслаўныя сьвятары, а таксама адзін з кіраўнікоў Беларускага саюзу хрысьціян веры эвангельскай, якіх яшчэ называюць пяцідзесятнікамі – самай вялікай пратэстанцкай царквы Беларусі, яна налічвае больш за 600 грамадаў.

Вось тыповы адказ ксяндза. Я званю пробашчу каталіцкіх парафіяў у Расонах, Ветрыне і Фарынаве на Полаччыне, ксяндзу Вячаславу Барку.

(Барок: ) “Да касьцёлу я хаджу з самага малку. Я атрымаў рэлігійнае, каталіцкае ўзгадаваньне з самага дзяцінства. І ў дзяцінстве, і зараз на розных месцах працы, ужо будучы сьвятаром, я ня бачу адрозьненьня ў адносінах да католікаў – як раней было добра, так і зараз. На побытавым узроўні адносіны вельмі добрыя і з боку праваслаўных, і з боку бязбожнікаў. А калі казаць пра гіерархію праваслаўную ці пра нашую ўладу, дык гэта мова іншая – там ужо, безумоўна, зусім іншы падыход. А на побытавым узроўні – усё нармальна”.

Як бачым, ксёндз Вячаслаў Барок, які з маленства зьяўляецца практыкуючым католікам, не заўважае ў апошнія часы ніякіх пераменаў у адносінах да католікаў з боку праваслаўных. Гэтак сама адказалі й іншыя ксяндзы зь Менску, Магілёўскай і Гарадзенскай абласьцей. Адзінае, што ксёндз Барок адрозьніў погляды вернікаў, народу, ад поглядаў і стаўленьня да католікаў уладаў і праваслаўнай гіерархіі.

Ну а можа праваслаўныя сьвятары заўважаюць нейкія перамены ў стаўленьні іх вернікаў да католікаў? Можа ў апошнія гады пагоршылася ўспрыняцьцё католікаў актыўнымі праваслаўнымі парафіянамі? Вось мой званок настаяцелю праваслаўнай Калоскай царквы ў Горадні айцу Аляксандру Велісейчыку.

(Велісейчык: ) “Пагаршэньня адносінаў паміж праваслаўнымі і рыма-каталікамі на побытавым узроўні ў апошні час я не заўважаю і не магу сказаць, што яно ёсьць. Калі мы будзем ненавідзець кагосьці, гэта будзе прыкметай таго, што мы несапраўдныя хрысьціяне. Кожны з нас займаецца сваімі справамі, і я лічу, што гэта нармальна, калі кожны можа заставацца самім сабой і будаваць нармальныя стасункі са сваімі бліжнімі. А вось у 1996 годзе, калі я быў сьвятаром у Лідзе, то там у нас з каталікамі былі не зусім прыемныя адносіны у сувязі з маёмасным пытаньнем вакол Сьвята-Міхайлаўскага сабору. Але што да маёй паствы ў Калоскай царкве ў Горадні, дык я не магу сказаць, што яна ставіцца да каталікоў варожа або што гэтыя адносіны ў апошнія гады пагоршыліся”.

Гэтак сама, як толькі што айцец Аляксандар Велісейчык, адказалі й іншыя праваслаўныя сьвятары з Гарадзенскай вобласьці і Менску, каму я дазваніўся. Айцец Велісейчык якраз згадаў пра маёмасную спрэчку ў Лідзе. І гэта вельмі характэрна, бо жывучы стагодзьдзямі на адной тэрыторыі, праваслаўныя і католікі з-за палітычных пераменаў увесь час дзялілі маёмасьць. Але галоўнае, што пераменаў у апошнія гады сьвятары не заўважаюць.

Можна прыпусьціць, што тут ёсьць пэўны этычны элемэнт, а таксама і палітычны – можа дзеля тактычных меркаваньняў сьвятары ня хочуць гаварыць усёй праўды, каб ня выклікаць на сябе крытыку ўладаў і начальства. Але зь іншага боку, сказаў жа ксёндз Барок пра адмоўнае стаўленьне да католікаў уладаў і праваслаўнай гіерархіі – тут, як кажуць, што ёсьць то ёсьць. Пытаньне ў тым – наколькі гэтыя погляды ўладаў укараняюцца і ў народзе…

Вось яшчэ адзін удзельнік сёньняшняй перадачы. Гэта кіраўнік міжнароднага аддзелу Саюзу хрысьціян веры эвангельскай Леанід Бірук. Пяцідзесятнікі ў апошнія гады сталіся аб’ектам вострай крытыкі афіцыйных прапагандыстаў. У працягу апошняга месяцу ў Беларусі былі апаганеныя некалькі іх храмаў. Вось як Леанід Бірук адказвае на пытаньне, ці адчуваюць на сабе пяцідзесятнікі адмоўнае стаўленьне людзей на побытавым узроўні?

(Бірук: ) “Вядома, такія адносіны і перашкоды, нават на побытаввым узроўні, мы адчуваем. Прычым ня толькі нашыя пастары, але і простыя вернікі. Калі на ўсю краіну па тэлебачаньні або ў іншых сродках масавай інфармацыі нас ганяць, як і іншых пратэстантаў – а прапаганда, як мы ведаем, вялікая рэч – дык людзі глядзяць і шмат хто верыць. А пасьля на побытавым узроўні ўсё гэта адлюстроўваецца. Ёсьць перашкоды. Некаторыя людзі нават адчуаваюць, што да іх сталі інакш адносіцца суседзі, зусім іншыя адносіны і на працы. Мы гэта ўсё адчуваем”.

Як мы чулі з адказаў Леаніда Бюрука – пяцідзесятнікам, як і іншым пратэстантам, зараз ня надта ўтульна жывецца на сваёй зямлі. Але і тут ня ўсё адназначна. Так званыя клясычныя цэрквы, асабліва Праваслаўная, і раней змагаліся з так званымі сэктантамі. У беларускіх вёсках і 20-30 гадоў таму стаўленьне да баптыстаў і пяцідзесятнікаў было ня надта талерантнае, і таму зараз прапаганда на дзяржаўным узроўні патрапляе часам на ўрадлівую глебу ранейшых забабонаў.

Ну але галоўнае пытаньне застаецца – ці сапраўды сёньня беларусы падзяліліся ў сваіх палітычных густах паводле канфэсійнай прыналежнасьці, як гэта падаюць некаторыя сродкі масавай інфармацыі ў Расеі? Вось рэпліка апошняга ўдзельніка сёньняшняга Сымбаля Веры – гэта сацыёляг, дацэнт Берасьцейскага Дзяржаўнага ўнівэрсытэту Анатоль Лысюк.

(Лысюк: ) “Вядома, што ў Беларусі існуюць міжканфэсійныя разыходжаньні і супярэчнасьці. Гэта натуральна. Але цікава, ці пераносяцца гэтыя супярэчнасьці на іншыя сфэры сацыяльнага жыцьця – палітыку, культуру, успрыманьне адно аднаго? Беезумоўна, так. У першую чаргу, на ўзроўні пэўных стэрэатыпаў. Існуе, напрыклад, атаясамленьне паляка і католіка, і далей будуецца наступны лягічны ланцуг – католік гэта паляк, паляк для нас чужынец. Паводле дадзеных нашых дасьледаваньняў, напрыклад, у Берасьцейскай вобласьці пазытыўнае ўспрыманьне палякаў як асобаў характэрнае для адной траціны апытаных, а нэгатыўнае (я падкрэсьліваю) для 51 адсоткі. Гэтае атаясамленьне вельмі шкоднае, таму што сярод католікаў на Беларусі пераважаюць этнічныя беларусы, а не палякі. Такі погляд толькі спрыяе расколу беларускага грамадзтва.

Падобныя адносіны існуюць і да пратэстантаў, толькі яны больш жорсткія і варожыя. Пратэстанты, часам, успрымаюцца ня толькі як чужыя, але як патэнцыйныя здраднікі, бо здрадзілі быццам сваёй веры – Праваслаўю, прадаліся Амэрыцы, і каштоўнасьці зусім ня нашы…

Што датычыцца надыходзячых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, то відавочна, што канфэсійныя разыходжаньні будуць узьдзейнічаць на электаральныя паводзіны, але ня жорстка мэханічна, і не абавязкова праваслаўнае сьветаўспрыманьне зьвязваць з падтрымкай Лукашэнкі. З другога боку, імкненьне дзяржавы палітызаваць рэлігійнае жыцьцё Беларусі непазьбежна будзе ўплываць на электаральныя паводзіны веруючых людзей. Калі, напрыклад, пэўная частка пратэстантаў адчувае сябе пад палітычным прэсінгам, то відавочна, што любое дзеяньне будзе спараджаць супрацьдзеяньне.

Нашыя дасьледаваньні ў Берасьцейскім рэгіёне сьведчаць, што толькі 5-6 адсоткаў жыхароў нашай вобласьці зьяўляюцца сапраўды веруючымі людзьмі і ў сваім выбары будуць арыентавацца на Боскую волю. У астатніх жа ў аснове іх выбару будуць знаходзіцца іншыя матывы”.

Дзякуй, спадар Анатоль Лысюк. Як мы чулі, высновы сацыяёляга, які жыве і вядзе дасьледаваньні ў шматканфэсійным рэгіёне, супярэчлівыя. З аднаго боку ён кажа, што сапраўды існуе пэўная залежнасьць, пэўныя стэрэатыпы ў палітычна-канфэсійных поглядах насельніцтва, а з другога боку – кажа, што зусім неабавязкова праваслаўныя прагаласуюць за таго, хто будзе дэкляраваць праваслаўныя каштоўнасьці і акцэнтаваць на сваёй праваслаўнасьці.

А на маю думку, дык наагул самым важным у інфармацыі Анатоля Лысюка ёсьць тое, што сапраўды веруючымі людзьмі сёньня зьяўляюцца толькі 5-6 адсоткаў жыхароў Берасьцейшчыны. Зразумела, што лічбы па астатняй Беларусі не адрозьніваюцца ад гэтай. І якраз гэта даказвае, што высілкі сёньняшніх прапагандыстаў у Беларусі ня могуць дасягнуць вялікага плёну. Сёньня ў краіне намагаюцца ажывіць расейскае ХІХ стагодзьдзе зь яго трыадзінай дактрынай “Праваслаўе, самадзяржаўе, народнасьць”. Як нельга два разы ўвайсьці ў адну і тую ж рэчку, гэтак сама, відаць, нельга аднавіць і тое, што незваротна належыць гісторыі. Нельга абвергнуць факту, што сёньня ў складзе апазыцыі дзейнаму кіраўніку Беларусі ёсьць і католікі, і праваслаўныя, і пратэстанты. І суадносіны іх у апазыцыі – такія ж, як і агулам у Беларусі. Напрыклад, у партыі КХП БНФ, якую ўзначальвае “апантаны паляк-католік” Зянон Пазьняк, большасьць сяброў праваслаўныя, а сярод кіраўніцтва партыі ёсьць і глыбокія вернікі-праваслаўныя, напрыклад Валеры Буйвал.

Апрача таго, як сказаў Анатоль Лысюк, кожнае дзеяньне спараджае супрацьдзеяньне. Пратэстантаў сёньня ў Беларусі – многія дзясяткі тысяч, католікаў – па самых сьціплых падліках каля мільёну, і калі расказваць па радыё і ў храмах, што пратэстанты прыносяць людзей у ахвяру, а аднаверцы рыма-католікаў грэка-католікі (уніяты) танцуюць голыя на алтарах, дык тыя, на каго паклёпнічаюць, адпаведна і прагаласуюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG