Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб рэлігійным фанатызме і нецярпімасьці


Кастусь Бандарук, Прага

Нядаўна, нібыта ў імя чысьціні сваёй веры, афганскія талібы, не зважаючы на пратэсты ва ўсім сьвеце, завяршылі зьнішчэньне ўнікальных будысцкіх статутяў. Аднак ці такая нецярпімасьць уласьцівая толькі ваяўнічаму ісламу? Ці не дапускаюць падобнага іншыя рэлігіі альбо ідэалёгіі? Фрагмэнт перадачы “Сымбаль веры”.

Найперш нагадаю тое, аб чым цягам двух тыдняў не пераставалі пісаць і гаварыць сродкі масавай інфармацыі ва ўсім сьвеце. 26 лютага духоўны лідэр афганскіх талібаў – мула Амар загадаў зьнішчыць будысцкія, зараастрыйскія і індускія помнікі даісламскай эпохі. Міністэрства “Пашырэньня цноты і выкараненьня заганаў” неадкладна арганізавала акцыю ачысткі – як гаварылася “ад паганскай брыдоты”. Талібы прыступілі да зьнішчэньня баміянскага пячорнага кляштара, у якім знаходзіліся дзьве найбольшыя ў сьвеце статуі Буды з 3-5 стагодзьдзяў, індускага маўзалею ў правінцыі Бахціяр і нават каля дзясятка шэдэўраў з Нацыянальнага Музэю ў Кабуле. ААН і шэраг краінаў сьвету выступілі з рэзкім асуджэньнем дзеяньняў талібаў. Гучэлі эпітэты “барбарства”, “фанатызм”, “цемрашальства” і “талібізм”, як сынонім дзяржаўнай формы вандалізму. А як паставіліся да гэтага беларускія мусульмане. Калі ласка, Ібрагім Канапацкі.

(Канапацкі: ) “Канешне, адмоўна, таму што цяпер складаецца такое ўражаньне, імідж, што мусульмане – нейкая пачвара, нейкі жупел, страшыдла. На жаль, на працягу ўжо многіх гадоў у гарамадзкую думку ўкараняецца ўяўленьне аб мусульманскім сьвеце як рассадніку тэрарызму, фанатызму, нацыянальнага экстрэмізму, наркабізнэсу. На самой-жа справе ўсе гэтыя зьявы неўласьцівыя, варожыя нашай рэлігіі. Самаму чыстаму ісламу шкодзяць тыя, якія найбольш крычаць аб вяртаньні да яго”.

(Бандарук: ) “Згаданыя статуі Буды вытрывалі нашэсьце Чынгісхана, Цімура, вялікую колькасьць войнаў і этнічных канфліктаў. Яны не перашкаджалі афганскім мусульманам як мінімум 1200 гадоў і раптам пачалі перашкаджаць цяпер. Рада алімаў Дагэстану заявіла: “Запавет Усявышняга і аят Сьвятога Карану: “Не разбурайце на зямлі пасьля ейнага добраўпарадкаваньня”. Будысцкія помнікі на тэрыторыі халіфату не падвяргаліся разбурэньням ў часе кіраваньня чатырох халіфаў, і неабходна йсьці за іхным прыкладам. Сам прарок Мухамэд сказаў: “Бярыце за прыклад маю суну і суны справядлівых халіфаў”.

Шэраг краінаў і музэяў выказалі жаданьне купіць у талібаў тое, што яны задумалі зьнішчыць. Нават ісламскія краіны – Іран, Эгіпет, Катар – заклікалі афганскіх братоў у веры перагледзець сваё рашэньне, бо гэта гістарычная спадчына шматкультурнай цывілізацыі рэгіёну.У адказ, міністар інфармацыі і культуры Джамал заявіў: “Няма чаго шкадаваць – гэта толькі бруд і камень”, і талібы працягвалі сваю справу з дапамогай выбуховых матэрыялаў, гарматаў і гранатамётаў. Тут ажно напрошваецца пытаньне: навошта? Што яны гэтым дасягнулі?”

(Канапацкі: ) “Беларускія татары вельмі занепакоеныя і ўсхваляваныя гэтым недарэчным, мягка кажучы, зьнішчэньнем помнікаў культуры. Справа ў тым, што ў мінулым у ісламскім сьвеце нідзе немусульманскія сьвятыні не пацярпелі. На маю думку, у дзеяньнях талібаў тое, аб чым у нас гаворыцца: “Хочуць быць сьвяцейшыя за самога рымскага Папу”. Але ж гэта недапушчальнае. Увесь цывілізаваны сьвет абураецца, а мы тут разважаем: трэба было гэта рабіць ці ня трэба было! Не! Гэта зусім нетыповае для ісламу. Шматстагодзьдзевы вопыт існаваньня ісламскай цывілізацыі сьведчыць пра тое, што ў ісламскіх краінах заўсёды было вельмі паважлівае і лагоднае стаўленьне да іншых плямёнаў і народаў. А што тычыцца культуры, дык іслам даў моцны штуршок разьвіцьцю цывілізацыі ў розных краінах, а тое, што адбылося ў Афганістане, ніяк не ўкладаецца ў нашыя рамкі і падыходы”.

(Бандарук: ) “Тым ня менш, духоўны лідэр талібаў мула Амар загадаў зьнішчыць будысцкія статуі з рэлігійных меркаваньняў. “Няма бога акрамя Алаха, а гэтыя статуі служаць аб’ектам пакланеньня. Іх трэба зьнішчыць, каб ніхто не пакланяўся ім ні цяпер, ні ў будучыні,”—заявіў Амар. Ён назваў зьнішчэньне статуяў “данінай ісламу і мужнай афганскай нацыі”. “Немусульманскі сьвет аб’яднаўся супраць талібаў, але гэта нас ня спыніць. Мы будзем далей крочыць нашым ісламскім шляхам. Зьнішчэньне прынесла нам прызнаньне Алаха,”—сказаў Амар.

Слушнасьць свайго кроку і выразны знак зь неба талібы ўбачылі ў тым, што пасьля доўгай засухі якраз у гэтыя дні пайшоў доўгачаканы дождж. Дарэчы, іслам забараняе фігуратыўнае мастацтва – выявы людзей і жывёлаў. Дазваляюцца толькі пэйзажы, нацюрморт і дэкаратыўнае мастацтва. “Анёлы ня ўвойдуць у дом, дзе ёсьць выявы жывых істотаў,” – гаворыцца ў Каране. У Каране няма непасрэднага загаду разбураць помнікі, але сам прарок Магамэт пасьля захопу Мэкі найперш ачысьціў Каабу ад паганскіх ідалаў. Такім чынам, талібы маюць падставу сказаць: “Зьнішчэньне ідалаў – наш рэлігійны абавязак,” – бо супраць ідалапаклонства выступіў сам Прарок…

(Канапацкі: ) “Гэта датычыць мусульманаў, а што тычыцца іншых рэлігіяў, дык іхныя сьвятыні недатыкальныя для мусульманаў. Гэта справа тых, хто вызнае тую ці іншую рэлігію. Свабода веры згадваецца і гарантуецца ў самім Каране. Усявышні Бог кажа: “Няма прымусу да веры. Жыцьцё і маёмасьць любога грамадзяніна ісламскай дзяржавы недатыкальнае незалежна ад ягонай веры”. Такім чынам, аяты Сьвятога Карану сьведчаць, што сапраўдныя мусульмане вызнаюць рэлігію міру, міласэрнасьці, міласьцівасьці, і большасьць мусульманаў, паверце, ня мае нічога супольнага з тымі падзеямі ў сьвеце, зь якімі людзі пачалі атаясамліваць іслам”.

(Бандарук: ) “Гаварыў мула беларускіх татараў-Ібрагім Канапацкі. Вядома, нельга атаясамліваць усіх мусульманаў з дзеяньнямі талібаў; з другога боку, рэлігійная талеранцыя ісламу тычыцца толькі “народаў Кнігі”, спадкаемцаў аўрамічнай традыцыі, гэта значыць габрэяў і хрысьціянаў. У адносінах да паганства, якім для мусульманаў зьяўляецца і будызм, іслам ніколі не выяўляў талерантнасьці. Наадварот. Каран заклікае схіляць паганаў ў іслам любымі сродкамі. “Сапраўды, тыя што не паверылі і памерлі, будучы нявернымі, над імі пракляцьце Алаха, і анёлаў, і людзей,”—гаворыцца у 2 Суры, 156 аяце”.

З другога боку, зьнішчэньне помнікаў культуры і гісторыі ў імя рэлігіі – зьява ня новая, і гэта тычыцца таксама хрысьціянаў. Прыкладаў гэтаму безьліч, але засяродзімся на Беларусі. Меркаваньне архэоляга Эдварда Зайкоўскага.

(Зайкоўскі: ) “Так. Такія прыклады ёсьць у гісторыі амаль любой рэлігіі, у тым ліку хрысьціянства ў Беларусі. Калі пасьля 10-га стагодзьдзя праводзілася хрысьціянізацыя паганскага насельніцтва, то зьнішчаліся паганскія храмы, ідалы, культавыя камяні. Мяркуецца таксама, што таксама да гэтага існавала ў паганцаў нейкая дакірылічная пісьмовасьць, помнікі якой аднак, на жаль, былі зьнішчаныя”.

(Бандарук: ) “Ці можаце назваць нейкі канкрэтны прыклад?”

(Зайкоўскі: ) “Вядома, напрыклад, што пасьля хрысьціянізацыі Літвы, якая ахапіла і паўночна-заходнія часткі Беларусі, дзе захоўваліся яшчэ значныя масівы балотаў, зьнішчаліся ранейшыя паганскія сьвяцілішчы, і часта на іхным мейсцы будаваліся хрысьціянскія храмы. Напрыклад, згодна летапісцу Яну Длугашу, на месцы паганскага капішча быў пабудаваны Віленскі Катадральны Сабор, які пасьля шэрагу рэканструкцыяў існуе да сёньняшняга дня. Там, дарэчы, пры раскопках сутарэньняў некалькі гадоў таму літоўскія архэолягі сапраўды знайшлі рэшткі паганскага сьвяцілішча”.

(Бандарук: ) “У сэнсе матэрыяльных помнікаў паганства ўдалося выкараніць амаль дашчэнту. Ацалела хіба толькі тое, чаго не ўдавалася зьнішчыць: гарадзішчы, курганы альбо камяні. Але ж засталіся звычаі і абрады. Такім чынам, і пасьля перамогі хрысьціянства міжрэлігійнае супрацьстаяньне працягвалася…”

(Зайкоўскі: ) “Можна ўзгадаць і больш позьнія прыклады. Пасьля ліквідацыі Уніі ў 1839 годзе, масава зьнішчаліся, у прыватнасьці, уніяцкія, друкаваныя кнігі. З гэтай прычыны не захаваліся многія важныя помнікі духоўнай культуры беларусаў. Ужо ў 19 стагодзьдзі, згодна ўспамінам некаторых фальклярыстаў, калі яны пры паездках у сельскія мясцовасьці распытвалі мясцовае праваслаўнае духавенства, ці захаваліся такія спрадвечныя народы сьвяты як купальле, каляды ды іншыя, дык не раз праваслаўныя сьвятары хваліліся ім, што за час сваёй дзейнасьці яны пасьпяхова выкаранілі гэтыя перажыткі мінулага.

Напрыклад, каляды абавязкова ператварыліся ў Раство і многае іншае.
Гэтая барацьба супраць усяго спрадвечна народнага працягвалася і ў савецкія часы. Можна згадаць прыклады, калі разбураліся храмы ўсіх канфэсіяў альбо выкарыстоўваліся ў якасьці складаў ці-якіх небудзь вытворчых памяшканьняў. Таксама зьнішчалася альбо не дапускалася да ўжываньня рэлігійная літаратура. Вялася таксама барацьба супраць народных сьвятаў. Я і мае некаторыя равесьнікі памятаем, што гэтая барацьба праводзілася яшчэ ў палове 80 гадоў”.

(Бандарук: ) “Спадар Зайкоўскі, разбураны ў 30-я гады цудоўны храм Хрыста Збавіцеля ў Маскве і потым адбудаваны на ахвяраваньні ўсяго народу, для мяне асабіста зьяўляецца найлепшым прыкладам таго злачыннага вандалізму і блізарукасьці. Людзі зьнішчаюць тое, чаго не стваралі. “Пасьля нас хаця б і патоп”. Гэта недаравальная блізарукасьць і безадказнасьць. Чым Вы тлумачыце гэтую зьяву?”

(Зайкоўскі: ) “Ну, тут можна даць шэраг тлумачэньняў. Перш за ўсё, фанатыкамі такога змаганьня са старым зьяўляюцца людзі мала адукаваныя, з вузкім сьветапоглядам, неразьвітыя інтэлектуальна. Яны бачаць толькі адну сваю, правільны, як ім здаецца, пункт гледжаньня, а ўсё іншае аб’яўляецца імі няслушным. Зыходзячы з гэтага, яны зьнішчаюць усё, што не ўкладваецца ў іхную ідэалёгію. Прычынай могуць быць таксама і нейкія традыцыі іхнай канфэсіі ці ідэалёгіі, а таксама проста адсутнасьць дэмакратычных традыцыяў у краіне”.

(Бандарук: ) “Гаварыў архэоляг Эдвард Зайкоўскі. Такім чынам, як лічыць мула Ібрагім Канапацкі, барбарства талібаў, напэўна, не характэрная рыса ісламу, але яно не падлягае сумневу. На жаль, яны не адзіныя, і падобныя грахі маюць на сваім сумленьні многія іншыя. Як пісаў Міхаіл Тульскі ў “Независимой газете”, цывілізаваны сьвет не палічыў патрэбным лічыцца з талібамі, а тыя, у сваю чаргу, не бачаць патрэбы лічыцца з каштоўнасьцямі гэтага сьвету. Застаецца толькі пытаньне: што зрабіць, каб падобнае больш не паўтарылася?”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG