Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці мае месца ў Беларусі экспансія пратэстантызму?


Кастусь Бандарук

Удзельнікi: журналістка Ніна Яновіч, пастар Антось Бокун.

Аўтар і вядучы: Кастусь Бандарук. (эфір 30.12.2000).

(Бандарук: ) "У нашых папярэдніх перадачах прадстаўнікі шэрагу пратэстанцкіх абшчынаў Менску скардзіліся на дыскрымінацыю і абмяжоўваньне іхнай дзейнасьці з боку ўладаў. Апошнім часам абшчыны Поўнага Евангельля " Царква Ісуса Хрыста" зь ейным пастарам Веніямінам Брухам, " Слова Веры", "Новае жыцьцё", "Ян Прадвесьнік" узбудзілі грамадзянскую справу ў адносінах да рэдакцыі " Народнай Газэты" і журналісткі Ніны Яновіч, якая апублікавала артыкул " Беларусі пагражае пэрспэктыва ператварыцца ў пратэстанцкую рэспубліку, альбо Нас настойліва падштурхоўваюць да здрадніцтва веры нашых продкаў". У пачатку лістападу згаданыя абшчыны накіравалі ў суд Савецкага раёну Менску заяву аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. На іхную думку, журналістка прадставіла веравызнаньне і дзейнасьць пратэстанцкіх цэркваў "у скажоным і зьняважлівым выглядзе". Судзьдзя Генадзь Дашук адмовіўся ўзбудзіць справу супраць газэты і журналісткі, аднак тыя абскардзілі рашэньне раённага суду ў менскім гарадзкім судзе. Паколькі ня ўсе нашыя слухачы чыталі згаданы матэрыял, я папрасіў Ніну Яновіч патлумачыць — чым выкліканы такі шырокі рэзананс ейнага артыкулу".

(Яновіч: ) "Паколькі многія слухачы не чыталі майго артыкулу, я хацела б у двух словах перадаць асноўную думку гэтага матэрыялу.Такім чынам, галоўная думка такая: Беларусі неабходна абараняць ня толькі сваю нацыянальную, але і рэлігійную самабытнасьць.У нас надзвычайная рэлігія --праваслаўе. Гэта вера прыемная Богу, бо толькі ў праваслаўных такая колькасьць сьвятых, толькі ў праваслаўным храме Магілы Гасподняй ў Ерузаліме зь неба зыходзіць сьвяты агонь, які не апаляе рукі. Апроч таго, штогоду, на гары Фавор, надараюцца цуды. Гэта дастатковыя доказы таго, што праваслаўе — сапраўдная, сьвятая вера, і трэба яе трымацца, а не зьвяртацца да духоўных сурагатаў. Пад гэтымі сурагатамі я разумею нэакульты, не абывязкова пратэстанцкія".

(Бандарук: ) "Аднак у Вашым артыкуле ёсьць вельмі цяжкое абвінавачваньне – цытую: " Нэапратэстанцтва насамрэч ставіць перад сабою ня гэтулькі рэлігійныя, колькі палітычныя, эканамічныя і ваенныя мэты, ажно да такой зьмены грамадзкай сьвядомасьці, каб падрыхтаваць ваенная ўварваньне". Тут, мне здаецца, выразны перабор".

(Яновіч: ) " Справа ў тым, што гэта думка часткі рэлігіязнаўцаў, і я спасылася на яе. Я журналіст і павінна адлюстроўваць усе пункты погляду. Паколькі я чула такую думку, я дазволіла сабе яе згадаць. У Беларусі розныя плыні ў грамадзтве, і гэткі пункт гледжаньня таксама існуе".

(Бандарук: ) "На маю думку – можна, і нават трэба любіць сваё, але ж трэба таксама паважаць чужое. Мне здаецца, што веравызнаньне не дадзенае народу на векі вечныя. Бывае, што традыцыйнае праваслаўе, або каталіцызм некага не задавальняе. Што дрэннага ў тым, што людзі шукаюць нечага новага. Ці ж можна ім гэтае забараніць?"

(Яновіч: ) "Калі б вы пабылі, прынамсі, на адным сходзе, паглядзелі — што адбываецца ў залі, альбо паглядзелі відэазапіс, дык, мабыць, не задалі б такога пытаньня. Вось, напрыклад, нэакультавая рэлігійная арганізацыя "Царква Ісуса Хрыста". Я глядзела відэакасэту. Дарэчы, запіс зрабілі самі вернікі гэтай канфэсіі. Уявіце сабе вялізную залю. Людзі літаральна падаюць на падлогу, курчацца, лямантуюць, трасуцца, кудакчуць, брэшуць бы тыя сабакі. Дзьве дзяўчыны ў першым радзе роспачна сьмяюцца: нейкая сіла скаланаае іхныя целы. На тварах гімора пакуты: сьмяяліся яны пад узьдзеяньнем нейкай сілы. Вось калі паглядзець такі відэазапіс, альбо наведаць такі сход, адразу адчуеш тую атмасфэру агрэсіўнасьці, той псыхалягічны ціск на чалавека, тады не застанецца месца на пытаньне — што ў гэтым дрэннага? Псыхіятры адназначна выказваюцца, што ў Беларусі назіраецца рост псыхічных захворваньняў, у тым ліку з прычыны нэакультаў. Возьмем іншыю сытуацыю. Дзьве жанчыны выйшлі з пяцідзесятніцкай сэкты і былі вымушаныя пакінуць свае дамы. Іх пачалі перасьледаваць сваякі, і, каб захаваць жыцьцё, яны ўцяклі з хаты. Адну з гэтых дзьвюх жанчынаў сваякі двойчы аддавалі ў псыхіятрычную клініку. Ёй паставілі дыягназ –шызафрэнія. Аднак, празь некаторы час, дыягназ быў адменены і жынчыну прызналі цалкам здаровай. Пяцідзесятнікі ў Беларусі (ня ведаю – як у іншых краінах Эўропы) – гэта такая рэлігійная арганізацыя, у якую можна ўвайсьці, але вельмі цяжка зь яе выйсьці. Калі выходзіш, табе кажуць: ты служыш д'яблу, і пачынаецца перасьлед. Я ніякім чынам не хачу сказаць, што пратэстанты – дрэнныя людзі. Я наогул добра стаўлюся да ўсіх людзей, у тым ліку да тых, хто належыць да нэапратэстанцкіх арганізацыяў. Я проста лічу, што яны памыляюцца. Я крытыкую іхныя погляды, але ня іх саміх. І паколькі гэтая зьява існуе, паколькі грамадзкасьць Беларусі занепакоеная, мой артыкул і стаўся адлюстраваньнем такой занепакоенасьці".

(Бандарук: ) "Аднак, з другога боку, самі пратэстанцкія абшчыны кажуць, што яны прапаведваюць ідэі міру, міласэрнасьці, працавітасьці і адказнасьці ва ўсіх сфэрах жыцьця. Выступаючы ў нашым эфіры, пастар "Царквы Ісуса Хрыста" Веніямін Брух прыгожа і пераканаўча гаварыў, напрыклад, аб тым, як ягоная абшчына дапамагае бедным, як працуе з такімі людзьмі, як наркаманы, якія лічацца адкідамі грамадзтва. Вось, мабыць, таму лідэры згаданых абшчынаў і палічылі Ваш артыкул зьняважлівым. Яны лічаць, што ён разьдзімае міжканфэсійную варажнечу…"

(Яновіч: ) "Я катэгарычна з гэтым нязгодная, паколькі там няма ніводнага абразьлівага слова, нават у адрас нэакультаў. Гэта проста дыскусія, навуковая спрэчка. Вось я вам зачытаю ўрыўкі з экспэртызы рады экспэртаў Дзяржаўнага камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў. На запыт пракуратуры, 11 спэцыялістаў-рэлігіязнаўцаў, дарэчы, не праваслаўных, а, пераважна, атэістаў, прыйшлі вось да такой высновы: "Артыкул Ніны Яновіч носіць палемічны характар. У адпаведнасьці з 39-м артыкулам Закону аб друку ды іншых СМІ, журналіст мае права выказваюць свае асабістыя думкі і ацэнкі ў паведамленьнях і матэрыялах, прызначаных для публікацыі за ягоным подпісам. У артыкуле 3-м Закону аб свабодзе веравызнаньня і рэлігійных арганізацыях гаворыцца, што кожны грамадзянін мае права выказваць і пашыраць свае перакананьні, зьвязаныя з адносінамі да рэлігіі. Парушэньні часткі 4-й Закону аб Друку, датычнага разьдзіманьня сацыяльнай, нацыянальнай і рэлігійнай неталерантнасьці альбо варажнечы, а таксама часткі 3-й артыкулу 4-га Закону, які тычыцца абразы рэлігійных пачуцьцяў грамадзянаў, сябры экспэртнай Рады ня выявілі" ( к.ц). Мяне таксама падтрымала Правапслаўная Царква. У заяве прэс-службы Беларускага Экзархату гаварылася, што нават спроба прэсы прыцягнуць увагу грамадзкасьці да гэтай праблемы, успрымаецца самімі нэакультамі празьмерна балюча. Інакш кажучы: яны маюць права праводзіць экспансію ў Беларусі, але мы ня маем права гаварыць пра гэта. Калі ў нас дэмакратыя, дык давайце будзе абмяркоўваць усе тэндэнцыі, усе зьявы, у тым ліку і гэтую. Калі вы знойдзеце ў маім артыкуле хаця б адно абразьлівае слова на адрас пратэстантаў, дык мы з вамі гэта абмяркуем. Я, аднак, намагалася быць тактоўнай і карэктнай. Па мойму – гэта проста дыскусія".

(Бандарук: ) "Спадарыня Яновіч. Вы гаворыце пра экспансію нэакультаў як пра нешта само па сабе дрэннае. Экспансія — гэта можа быць проста пашырэньне сваёй веры, а гэта гарантавана беларускімі законамі. Няўжо законы існуюць толькі для выбраных канфэсіяў?"

(Яновіч: ) "Вы ведаеце – беларускія законы супярэчлівыя. З аднаго боку, у 16-м артыкуле Канстытуцыі гаворыцца пра свабоду веравызнаньня, а ў іншым месцы дадаецца: " з улікам традыцыйнай веры". У Эўропе маецца блізу сямі дзяржаваў, дзе, не зважаючы на тое, што гэта свабодныя, дэмакратычныя краіны, практыкуецца дыфэрэнцыяваны падыход да рэлігіяў. Некаторыя з канфэсіяў маюць статус " дзяржаўных". Некаторым аддаецца перавага. Напрыклад, у Грэцыі, Англіі, Нямеччыне, альбо скандынаўскіх краінах. У гэтым сэнсе няма аднаго, міжнароднага стандарту. Беларусь пакуль не акрэсьлілася са сваёй мадэльлю. Зараз ідзе абмяркаваньне паправак ў закон, які рэгулюе рэлігійную сытуацыю. Цяжка сказаць, якія папраўкі будуць прынятыя, але грамадзтва – ня толькі праваслаўныя, але й атэісты, занепакоеныя нэакультамі, паколькі яны небясьпечныя для псыхічнага здароўя дзяцей. Падобна на тое, што ў Беларусі зробяць больш жорсткай рэгістрацыю новых рэлігійных арганізацыяў. У 90-м годзе ў адзін момант былі зарэгістраваныя ўсе, хто толькі хацеў, нават такія экзатычныя арганізацыі, якія ў многіх эўрапейскіх краінах забароненыя. Зараз рэлігійным арганізацыям нетрадыцыйнай накіраванасьці пачалі адмаўляць у арэндзе дамоў культуры для ладжаньня іхных малітоўных сходаў. Яны вельмі крыўдзяцца, але я лічу, што гэта вельмі правільная практыка. Я ніколі не забуду, як я пайшла на кніжную выставу ў Палац культуры трактарнага заводу. Заходжу, выбіраю кнігі, і чую нейкія дзікія воклікі, грукат, напал жарсьцяў. Там праходзіў малітоўны сход адной такой экзатычнай арганізацыі, і адбывалася відавочная вярбоўка моладзі зь ліку наведнікаў кніжнай выставы. Ці павінна дзяржава дапускаць такую ступень дэмакратыі, каб нявечылі нашых дзяцей? Відавочна, што пасьля правядзеньня пэўнага часу ў такой арганізацыі, чалавек унутрана расстройваецца, зь ім адбываецца нешта дрэннае. Ён пакідае сям'ю, губляе сэнс жыцьця… Трэба ж, урэшце рэшт, неяк ахоўваць сваю духоўную прастору, што й робіць шэраг эўрапейскіх дзяржаваў, і што, магчыма, пачне рабіць і Беларусь".

(Бандарук: ) "Гэта была аўтар спрэчнага артыкулу ў "Народнай Газэце" – Ніна Яновіч. Яна прадставіла свой пункт погляду, але варта паслухаць таксама іншы бок. Вось што сказаў наконт згаданага артыкулу і думак журналісткі пастар царквы Яна Прадвесьніка Антон Бокун".

(Бокун: ) "Зараз у Беларусі назіраецца тэндэнцыя да агульнага абвінавачваньня пратэстантаў ў розных вычварэньнях, сьцьвярджаецца, што гэта наогул "іншароднае цела". Артыкул у "Народнай Газэце" накіраваны супраць пратэстантаў, пяцідзесятнікаў, ды іншых рухаў. Выказваньні журналісткі папросту абуральныя; яны ў лепшых традыцыях антырэлігійнай прапаганды, які стварае вобраз "ворагаў народу". Ёсьць і іншыя, чыста абсурдныя, абвінавачваньні, напрыклад: " калі б Савецкі Саюз быў пратэстанцкім, дык Гітлер перамог бы яго за тры дні". Усё гэта абражае мяне як верніка, і абражае многія цэрквы, хаця экспэртыза і прызнала гэта "навуковымі фактамі". Прапагандысцкія прыёмы, прыймальныя хіба што ў вулічнай спрэчцы, чамусьці прызнаныя навуковымі.

Увогуле, адзін з галоўных пунктаў абвінавачваньня спадарыні Яновіч ў адносінах да пратэстантаў той, што яны наогул "іншароднае цела", нешта чужое для Беларусі. Аднак, калі паглядзець з пункту гледжаньня гістарычнай праўды, дык пратэстантызм мае ў Беларусі даволі глыбокія карані. Яны сягаюць часоў Рэфармацыі. Быў час, калі Беларусь сапраўды была амаль пратэстанцкай краінай. Гэта быў залаты перыяд ў гісторыі Беларусі, эпоха Адраджэньня. Большасьць вядомых дзеячоў Адраджэньня, так ці інакш, былі зьвязаныя з пратэстантызмам. Францішак Скарына, які сустракаўся зь Лютэрам, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Радзівілы: усе яны былі прыхільнікамі пратэстанцкага накірунку, у прыватнасьці, кальвінізму. Так што, сьцьцвярджаць пра тое, што пратэстанцтва пагражае самому існаваньню беларускай нацыі, гэта выдумкі, гэта эмацыйныя выказваньні чалавека, які любою цаною хоча давесьці сваю думку, і які ня мае пры гэтым аніякіх рацыянальных аргумэнтаў. Замяшаная на эмоцыях спасылка, што гэта здрада веры нашых продкаў, таксама не вытрымлівае крытыкі, бо якая ж вера нашых продкаў? Паглядзеўшы ў мінулае, можна сказаць, што паганства — гэта вера нашых продкаў, а праваслаўе было здрадай гэтай веры, як, дарэчы, некаторыя і лічаць. Абзываньне цэркваў сэктамі — вось гэта тое дэструктыўнае дзеяньне, якое стварае рэальную пагрозу міжканфэсійнай варажнечы ўжо цяпер, у гэты час. Дарэчы, фільм " Экспансія", паказаны двойчы на Беларускім тэлебачаньні, таксама зрабіў з пратэстантаў ворагаў, якіх трэба зьліквідаваць, бо яны "хочуць зьнішчыць Беларусь". Я лічу, што наадварот: Беларусь павінна вітаць разьвіцьцё пратэстантызму, таму што гэта спрыяе пад'ёму нацыі, сапраўднаму ўздыму. Калі паглядзець на тыя рэгіёны Беларусі, якія найбольш адкрытыя на пратэстантызм, хаця б на Берасьцейшчыну, дык бачым, што гэта даволі стабільныя рэгіёны і ў палітычным, і ў эканамічным, і ў культурным жыцьці".

(Бандарук: ) "Гаварыў пастар царквы Поўнага Евангельля зь Менску "Ян Прадцеча" Антон Бокун. Мы прадставілі два пункты погляду ў справе, якая перарасла ў судовае змаганьне. Спрэчка ў судах дагэтуль не закончаная, але, мабыць, галоўнае, што яна адлюстроўвае наяўнасьць сур'ёзнага канфлікту на рэлігійным грунце. Будзем рады пачуць меркаваньні нашых слухачоў на гэтую тэму, а сёньня дзякую за увагу".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG