Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Вішнёў: “Варштат Скарыны ніколі не састарэе”


Міхась Скобла, Менск

Напачатку некалькі лічбаў, якія прагучалі на нядаўняй калегіі Міністэрства інфармацыі Беларусі. Летась кніг на беларускай мове выдадзена 857 назваў агульным накладам 3,4 мільёна асобнікаў, што на 20% менш, чым у 2002 годзе. З 857 назваў дзяржаўнымі выдавецтвамі выпушчана толькі чацьвертая частка ад агульнай колькасьці — 230, на недзяржаўныя прыпадае 350 назваў. Прычым выпуск беларускамоўнай літаратуры недзяржаўнымі выдавецтвамі летась павялічыўся, і гэта ўжо — тэндэнцыя. Што й сталася нагодай для сустрэчы ў “Вольнай студыі” з дырэктарам беларускамоўных праектаў выдавецтва “Логвінаў” Зьміцерам Вішнёвым.

(Міхась Скобла: ) “Зьміцер, “Логвінаў” літаральна за два апошнія гады стаў папулярным выдавецкім брэндам. Днямі я заходзіў у сталічную “Цэнтральную кнігарню” і пабачыў там цэлы прылавак вашых кніг. Такое адчуваньне, што ваша выдавецтва хутка запалоніць увесь кніжны рынак сваёй прадукцыяй”.

(Зьміцер Вішнёў: ) “Мы выдаем ня так шмат кніг, як падаецца. Проста на фоне астатніх мы сапраўды працуем заўважна. Заўважныя мы яшчэ й таму, што нашыя кнігі выдзяляюцца сваім афармленьнем, дызайнам, вёрсткай. Рэальна мы працуем толькі год. Летась выйшлі наступныя аўтары, якіх мне хацелася б адзначыць: выбранае Язэпа Лёсіка — том на 400 старонак, прымеркаваны да яго 120-годзьдзя, потым кнігі Юрася Барысевіча, Андрэя Хадановіча, Віктара Жыбуля, Альгерда Бахарэвіча, Джэці, Андрэя Бурсава, Арцёма Кавалеўскага, Паўла Гаспадыніча. Усіх — каля 25. На гэты год заплянавана яшчэ 30 кніжак. Да таго ж мы сёлета плянуем распачаць выданьне новага часопісу “Тэксты й музыка”, у якім акрамя тэкстаў чытачы знойдуць кампакт-дыскі беларускамоўных гуртоў”.

(Скобла: ) “На згаданай калегіі Міністэрства інфармацыі міністар Русакевіч зьдзіўляўся: як жа так, колькасьць беларускамоўнай літаратуры, выдадзенай у дзяржаўных выдавецтвах, скарацілася, і значна, а ў недзяржаўных — павялічылася. І гэта пры тым, што дзяржвыдавецтвы маюць датацыі, сваю сетку распаўсюду. Чаму так адбываецца?”

(Вішнёў: ) “Мне бачацца тут дзьве асноўныя прычыны. Мне здаецца, што нашы чытачы нарэшце займелі добры густ, і яны бачаць ровень паліграфіі недзяржаўнага выдавецтва й дзяржаўнага. На жаль, кнігі апошніх могуць быць выдадзены на добрай паперы, але дызайн і вёрстка жадаюць лепшага. Гэта па-першае. Па-другое, у дзяржаўным сэктары кнігавыдавецкай сфэры ня тыя людзі займаюць адпаведныя пасады. І кіруюцца яны часам невядома чым. Бо ёсьць на сёньня беларускамоўны чытач, і ў працэнтных адносінах беларускамоўная кніга прадаецца значна лепш за расейскую. Прычым на некалькі пунктаў. Гэта абсалютна дакладна — я размаўляў зь менскімі кнігарнямі, з гандлярамі. Яны кажуць, што беларускамоўная кніга мае вельмі добры попыт. Таму скарачэньне кніг у дзяржаўных выдавецтвах — гэта чыясьці непрадбачлівая палітыка”.

(Скобла: ) “Ваш дырэктар, які ахвяраваў сваё прозьвішча на выдавецкую шыльду, спадар Ігар Логвінаў, у адным інтэрвію заявіў, што выдае літаратуру, якая не прыносіць прыбытку. Атрымліваецца, што беларуская кніга — гэта не тавар, а па-ранейшаму — месца рэалізацыі чыіхсьці дабрачынных намераў?”

(Вішнёў: ) “На жаль, сёньня наша краіна ня мае элемэнтарнага — арт-рынку. Калі будзе здаровы арт-рынак, то ўсё будзе нармальна: аўтар будзе пісаць, выдавец будзе выдаваць, а чытач будзе іх купляць. Але пакуль гэта толькі ў пэрспэктыве. У нас на выдавецкай кухні адначасова “варыцца” мноства новых кніжак, ну вось на сёньняшні дзень — каля пятнаццаці. Сэрыя “Другі фронт мастацтваў” (у якой і выйшлі пералічаныя вышэй аўтары) падтрымліваецца выдавецтвам на 75%. Шукаць грошы дапамагае аўтар, мы шукаем фундатараў, рэклямадаўцаў, часам знаходзім гранты, але гэта вельмі рэдка”.

(Скобла: ) “Другі фронт мастацтваў” — ці не занадта “ваенная” назва для кніжнай сэрыі?”

(Вішнёў: ) “У гэтай сэрыі ў нас выходзіць постмадэрнісцкая літаратура, маладыя аўтары. Дарэчы, да нас можа прыйсьці любы аўтар з вуліцы й запрапанавацца ў гэтую сэрыю. Але каб патрапіць у выдавецкі плян, ён мусіць прайсьці праз калегію, якая складаецца зь дзевяці чалавек”.

(Скобла: ) “А судзьдзі хто?”

(Вішнёў: ) “У калегію ўваходзяць Валянцін Акудовіч, Альгерд Бахарэвіч, Ільля Сін, Юрась Барысевіч, безумоўна — Вішнёў. І калі большасьцю галасоў прымаецца рашэньне, што рукапіс мае быць, то на працягу году кніга запускаецца”.

(Скобла: ) “Для любога прадпрыемства заўсёды актуальная рэалізацыя тавару. Празь якія структуры й наколькі пасьпяхова ідзе распаўсюд вашай кніжнай прадукцыі?”

(Вішнёў: ) “Дзякаваць Богу, у нас засталася дзяржаўная сетка распаўсюду — “Белкніга”. Сёлета мы наладзілі сувязі зь ейнымі абласнымі аддзеламі — зь Віцебскам і Горадняй, наладжваем зь Берасьцем і Магілёвам. Мы пачынаем актыўны распаўсюд па ўсёй краіне. І таму нашы наклады, думаю, неўзабаве з 300–500 падымуцца да 1000 асобнікаў. Калі мы дасягнем гэтай лічбы,можна будзе казаць пра рэнтабэльнасьць кнігі. На жаль, дзяржава не стварае ўмоваў для стварэньня і разьвіцьця арт-рынку. Усе заўважылі, што за апошнія два гады беларуская кніга стала заўважна даражэйшая — у нас дзейнічае падатак 20% на даданую вартасьць. Дарэчы, з Новага году такі ж невыгодны для свайго выдаўца закон прыняты й ва Ўкраіне. Вельмі складана ў такіх умовах разьваць арт-рынак”.

(Скобла: ) “Вашыя аўтары — пераважна маладыя людзі. У Беларусі існуе Фонд падтрымкі таленавітай моладзі пры прэзыдэнце. Ці зьвярталася выдавецтва “Логвінаў” у гэты фонд па падтрымку?”

(Вішнёў: ) “Раскажу сумную гісторыю. Калі я некалькі гадоў таму працаваў у Саюзе пісьменьнікаў літкансультантам па паэзіі, мы зьвярталіся ў гэты Фонд і рэкамэндавалі для выданьня дзесяць кніг. На жаль, зь дзесяці аўтараў пашанцавала толькі аднаму — маладому паэту Янку Лайкову. Я вось цяпер пачынаю перабіраць прозьвішчы ў галаве й канстатую, што восем з тых дзесяці выйшлі ў нашым выдавецтве, без дапамогі фонду. Мы заўсёды знойдзем магчымасьць паспрыяць маладым”.

(Скобла: ) “Наколькі эфэктыўнае прыцягненьне да продажу кніг аўтараў? Мне расказваў паэт Леанід Дранько-Майсюк, як яго “эксплюатавала” выдавецтва “Кніга”. Разам яны аб’ехалі ледзь ня ўсю Беларусь і прадалі ўвесь наклад. Ці практыкуе “Логвінаў” такі спосаб?”

(Вішнёў: ) “На жаль, мы ня маем ліцэнзіі на гандаль кнігамі. Таму практыкуем прэзэнтацыі кніг у кнігарнях з удзелам аўтараў. На такіх акцыях кнігі добра прадаюцца”.

(Скобла: ) “І пра рэкляму, безь якой сёньня й сьняжынка зь неба ня падае. На многіх вашых кнігах зьмешчаная рэкляма беларускіх фірмаў. Ці лёгка сёньня знайсьці рэклямадаўцу, які праплачвае рэкляму на кніжцы, наклад якой 500 асобнікаў? І ўвогуле — ці рэклямадаўца гэта, ці ўсё-ткі мэцэнат?”

(Вішнёў: ) “Рэклямадаўца. Калі ёсьць добры мэнэджэр, то ён рэкляму знойдзе. І я спадзяюся, што наш новастораны часопіс будзе “сядзець” не на грантах, як многія беларускія літаратурныя выданьні, ён будзе існаваць дзякуючы айчынным рэклямадаўцам. Сёньня многія фірмы жадаюць мець беларускамоўную рэкляму ў беларускім пэрыядычным друку. Што датычыць кніжак, то тут, безумоўна, цяжэй. Для іх патрабуецца спэцыфічная рэкляма. Але й тут ёсьць зрухі. Асабліва чамусьці мэдычныя кампаніі даюць рэкляму на кніжкі. Скажам, зь фірмай “Благовест” мы падпісалі дамову адразу на дванаццаць рэклямных блёкаў. Яны разумеюць, што беларускамоўны чытач — чалавек інтэлектуальны. А ўжо мінулася тая пара, калі панятак “інтэлектуал” быў сынонімам беднасьці. Так што нашы чытачы — іх пацыенты”.

(Скобла: ) “Сёньня многія тэксты жывуць па-за паперай, у Інтэрнэце. Ці не азначае гэта, што ў хуткім часе кніга будзе выконваць нейкую іншую, хутчэй дэкаратыўную фукцыю? Наколькі ўвогуле Інтэрнэт — вораг варштату Скарыны?”

(Вішнёў: ) “Ня вораг, а сябар. Кніга — гэта артпрадукт, які Інтэрнэт павінен дапамагаць прадаць. І мы маем для гэтай мэты свой сайт. Перакананы, што беларуская кнігавыданьне будзе разьвівацца, варштат Скарыны ніколі не састарэе. Я хацеў бы запрасіць нашых слухачоў 22 лютага а 17.00 наведаць клюб “NC” на вуліцы Кастрычніцкай (гэта побач з заводам “Крышталь”), дзе будзе адбывацца ІV фэстываль сучаснага мастацтва “Нефармат”. Там будуць выступаць беларускія паэты, пройдуць пэрформансы і выступы музычных гуртоў. Бальшыня ўдзельнікаў фэстывалю — аўтары выдавецтва “Логвінаў”. Калі ласка, прыходзьце”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG