Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Арлоў: “Літаратура — гэта тэрыторыя свабоды”


Міхась Скобла, Менск

Памятаю, як набываў у вялікай, на два паверхі, наваполацкай кнігарні першую кнігу Ўладзімера Арлова “Добры дзень, мая Шыпшына”. І першае ўражаньне салідарнасьці з аўтарам: так, любоў да Радзімы вышэй за ўсё, нават за вечнае й галавакружнае каханьне. З тае пары прамінула сямнаццаць гадоў, і ў мітульзе дзён да папулярнага й шанаванага чытачамі Ўладзімера Арлова падкраўся паўвекавы юбілей. Сёньня юбіляр наш госьць.

(Скобла: ) “Уладзімер, сваё пяцідзесяцігодзьдзе ты сустрэў з добрым плёнам — выдадзена больш за два дзясяткі кніг, прычым толькі сёлета тры. Атрымліваецца, што юбілейны год праходзіць для цябе пад знакам асаблівага натхненьня?”

(Арлоў: ) “Я проста засяродзіўся на тым, што было нявыдадзена, і заняўся выдавецкім працэсам, які аказаўся таксама цікавым. Асабліва калі прыгадаць, што мае апошнія кнігі з пэўных прычынаў друкаваліся за мяжой. “Краіна Беларусь”, якую мы рабілі разам з мастаком Зьмітром Герасімовічам, пабачыла сьвет у Славакіі, новае выданьне апавяданьняў з гісторыі Беларусі “Адкуль наш род” — у Вільні, зборнік падарожных эсэ “Адкусі галаву вароне” — я нават ня ведаю дагэтуль — дзе, ведаю толькі, што ў сэрыі “Вострая Брама”. А вось кніга “Ордэн Белай Мышы” нечакана для мяне выйшла ў дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Я ўдзячны супрацоўнікам выдавецтва, хоць яны часам і вымушаны былі агучваць дзіўныя пытаньні да мяне. Напрыклад — чаму мой кароль з апавяданьня “Ордэн Белай Мышы” займаецца спортам? Чаму ён час ад часу праводзіць рэфэрэндумы? Або чаму мядзьведзі ў апавяданьні “Маша й мядзьведзі” зьелі менавіта расейскую дзяўчынку?..”

(Скобла: ) “Калі аднаго з герояў кнігі “Ордэн Белай Мышы”, дарэчы, пісьменьніка, кароль хоча ўзнагародзіць і абяцае сваю апеку й абарону, творца адмаўляецца. Чаму твой герой гэткі няўдзячны?”

(Арлоў: ) “Няўдзячная таксама й справа — тлумачыць паводзіны сваіх літаратурных герояў. Хай пра гэта падумаюць мае чытачы. Мне хацелася б, каб сярод іх былі й тыя, хто прыняў узнагароды рознага кшталту з рук героя найноўшай беларускай гісторыі, аналёгіі зь якім так зацята шукалі ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”.”

(Скобла: ) “У яшчэ адной тваёй новай кнізе, якая называецца “Адкусі галаву вароне” і складаецца, як ты ўжо сказаў, з падарожных эсэ, я заўважыў увесьчасна ўжываны матыў ці прыём. Гэта — выкпіваньне расейскіх турыстаў, зь якімі даводзілася апынацца ў адной групе, падкрэсьліваньне іхных ня лепшых якасьцяў. І ледзь ня ў кожным творы. Ты гэта робіш сьвядома, ці — подзьмух натхненьня, і творчы працэс некіроўны?”

(Арлоў: ) “Паўтараецца ня столькі матыў ці прыём, колькі паводзіны саміх расейскіх турыстаў зь іхнымі тыповымі й, на жаль, ня лепшымі хібамі. Гэта нават не расейскія, а расейскамоўныя турысты, якія зьяўляюцца носьбітамі савецкага мэнталітэту з адпаведнымі комплексамі. Я тут узгадаў бы словы Ўладзімера Высоцкага зь яго вядомай песьні: “Проникновеньне наше по планете особенно заметно вдалеке — в общественном парижском туалете есть надписи на русском языке”. Можна лёгка здагадацца, якія там напісы…”

(Скобла: ) “Расея — задніца Эўропы” — чытаю я ў кнізе “Адкусі галаву вароне”. Не ўяўляю, як такое можна выдаваць у Маскве. Ты не перажываеш, што за гэткія мэтафары цябе ня будуць перакладаць на расейскую мову?”

(Арлоў: ) “Далей за цытаванымі табой словамі ішло маё тлумачэньне, што для чалавечага арганізму гэтая частка цела таксама неабходная. Іншая рэч — як да яе ставіцца. А што да перакладаў і да выданьняў у Маскве, то празьмернага піетэту перад перакладамі на “великий и могучий” у мяне ніколі не было. Гэтыя пераклады, у адрозьненьне ад маіх некаторых калег, не стаялі для мяне на першым месцы. Дарэчы, упершыню зь беларускай мяне пераклалі на эстонскую (выдатны эстонскі перакладнік Олеў Йыгі, потым былі пераклады Альмы Лапінскене на літоўскую, а потым ужо — на расейскую.

Калі ў маскоўскім выдавецтве “Молодая гвардия” выйшла па-расейскую мая кніга прозы “Пока не погасла свеча”, я пазнаёміўся зь перакладнікам Пяцібратавым. Яму лепш падыйшло б прозьвішча Прайдзісьветаў. Гэты маскоўскі літаратар чамусьці лічыў, што бліскуча ведае беларускую мову. Але “запалкі” ён перакладаў як “зажигалкі”, а “кажанаваты шляхціч” ператвараўся ў яго ў “летучую мышь”. Пасьля такога досьведу я некалькі разоў перакладаў на расейскую самога сябе. Апошім разам гэта была кніга “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі”, напісаная разам з Генадзем Сагановічам. Але, скажу шчыра, вялікага натхненьня ад такой працы я не адчуваю”.

(Скобла: ) “Твае творы сапраўды шмат перакладаліся, у тым ліку й на ангельскую — зразумелую для паловы сьвету — мову. Відавочна, што шлях да чытача ці колькасьць чытачоў некаторых пісьменьнікаў хвалюе асабліва й прымушае пісаць на іншых мовах. Паэтка Вольга Куртаніч пачала пісаць вершы па-расейску, Алесь Разанаў — па-нямецку. Тут можна паўтарыць вядомае багушэвіцкае “не пакідайце…”, а можна схарактарызаваць гэта як зьяву нармальную. А ты як мяркуеш?”

(Арлоў: ) “Вольга Куртаніч — расейка з паходжаньня, у яе відавочная расейская мэнтальнасьць. Яе расейскамоўныя вершы падаюцца мне больш шчырымі, чым беларускія. Аднак ня думаю, што яе пераход на расейскую мову дадасьць ёй чытачоў. Такіх паэтак у расейскай паэзіі безьліч.

Што да Алеся Разанава, то я думаю, што ён мае той своеасаблівы паэтычны талент, які дазволіць яму пісаць на любой мове, якую ён вывучыць. Ня хочацца, вядома ж, думаць, што Алесь напісаў кнігу па-нямецку толькі з пачуцьця ўдзячнасьці за магчымасьць жыць і працаваць у Нямеччыне. А праблема, пра якую мы гаворым, значна больш шматстайная. Я прыгадаў зараз, відаць, невыпадкова, Мілана Кундэру — чэскага пісьменьніка-інтэлектуала, які даўно пакінуў Чэхію, жыве ў Парыжы й піша цяпер па-француску. Але мне думаецца, што Кундэра выразна ўсьведамляе, што чэскай мове сёньня нічога не пагражае. Вось цікава было б, на якой мове ён бы пісаў, каб такая пагроза існавала”.

(Скобла: ) “У свой час Генрых Бёль гаварыў: “Чым далей пісьмовы стол ад айчыны, тым лепш для пісьменьніка”. Твой стол нязрушна стаіць у цэнтры беларускай сталіцы. Бёль памыляўся?”

(Арлоў: ) “Ведаеш, мне больш падабаецца выказваньне Вальтэра. Ён аднойчы заважыў, што літаратару найлепей жыць як мага бліжэй да мяжы, каб у патрэбны момант эміграваць. Мой стол сапраўды стаіць у цэнтры сталіцы, насупраць Нацыянальнага музэя гісторыі, насупраць гарматаў на ягоным ганку. А наконт падтэксту твайго пытаньня, ці ёсьць у мяне намер выехаць за мяжу… Паўтаруся — толькі па этапе, але спадзяюся, да гэтага ня дойдзе”.

(Скобла: ) “Беларускі чытач, безумоўна, любіць і чытае Арлова-празаіка, але, нагадаю, у творчым заплечніку Ўладзімера і дзьве паэтычныя кнігі. Напісаныя яны вольным нерыфмаваным вершам. А Роберт Фрост калісьці заўважыў, што пісаць вольным вершам — гэта як гуляць у тэніс пры апушчанай сетцы. Адкуль у цябе такая нелюбоў да рытму й рыфмы?”

(Арлоў: ) “А можа, гэта не нелюбоў, а настолькі глыбокая павага, ці можа, і любоў, што я яшчэ толькі мару падступіцца да рыфмаў. Каб у нашых слухачоў не было сумлеву, што я абсалютна талерантна, калі не сказаць больш, стаўлюся да рыфмаў і рытму, я магу працытаваць свой юначы, наіўны, але абсалютна шчыры, а таму дарагі мне й цяпер верш:

Пакуль жыву — люблю Айчыну,

Яе лясы і мурагі,

І сьмех сланечнікаў ля тыну,

І мовы водар дарагі.

Нясу я ў сэрцы казку маці,

Зь якой калыску калыхала,

І тонкі пах аеру ў хаце,

І нашы песьні на Купальле.

Гэта адзін зь першых маіх літаратурных опусаў, за які я, тым ня менш, атрымаў на студэнцкім літаратурным конкурсе, які праводзіла газэта “Беларускі ўнівэрсытэт”, прэмію памерам 30 рублёў, якую прагуляў у рэстарацыі “Патсдам” са сваім сябрам і са сваёй будучай жонкай Валянцінай Аксак”.

(Скобла: ) “Існую нямала непрывабных вызначэньняў палітыкі, што дае падставу лічыць яе ці ня самай нізкай праявай духоўнага жыцьця. А што ў такім разе — найвышэйшая праява?”

(Арлоў: ) “Я не палітык, а літаратар, і скажу пра тое, чым я прафэсійна займаюся. Літаратура для мяне — гэта тэрыторыя свабоды, і гэтага мне дастаткова”.

(Скобла: ) “Прымі, Уладзімер, віншаваньні зь 50-годзьдзем! Хочацца спадзявацца, што будучая краіна Беларусь будзе падобнай на колішнюю, апісаную ў тваёй цудоўнай кнізе “Краіна Беларусь”…”

(Арлоў: ) “Дзякуй. У нашай гісторыі тыя пэрыяды, якія потым называюць “залатым векам”, маюць уласьцівасьць паўтарацца прыкладна празь 500 гадоў. Глядзі: XI стагодзьдзе — узьлёт Полацкага княства ў часы Ўсяслава Чарадзея; XVI стагодзьдзе — росквіт беларускай культуры ў Вялікім Княстве Літоўскім. І вось мы дажылі да стагодзьдзя XXI-га. Прайшло яшчэ 500 гадоў. Няхай жа XXI стагодзьдзе стане яшчэ адным “Залатым векам” для Беларусі!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG