На 2003 год прыпадае дзьве даты. У 1933-м у Нямеччыне да ўлады прыйшла нацыянал-сацыялістычная партыя і райхсканцлерам стаў Гітлер. А сто гадоў таму, у 1903-м, на другім зьезьдзе РСДРП у Лёндане бальшавікі вылучыліся ў асобную фракцыю і такім чынам заявілі пра сябе на палітычнай арэне. Разбуральную дзейнасьць і нямецкіх нацыянал-сацыялістаў, і расейскіх бальшавікоў Беларусь зазнала ў поўнай меры. Што іх аб’ядноўвала, якой была іх прырода і якія мэтады выкарыстоўвалі яны ў сваёй працы? Пра гэта мы сёньня пагаворым з палітолягам, кандыдатам філязофскіх навук Уладзімерам Падголам.
(Міхась Скобла: ) “Уладзімер, дык што іх яднала — нямецкіх нацыянал-сацыялістаў і расейскіх бальшавікоў?”
(Уладзімер Падгол: ) “І тыя, і другія прыходзілі да ўлады на хвалі народнага даверу. Але гэта не рацыянальны давер, не давер чалавека, які прыводзіць ці выслухоўвае нейкія аргумэнты. Гэта давер, які будуецца на старажытных інстынктах. Гэта калі ў партыйным лідэры абуджаецца пэўны архетып — чалавечая памяць, правобраз жыцьцядзейнасьці сваіх продкаў. І гэта спрацоўвае, калі народная маса мае жывёльны сэнс існаваньня.
Згадайма, у час прыходу Гітлера да ўлады беспрацоўе ў нейкі момант складала 5 мільёнаў чалавек, не хапала сродкаў нават на ежу. Вы ведаеце, дзе адбываліся асноўныя палітычныя дыспуты між нямецкімі камуністамі й нацыстамі? У чэргах, дзе яны стаялі па пахлёбку! Народ іх слухаў і заводзіўся. І менавіта ў гэтых чэргах высьпявала патрэба ў лідэры”.
(Скобла: ) “Эрых Фром, дасьледчык дэструктыўнай дзейнасьці Гітлера, падае гэткія лічбы. У 1933 годзе ў Нямеччыне сацыялягічныя апытаньні паказалі, што прыхільнікаў аўтарытарызму было каля 10%, столькі ж было й праціўнікаў. Але ўсяго празь некалькі гадоў колькасьць першых значна ўзрасла. Якія тут могуць быць тлумачэньні?”
(Падгол: ) “Сацыёлягі дасьледуюць рацыянальны пласт мэнталітэту людзей. Вось людзі атрымалі паперку, дзе напісана разумнае пытаньне, і яны на разумнае пытаньне даюць разумны адказ: за аўтарытарызм ты ці за дэмакратыю. Але людзі падчас выбараў разважаюць не рацыянальна. Яны ў пэўных палітычных лідэрах бачаць збаўцу ад усіх няшчасьцяў”.
(Скобла: ) “Але ж тады не было тэлебачаньня, не было магчымасьці шырока трансьляваць вобраз збаўцы. У павэрсальскай прыніжанай Нямеччыне зьяўляецца лідэр, які кідае ў натоўп: “Deutshland uber alles!” І мільёны людзей паслухмяна ўскідваюць руку для фашысцкага вітаньня. Як так хутка мог зьявіцца грамадзкі ідал?”
(Падгол: ) “Гітлер быў першы палітык-працаўнік. Ён на самалёце пакрываў усю Нямеччыну. Ён практычна не вылазіў з самалёта, яго каманда такіх тэмпаў не вытрымлівала. Гітлер — першы палітык, які актыўна выкарыстоўваў у сваіх мэтах сродкі масавай інфармацыі. Як толькі ён прылятаў у нейкі горад, адразу ж выкарыстоўваў радыё. А потым па Нямеччыне распаўсюджваліся чуткі пра ўсюдыіснага, нястомнага палітычнага лідэра”.
(Скобла: ) “Патрэбу ў цьвёрдай руцэ, патрэбу ў асобе, якая возьме на сябе адказнасьць за ўсё, можна акрэсьліць тэрмінам патэрналізм. Наколькі беларусы — патэрналісцкі народ? Вунь Янка Купала яшчэ ў 1919 годзе пісаў: “На ўладара жджэ Беларусь даўно…” І рэфрэнам праз увесь верш — “прыйдзі, ўладар! прыйдзі, ўладар! прыйдзі, ўладар!”
(Падгол: ) “Тут справа хутчэй у абставінах, якія склаліся ў Нямеччыне ў 1930-я гады, у Беларусі ў 1990-я. Нямецкі й беларускі народы былі тоесныя ва ўмовах існаваньня. Ну, пра сябе мы ведаем. Давайце пагаворым пра немцаў. Немцы ў той час не ўяўлялі, што можна ганарыцца сваёй нацыяй, сваёй прыналежнасьцю да Нямеччыны”.
(Скобла: ) “Але лёзунг “Deutshland uber alles” быў прыдуманы не ў 30-я гады, яму як мінімум гадоў 150”.
(Падгол: ) “Немцы, якія галадалі, жылі ў нэндзе, не маглі жыць паводле гэтага лёзунгу. Яны зайздросьцілі ўсяму сьвету, усёй Эўропе, нават у адзеньні пераймалі ангельцаў. Немцы былі запалоханым, жабрацкім народам. Звычайнай практыкай было ў 1920-я гады, калі француз у нямецкім горадзе зганяў немца з ходніка на праезную частку пугай! Гэта было нормай. Бо французы панавалі ў цэлых рэгіёнах, і немцы для іх рабамі былі! Пугай сьцябалі, зганялі з ходнікаў! Якое там “Нямеччына вышэй за ўсё”!
(Скобла: ) “Патэр ці бацька павінен клапаціцца пра сваю сям’ю, свой народ. А Аляксандар Лукашэнка час ад часу заяўляе: гэта мая Масква, гэта мой Ленінград і нават гэта мае сэрбы. Чаму чужое — таксама маё?”
(Падгол: ) “Для савецкіх беларусаў гэта не чужое. Лукашэнка ў адрозьненьне ад усіх палітыкаў улучна з Пуціным выкарыстоўвае ня толькі старажытныя архетыпы, але й нэоархетыпы, якія склаліся падчас панаваньня савецкай улады. І калі ён кажа мая Масква, так, для савецкіх беларусаў гэта мая Масква. І калі ён кажа мая Югаславія, — так, для большасьці савецкіх беларусаў яна сапраўды мая. Бо ў мазгах гэтых беларусаў жыве савецкая імпэрыя, калі ўвесь сьвет быў наш.
І калі савецкая зборная па хакеі станавілася чэмпіёнам сьвету, чэмпіёнам станавіліся й беларусы, які сядзелі пры тэлевізарах. І Лукашэнка працуе на гэтых нэоархетыпах. Памятаеш яго нядаўняе інтэрвію айчынным СМІ? Падчас яго не было абуджана ніводнага архетыпу, і Лукашэнку было не пазнаць. Проста мерцьвячына нейкая вяшчала з тэлевізара! І для людзей, якія звыклі бачыць яго ў вобразе архетыпу, гэта быў на той момант ну проста палітычны нябожчык. І Лукашэнка фантастычна прайграў тым выступам!
Калі лідэр абуджае ў людзях пэўны архетып, яны яго сілкуюць, зараджаюць. І тут ужо прыродная здольнасьць патрэбная, каб успрыняць гэтую энэргію масаў. Простай мовай кажучы, лідэр узбуджаецца, проста вар’яцее. Менавіта так вар’яцеў Гітлер, так, пэўным чынам, амаль вар’яцее Лукашэнка, такім жа вар’ятам быў Сталін. Але яго паводзіны былі абсалютна іншыя.
У Сталіна быў абуджаны архетып каменя. Ён вар’яцеў, але ў яго пры гэтым камянеў твар, “камянела” мова, мімікі ніякай не было. Але пры гэтым у душы бушавала нянавісьць, і гэтая нянавісьць праяўлялася потым, калі ён нішчыў сваіх сяброў, зьдзекаваўся з жонак сваіх блізкіх і падначаленых. А ў Гітлеры быў абуджаны архетып бога Вотана. Гэта бог буры, штурму, націску.
А ў Лукашэнку ў 1994 годзе і падчас нядаўняга зьняцьця прэм’ера Навіцкага абуджаўся архетып бога Перуна. Праява Перуна — гэта калі раз на год, у вераб’іную ноч, усе злыдні й нячысьцікі зьбіраюцца на свой сход, лезуць з-пад зямлі, каб абраць сабе кіраўніка. І ў гэты час Пярун б’е іх маланкамі, заганяе назад пад зямлю, бо зьнішчыць зусім іх ня можа. Вось гэта тыповы архетып Перуна. Паглядзіце на Лукашэнку — публічныя грымоты, маланкі над галовамі падначаленых… Усё, справа зробленая — патрапіў на глебу беларускага мэнталітэту!”
(Скобла: ) “Паколькі гаворка пайшла пра багоў Вотана й Перуна, давай закранем тэму адносінаў дыктатараў да Бога. Лёзунг “Got mit uns” — З намі Бог, ён жа шанаваўся й пры Гітлеры. Сталін, хоць і колішні вучань духоўнай сэмінарыі, быў атэістам. Усходнія дыктатары заўсёды дзейнічаюць ад імя Алага. Атрымліваецца, тут няма пэўных заканамернасьцяў?”
(Падгол: ) “Няма. Але прыгадайце паводзіны Сталіна ў першыя месяцы вайны, калі саветы цярпелі паразу за паразай. Архетып сталінскі разваліўся, людзі пераставалі яму верыць. І Сталін зьвяртаецца да Бога, праводзяцца малебны ў храмах, царкве даюцца прывілеі. А ў сёньняшняй Беларусі склалася ўвогуле ўнікальная сытуацыя. Шматканфэсійнасьць паставіла Лукашэнку ў такія ўмовы, што ён нібы трошкі вышэй за самога Бога. Кіруючы канфэсіямі, выдзяляючы праваслаўе й г.д., ён нібы бярэ на сябе пэўныя Божыя арганізацыйныя функцыі”.
(Скобла: ) “Яшчэ адзін аспэкт: дыктатар і сям’я. І ў Сталіна, і ў Гітлера сямейныя адносіны ня склаліся. Што, сям’я замінае ўладарыць?”
(Падгол: ) “Для ўладара, для дыктатара самы вялікі сэнс жыцьця — гэта народ. І ўсё, што замінае зносінам з народам (жонка, дзеці й г.д.), павінна быць адсунута ўбок. Дыктатары без усялякай псыхалягічнай навукі разумеюць, што яны патрэбныя народу безь сям’і, не прыватазаваныя жонкамі. Паглядзіце на дзяцей Лукашэнкі — сядзяць ціха, як мышы, бо бацька сказаў — ня дай бог высунецеся, прыб’ю! Народ ня хоча бачыць паміж сабой і лідэрам некага яшчэ. Лідэр павінен належаць яму цалкам”.
(Скобла: ) “Час падвесьці рысу ў нашай гутарцы. Атрымліваецца, што дыктатура — зьява інтэрнацыянальная. І калі зьяўляюцца спрыяльныя ўмовы, у пэўны час, у пэўным месцы абавязкова мае зьявіцца дыктатар?”
(Падгол: ) “Так. І найпершая ўмова для зьяўленьня дыктатара — народ павінен быць разгублены, у яго мае быць выцерты сацыяльны пласт сьвядомасьці, гэта значыць, узьнікае недавер да ўсіх грамадзкіх і сацыяльных структураў. У народа абуджаецца ніжэйшы пласт мэнталітэту і зьяўляецца чаканьне цудатворцы, ідала-асілка. Потым яшчэ адзін істотны момант. Дыктатар у пэўны момант як бы прыпісвае сабе недахопы народу, дэманструе іх публічна. Самы яскравы прыклад — Лукашэнка размаўляе на трасянцы, як і пераважная бальшыня народу. Гітлер часам паводзіў сябе як блазан, тыповая манера паводзінаў немцаў на той час, асабліва за мяжой. І вось гэта як цэмэнт змацоўвае любоў народа да дыктатара”.