Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Сыс: “Я яшчэ ня попел і ня прысак”


Міхась Скобла, Менск

Апошнім часам Анатоль Сыс рэдка зьяўляецца на публіцы. Пачуўшы гэта, нехта з палёгкаю ўздыхне, прыгадаўшы яго з каструляй баршчу ў паважаным прэзыдыюме ці няўседлівым і вечна абураным у шматлюднай залі. Але найбольшую трывогу выклікала тое, што падобныя дзівацтвы рабіліліся ледзь не адзіным сродкам самавыяўленьня для таленавітага паэта. А таму выхад у сьвет яго новай кнігі зацікавіў чытачоў — ну няўжо Сыс не зьмяніўся, не ўзяўся нарэшце за розум? Калі паэт прыйшоў у “Вольную студыю”, наша гутарка пачалася з абмеркаваньня кнігі, якая і сваёй назвай, і мастацкай аздобай падказала першыя пытаньні.

(Міхась Скобла: ) “Анатоль, з тваім новым зборнікам будуць мець клопат бібліёграфы, рэгіструючы яго ў каталёгах. Аўтар — Сыс, назва таксама — “Сыс”. Навошта ты й тут стварыў праблему?”

(Анатоль Сыс: ) “Я ў гэтым не вінаваты. Я хацеў назваць кніжку “Лён”. Але яе афармляў мастак Аляксей Марачкін, і ён прапанаваў назваць яе “Сыс”. А мне што? Кажу — назаві мяне хоць чыгуном, толькі ў печ ня стаў. Сказаў гэтак ды й паехаў дамоў, у вёску Гарошкаў Рэчыцкага раёну. Мама мая хварэе моцна, і таму я павінен быць пры ёй. А прыехаў — і мяне паставілі перад фактам: кніжка выйшла й называецца “Сыс”. Я быў вельмі шчасьлівы, і ўсе мае аднавяскоўцы й сябры. Яны таксама ўсе нацыяналісты, як і я”.

(Скобла: ) “На вокладцы тваёй кнігі зьмешчаны фотакаляж — Сыс углядаецца ў Сыса. Што ты бачыш, паглядзеўшы на сябе збоку?”

(Сыс: ) “Што я бачу… Сыс — гэта нарцыс, так мяне заўсёды рыфмуюць. Але я не нарцыс. Прайшоў той час, калі я быў маладым і вельмі раўнівым у паэзіі. А цяпер прачытаю чые-небудзь вершы, прыкладам, Віцькі Шніпа, ён сто вершаў за год піша, прачытаю й калі знайду хоць адзін радок прыгожы, дык бегаю, усіх сяброў сваіх клічу й хвалюся: во, як Віцька напісаў! Быццам бы сам напісаў, я крэпка рады. Раўнівасьць у мяне прайшла ў паэзіі. Ужо ня той узрост. Во, мне 26 кастрычніка споўнілася 44 гады.

А каляж той прыдумаў таксама Марачкін. Ён, мабыць, паленаваўся маляваць. Паклікаў сына Ігара, ён таксама мастак. Той прыйшоў зь лічбавай фотакамэрай, я распрануўся да поясу, яны мяне фатаграфавалі. А потым далі здымкі на вокладку. А мне й так добра”.

(Скобла: ) “Ты цяпер жывеш пераважна ў Гарошкаве. Са сталічнай мітусьні — у вясковую заціш. Ня сумна?”

(Сыс: ) “Не, гарошкаўцы — цікавыя людзі. Гарошкаў стаіць на Дняпры, гэтым летам я крэпка рыбу лавіў. Была нядаўна такая гісторыя. Да нас з Гомельскага ўнівэрсытэту студэнты прыяжджалі народную творчасьць запісваць. Знайшлі гарошкаўскага дзеда Грынцю. Дык ён ім тры касэты нагаварыў сваіх вершаў.

Яны прыйшлі да мяне пахваліцца. Я кажу — урубіце мне запіс. Паслухаў-паслухаў ды й кажу: “Дурні вы такія. Няўжо вы ня ведаеце беларускую літаратуру?” А дзед Грыньця начытаў ім з Багушэвіча, зь Якуба Коласа… У мінулую вайну ён быў артылерыстам, і яго кантузіла пад Бэрлінам. Застаўся адзін пры гармаце й адстрэльваўся ад фашыстаў. Ён цяпер глухі, але памяць такую мае! Ня тое што я — толькі некалькі ўласных вершаў памятаю. Вось такі ў нас “народны паэт” дзед Грынця. І такіх багата ў Гарошкаве.

Але сёньня мой Гарошкаў, а, мабыць, і ўся Беларусь, дажыліся да таго, што ўсе маладыя людзі п’юць. А як толькі нап’юцца — адна размова: каб не было гэтага (ня буду мацюгацца) Лукашэнкі. Ён загнаў нас у кут. Ой-ёй, я ня ведаю… На нядаўнім пісьменьніцкім зьезьдзе я надпісаў і перадаў яму сваю кніжку з гэткім надпісам: “Алесь, любі Беларусь, любі сваю маці. Яна ў цябе старэнькая, як і ў мяне. Дык беражы яе!”

(Скобла: ) “Я памятаю тваю маці ў перапоўненай залі Дому літаратараў, дзе адбывалася прэзэнтацыя зборніка “Пан Лес”. Мне здаецца, яна была тады шчасьлівай. Тваё жыцьцё ў вёсцы мае сялянскі ўклад, ці вярнуцца да яго ў цябе няма змогі?”

(Сыс: ) “У нас ёсьць невялікая гаспадарка: карова, певень, пяцёра курэй і чатыры каты. У маці пэнсія — семдзесят тысяч рублёў. Я нідзе не працую, мне за вершы нічога ня плацяць. Кніжка выйшла толькі дзякуючы спонсару — маёй сяброўцы Валянціне Якімовіч. Дзяржаўнае выдавецтва ніколі б ня выдала”.

(Скобла: ) “А хто займаецца гаспадаркай? Карове сена трэба накасіць, ды й падаіць…”

(Сыс: ) “Бывае, сястра з Рэчыцы пад’едзе, падоіць, а так — даводзіцца самому, навучыўся. Матцы восемдзясят гадоў споўнілася, яна хворая ляжыць. Няма сілы карову трымаць, будзем прадаваць”.

(Скобла: ) “У Менску засталіся твае чытачы. А ў Гарошкаве ці чытаеш ты каму свае вершы, ці маеш з кім пагаварыць пра літаратуру?”

(Сыс: ) “Усім здаецца, што простыя людзі далёкія ад літаратуры й увогуле ад культуры. А насамрэч, як толькі сядзем пагаварыць, усе просяць, каб я пачытаў, усім хочацца ўзвышанага ў гэтым сьвеце. А яны мне за гэта ў якасьці ганарару пад’есьці дадуць, калі ў мяне няма, а часам і чарку нальюць. Калі ў іх няма пад’есьці — я зь імі дзялюся, малака ім прынясу. Так мы й жывем, дзелімся, адзін не пражывеш”.

(Скобла: ) “Памятаю, як ты гаварыў — вось выйдзе кніжка, і я пачну новае жыцьцё: кіну піць, блазнаваць, пачну пісаць. Кніжка выйшла, а новае жыцьцё пачаць не ўдаецца. Ці ты не спрабуеш?”

(Сыс: ) “Як Бог дасьць. Нядаўна ў мяне быў Алег Бембель — цяпер брат Мікалай — з Жыровіцкага манастыра. Дарэчы, ён асьвяціў маю кватэру, хоць пастрыжаныя манахі й ня маюць на гэта права. Але я яму ўдзячны за гэта. “Пути Господни неисповедимы”, — як кажуць расейцы…”

(Скобла: ) “Яны яшчэ кажуць: на Бога надейся, а сам не плошай. А па-беларуску гэта будзе — на Бога спадзявайся, але й сам старайся…”

(Сыс: ) “Я згодзен. Усе людзі такія радыя, што ў мяне кніжка выйшла. Усе так у мяне вераць. Я буду пісаць — так адчуваю па сабе, па сваім нутры”.

(Скобла: ) “Даводзілася чуць, што кампанія па спойваньні Сыса была сплянаваная ледзь не ў кабінэтах КГБ. І сапраўды, ты часта заседжваўся ў застольлях з малазнаёмымі людзьмі. А сам ты што думаеш пра сваё пакланеньне шкляному богу?”

(Сыс: ) “Ды ніхто мяне ня спойваў. Гэта спадчыннае. Бацька ў мяне піў, браты мае п’юць, родзічы ўсе п’юць, апрача жанчын. Мужчынская палова п’е. Я быў народжаны на 50% спэрмаю і на 50% гарэлкаю. І ад гэтага нікуды не падзенесься”.

(Скобла: ) “Чытаючы тваю новую кніжку, я лавіў сябе на думцы, што тэксты выпалі з кантэксту часу. Альбо час зь іх выпаў — ці ня ўсё адно. І толькі верш “Беларускія Ікары” разануў двума радкамі: “Ёсьць, Ікары, ёсьць і ў вас сталіца. Там тыран накрыў для вас сталы…” Ці тыран у цябе тут — вобраз абагульнены?”

(Сыс: ) “Абагульнены. Тыраны былі, ёсьць і будуць. І нічога з гэтым не паробіш. (Ажыўлена.) Але Лукашэнка — не тыран. Ён ня тое, што заблудзіўся, у яго — амбіцыі. І няхай ён кіне свае амбіцыі. У нас адная Радзіма, у нас адная зямля і адзін хлеб”.

(Скобла: ) “Ну, калі ты ўжо такі неабыякавы да Лукашэнкі, то наступнае пытаньне акурат пра яго. Месяцы з два таму ў газэтах быў апублікаваны рэйтынг кіраўніка Беларусі, сацыёлягі цьвердзяць, што нібыта чарговым разам ён упаў. А як па тваіх вясковых назіраньнях?”

(Сыс: ) “Пастараюся сказаць аб’ектыўна. У маім Гарошкаве дзесьці адсоткаў 60 супраць Лукашэнкі, астатнія “за”. Абыякавых мала. Чаму так шмат “за”? Відаць, таму, што наш калгас “Савецкая Беларусь” — адзін з самых багатых. У нас камбайнэры Ярыловічы штогод займаюць прызавыя месцы на ўборцы збожжа. Аўтамабілі ім давалі, матацыклы, лядоўні. Нашыя людзі сапраўды працуюць, хто працаваць хоча. Трактарысты атрымліваюць па дзьвесьце тысяч, пастухі — па сто пяцьдзесят тысяч. Нармалёва, пражыць можна.

Але нядаўна да нашага калгасу прыядналі суседні калгас “Сьвірыдавічы”, які разваліўся, дык у нашага старшыні інфаркт быў — чым ім заробак плаціць?”

(Скобла: ) “У тваёй менскай аднапакаёўцы — запусьценьне. Ствараецца ўражаньне, што й кніжкі, якія стаяць на паліцах, ты ў рукі не бярэш. Няма патрэбы чытаць, ці няма тых кніжак, чытаць якія ёсьць патрэба?”

(Сыс: ) “Чаму, я чытаю. Гарошкаўскую бібліятэку я напалову ўжо прачытаў. Праўда, да мастацкай літаратуры апошнім часам мала зьвяртаюся, чытаю больш газэты. З матчынай пэнсіі выпісаў “Народную Волю”. У суседа бяру “Советскую Белоруссию”. А калі няма чаго пачытаць, дык гарэлку чытаю. А самае лепшае чытаньне — сустрэцца й пагаварыць з нармалёвым, цьвярозым чалавекам, сябрам”.

(Скобла: ) “Калі выходзілі твае зборнікі “Агмень” і “Пан Лес”, усе крытыкі адзначалі ў іх паганскія матывы. Думаю, з такім жа посьпехам там можна было адшукаць і матывы хрысьціянскія. А якое ў цябе стаўленьне да рэлігіі, да Бога?”

(Сыс: ) “Калі я вучыўся ў Гомельскім унівэрсытэце, дык зьбіраў абразы. У мяне іх было каля сямідзесяці! Я з-за іх ледзь вучобу ня кінуў, яны мне нават сьніліся. А потым я падараваў сваю калекцыю ў Гомельскі краязнаўчы музэй — цэлы аўтобус напакавалі. Я сабе пакінуў чатыры ўсяго, ды й тое потым сябрам раздарыў. Цяпер у мяне ў менскай кватэры толькі адзін абраз — зь вёскі Холмеч Лоеўскага раёну”.

(Скобла: ) “А ці ёсьць у Гарошкаве царква?”

(Сыс: ) “Не, няма, ёсьць у суседняй вёсцы. Нядаўна пабудавалі. Дарэчы, Аляксей Марачкін падараваў маёй маці Марыі абраз уласнай работы — “Маці Божая Чарнобыльская”. Дык я маму ўгаварыў перадаць яе ў новазбудаваны храм, там жа сьцены голыя былі. Абраз той там цяпер і вісіць, недалёка ад алтара.

Я веру ў Бога. Але ў царкву хаджу рэдка, гады ў рады. Калі вельмі-вельмі цяжка на душы. Дык калі прыпрэ, я бягу ў царкву. Было такое, што прыбягаю й на калені станаўлюся… (Уздыхае.) Але лягчэй мне ўсё адно ня робіцца. Мабыць, я крэпка зграшыў у гэтым жыцьці…”

(Скобла: ) “Я яшчэ ня попел і ня прысак…” — пішаш ты ў сваёй новай кніжцы, якая й сталася нагодаю для нашай гутаркі. Што падтрымлівае твой прыцьмелы творчы агмень сёньня, не дае яму перадчасна патухнуць?”

(Сыс: ) “Матка мая. Яна сказала: “Толік, я буду жыць, пакуль ты жывеш”. І таму, калі выйшла кніжка, я адразу прынес яе маці. Яна была радая. Мама, для цябе я пачытаю такі верш, можа, ты яго й ня чула:

На твары шчаціньне, як пожня жытнёвая,
вочы — праталіны мутнай вады…
— Мілы сынок мой, пачні жыцьцё новае,
грэх блазнаваць у Хрыстовы гады.

— Мама, я рады б — як пчолы на ліпень,
музы лятуць на хмяльнога мяне.
Жыць без паэзіі — гэта ж пагібель!
Жыць безь віна? Гэта ж сьмерць удвайне.

Хто ж вінаваты, што аж з нараджэньня
зь мёдам смакчу я зь цябе малако?
Ведаю, сохне паціху карэньне,
хоць і жывеш над Вялікай Ракой.

Ну і няхай музам колкая пожня,
горкія вусны мае, дык няхай.
Мама, такога народзіць ня кожная,
мама,
не перажывай!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG