Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Пашкевіч: “Я буду раіцца зь літаратурнымі аксакаламі”


Міхась Скобла, Менск

ХIV-ы пазачарговы зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў рыхтаваўся ў няпростых умовах. Блытаў карты інсьпіраваны ўладай “аркамітэт”, прэтэндэнтаў на пасаду старшыні аднаго за другім выклікалі на інструктаж у адміністрацыю прэзыдэнта.

Кіраўніка пісьменьнікам, як і ў колішнія, савецкія, часы, паспрабавалі прызначыць там. Але літаратары нечакана не пагадзіліся з такім раскладам і сваім старшынём урэшце абралі вылучэнца дэмакратаў і незалежнікаў Алеся Пашкевіча, які сёньня завітаў да нас у “Вольную студыю”.

(Міхась Скобла: ) “Алесь, прымі віншаваньні, а гутарку нашу мне хочацца пачаць вось з чаго. У адной з нашых перадачаў гучала перасьцярога, што карабель пад назовам “Саюз пісьменьнікаў”, 1934 году выпуску, марудна, але няўхільна ідзе на дно. І вось на караблі зьявіўся новы капітан, і гэты капітан — ты. Курс на дно адмяняецца?”

(Алесь Пашкевіч: ) “Дзякуй за віншаваньне. Я ўпэўнены, што курс на дно ўжо адменены — пісьменьніцкім зьездам 24 верасьня. Наагул, караблі з 30-х гадоў ужо адхадзілі сваё, некаторыя — пад вадой, некаторыя стаяць, як музэі. Я зраблю ўсё магчымае, каб гэты аграмадны карабель з надпісам на борце “Саюз беларускіх пісьменьнікаў”, на якім разам са мной больш за паўтысячы чалавек, не пайшоў пад ваду, каб яго ня выкінула на бераг ніякімі бурамі й штормамі”.

(Скобла: ) “Ты самы малады кіраўнік Саюзу пісьменьнікаў за ўсю гісторыю яго існаваньня. Пэўна ж, трыццацігадоваму старшыні будзе няпроста ачольваць шматлікую творчую арганізацыю. Што надае табе ўпэўненасьці ў сваіх сілах?”

(Пашкевіч: ) “Кардынальна новая сытуацыя. Кіраўнік Саюзу пісьменьнікаў сёньня ўжо не капітан, а каардынатар, рэгуліроўшчык. Перад сабой я бачу шмат задачаў, і сябе — акурат у ролі рэгуліроўшчыка. А тыя старэйшыны, якія даверылі мне накіроўнае жазло, — яны тая найвышэйшая інстанцыя, якая правярае, ці ў правільным кірунку мною тое жазло будзе ўзьнятае.

Гэта з 1934 году кіраўнік Саюзу быў своеасаблівым начальнікам над літаратурай і пісьменьнікамі. Сёньня сытуацыя іншая, і павінныя адбыцца рэформы, рэарганізацыя піьменьніцкай суполкі ў дэмакратычным кірунку. Што датычыць маладога ўзросту, то напраўду, гледзячы табе ў вочы, скажу: я яго не адчуваю. На маю прыватную шкадобу, мая маладосьць закончылася таксама 24 верасьня”.

(Скобла: ) “Ты згадаў жыцьцё Саюзу ў 30-я гады. Тады Саюзам кіраваў Міхась Клімковіч, і ў ягоным сэйфе, гэта пацьверджаны факт, ляжаў пісталет. Што знаходзіцца ў службовым сэйфе сёньняшняга старшыні?”

(Пашкевіч: ) “Пячатка й дакумэнты зьезду. На сёньня гэта самае каштоўнае”.

(Скобла: ) “Абраньне цябе старшынём стала для многіх пісьменьнікаў нечаканасьцю. Скажам, нядаўні ляўрэат расейска-беларускай саюзнай прэміі драматург Аляксей Дудараў нават паспрачаўся на пляшку каньяку, што пераможа твой спадужнік Уладзімер Ліпскі.

Але яшчэ большай нечаканасьцю, прынамсі, для мяне, было тое, што ў Раду Саюзу пісьменьнікаў, а складаецца яна з 45 чалавек, былі не абраныя тыя літаратары, якія служаць ва ўладзе ці прыслужваюць ёй сваім пяром — Шамякін, Гніламёдаў, Чаргінец. Гэткім чынам, Рада атрымалася ці не занадта апазыцыйнай. Цябе гэта не хвалюе?”

(Пашкевіч: ) “Мяне гэта вельмі непакоіць. Мне сорамна будзе глядзець у вочы Івану Пятровічу Шамякіну. Будучы старшынём камісіі па падрыхтоўцы зьезду, я прапаноўваў дазьездаўскай Радзе абраць усіх народных пісьменьнікаў у найвышэйшую Ганаровую Раду. Было б да каго зьвярнуцца маладзейшым па параду, па кансультацыю.

Мне, як кіраўніку Саюзу, было б прасьцей працаваць, каб у Радзе прысутнічалі пісьменьнікі з рознымі ідэйнымі, палітычнымі, мастацка-эстэтычнымі пазыцыямі. Каб былі й левыя, і правыя, і цэнтрысты. Мне, як таму дрэву, лягчэй было б устояць роўна, каб вятры дзьмулі з розных бакоў.

У праекце Рады, у ліку 45-ці чалавек, былі й дырэктар Інстытуту літаратуры НАН Беларусі Ўладзімер Гніламёдаў, і вядомы пісьменьнік, старшыня камісіі па міжнародных пытаньнях і нацыянальнай бясьпецы Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец, і той жа паэт Мікола Мятліцкі ды іншыя. Аднак, зьезд як найвышэйшая інстанцыя вырашыў па-свойму.

Я буду раіцца зь літаратурнымі аксакаламі, якія ўвайшлі ў Раду, — Нілам Гілевічам, Рыгорам Барадуліным, Анатолем Вярцінскім і іншымі. Але мне ніхто не забараняе параіцца й з тымі, хто ў Раду не абраны”.

(Скобла: ) “Уражаньне шараговага ўдзельніка зьезду: тры прысутныя на зьезьдзе міністры выглядалі разгубленымі. А адзін зь іх — міністар інфармацыі Міхал Падгайны — нават пакаяўся, што, заганяючы літаратурныя выданьні ў небезьвядомы голдынг, нарабіў памылак. Ад зьезду мінулася ўжо чатыры дні. Ці акрэсьліліся ўжо нейкія спосабы супрацоўніцтва з уладай? У тваёй папярэдніцы Вольгі Іпатавай гэтага супрацоўніцтва не атрымалася”.

(Пашкевіч: ) “Мне здалося, што шаноўныя міністры былі не разгубленымі, а стомленымі. Усе прапановы, якія выпрацуе Саюз пісьменьнікаў, ёсьць адпаведная дамова, будуць разгледжаныя ў Міністэрстве інфармацыі, Міністэрстве адукацыі й Міністэрстве культуры.

Мне было паабяцана, што ўсе найістотныя праекты будуць вырашаныя станоўча. У мяне адбылася вельмі канструктыўная размова з памочнікам прэзыдэнта, начальнікам галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Іванам Карэндам, дарэчы, ён — паэт, сябра нашага Саюзу. Мы дамовіліся, што я прынясу свае прапановы, будзем супольна разглядаць. У мяне ёсьць вялікая спадзеўка, што й іх удасца разгледзець пасьпяхова.

Я сустракаўся з намесьнікам міністра інфармацыі Ліліяй Ананіч. Адбылася, зноў жа, шчырая размова. Кадравыя зьмены, якія неўзабаве адбудуцца ў голдынгу “Літаратура й мастацтва”, я перакананы, будуць узгадняцца з кіраўніцтвам Саюзу пісьменьнікаў. Праблема голдынгу, а гэта сапраўды праблема ў жыцьці Саюзу, павінна вырашацца з удзелам пісьменьніцкай арганізацыі найперш”.

(Скобла: ) “Ты прыгадаў голдынг. Тыднёвік “Літаратура й мастацтва”, заснавальнікам якога застаецца Саюз пісьменьнікаў і які ўлучаны ў голдынг, адмаўляўся друкаваць тваю папярэдніцу Вольгу Іпатаву. А выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара “ЛіМу” Віктар Шніп заявіў на зьезьдзе, што друкаваць вострыя выступы Ніла Гілевіча, Сяргея Законьнікава, Генадзя Бураўкіна ня будзе. Што мяркуе рабіць з гэткім непадначаленьнем новы старшыня?”

(Пашкевіч: ) “Я згаданых словаў Шніпа ня чуў, але гучаць яны дзіўна. Не апублікаваць выступы найбольш аўтарытэтных пісьменьнікаў — гэта крамола. Я думаю, што Віктар Шніп перагледзіць сваё стаўленьне да гэтага пытаньня”.

(Скобла: ) “І датычна яшчэ аднаго зьездаўскага дакумэнта. Зьездам была прынятая даволі рэзкая рэзалюцыя, дзе быў выказаны пратэст супраць чарговага гандлю беларускім сувэрэнітэтам і антынацыянальнай палітыкай уладаў. Але ў друку яна нешта пакуль не зьявілася. Чаму?”

(Пашкевіч: ) “Рэдакцыйная камісія дапрацоўвае тэкст. Пры канцы зьезду адбыўся своеасаблівы годны кампраміс, у якім я ўбачыў запаруку на лепшую будучыню Саюзу пісьменьнікаў. Я маю на ўвазе выступы Мікалая Чаргінца й Генадзя Бураўкіна. Бураўкін мудра, дыпляматычна прапанаваў пэўныя словы зьмякчыць. Пісьменьніцкі Саюз паводле свайго статуту — грамадзкая арганізацыя, якая мае права прапаноўваць, а не патрабаваць ва ўльтыматыўнай форме”.

(Скобла: ) “Хоць і пісаў калісьці Максім Танк, што найцяжэй — “прайсьці празь вернасьць”, думаю, што празь медныя трубы — таксама нялёгка. Асабліва чалавеку маладому. Ці колькідзённае назойлівае гучаньне гэтых трубаў цябе не бянтэжыць?”

(Пашкевіч: ) “Сваю дарогу празь вернасьць я пачаў яшчэ перад зьездам. А наконт медных трубаў, нейкай вядомасьці... Калі ў мяне ня хопіць прыкрыць ад іх вушы, то гэта мне дапамогуць зрабіць мае сябры й настаўнікі. Я памятаю словы майго ўнівэрсытэцкага настаўніка Алега Лойкі: “Аглухну не ад зім і лет, асьлепну не ад сьлёз і плачу — ад прагі чуць твой кожны шэпт і ўсю тваю бясконцасьць бачыць, мая вялікая Радзіма”.

Вось да чаго прыслухоўвацца й прыглядацца трэба й мне, і ўсім сябрам Саюзу пісьменьнікаў, а іх, нагадаю, сёньня налічваецца 501 чалавек.

Вяртаючыся да пачатку нашай размовы, хацеў бы сказаць, што хоць пісьменьніцкі карабель ня новы, мы ўсе прыкладзем намаганьні, каб ператварыць яго ў своеасаблівы ледакол, які будзе крышыць лёд бездухоўнасьці, лёд антыбеларушчыны, каб да зямлі беларускай дзяржаўнасьці ён нас усіх прывёз”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG