(Ракіцкі: ) "Толькі што выйшаў першы кампакт-дыск "З новым годам!" пакуль што невядомага шырокай публіцы гурта "Zet".
Стваральнікі альбому ўсімі кампазыцыямі маніфэстуюць зангажаванасьць у змаганьне за свабоду. Музыка — прынцыпова агрэсіўная. Тэксты — на мяжы стылістыкі плякату, а то й цалкам складзеныя зь лёзунгаў:
Радзіма-свабода
Гнілое балота
Радзіма-свабода
Нянавісьць нязгода
Радзіма-свабода
У кратах за дротам
Радзіма-свабода
Забі ў сабе раба
Guantanamera
(песьня "Радзіма-свабода!")
Аўтары і выканаўцы хаваюцца за мянушкамі: Porter, Akrabat, Strong, Кanzler, а іхныя твары на публічных выступленьнях — пад маскамі. Гурт называецца "Zet".
ZETам на альбоме названы і аўтар тэкстаў і музыкі. Хто ён, гэты новы "Містэр X"? Услухаўшыся ў вакал і музыку, мы пазналі чалавека пад маскай. З нашага гледзішча, гэта — Лявон Вольскі, кіраўнік колішняга гурта "Мроя", а цяпер "NRM". Рок-кароль 2000 году Лявон Вольскі ёсьць нашым госьцем.
Свае твары вы схавалі за маскамі гномікаў. Нашто маскі? Чаму маскарад?"
(Вольскі: ) "У гэтым ёсьць пэўная магія. Па-другое, у праекце ўдзельнічаюць даволі вядомыя асобы, і мы не хацелі б, каб людзі ведалі, хто гэта. Нам хацелася б, каб усё было быццам "з нуля".
На канцэрце, які ты бачыў, гэта былі гномікі, казачныя пэрсанажы, а звычайны рабочы строй у "Zet" — НАТОўскі або паліцэйскі гарнітур. Польскі друк пісаў, што музыкі выглядаюць як антытэрарыстычная брыгада".
(Ракіцкі: ) "Напэўна, такія касьцюмы зьвязаныя з тэкстамі? Вы не цырымоніцеся ў вызначэньні сягоньняшніх парадкаў у краіне ды і ў вызначэньнях самой краіны: "гнілое балота", "каралеўства наадварот".
Тэксты асобных песень складзеныя зь лёзунгаў, якімі расьпісаныя сьцены дамоў і якія гучаць на моладзевых акцыях пратэсту. Такой вострай публіцыстычнасьці цэлага альбому ў беларускім рок-н-роле яшчэ, бадай, не было. Чаму зараз такая адкрытая плякатнасьць?"
(Вольскі: ) "Калі ня мы, то хто ж? І мы доўга чакалі, калі зьявіцца новы герой беларускага рок-н-ролу. Чамусьці ўсе новыя героі, што ўзьнікаюць, блізкія да фольку, а сапраўдных пэрсанажаў, якія б напраўду плякатна выказвалі свае думкі — не зьявілася. На мой погляд, насьпеў момант зьяўленьня каманды такога кшталту".
(Ракіцкі: ) "Звычайна такое плякатнае мастацтва зьяўляецца тады, калі насьпявае рэвалюцыя ці ў час масавага тэрору, калі дэмакратыя сыходзіць у падпольле. Ты лічыш, што сягоньняшні час у Беларусі паклікаў такое мастацтва й яно патрэбнае сучаснае Беларусі?"
(Вольскі: ) "Я лічу, што гэта абасалютна ўсясьветная тэндэнцыя, якая зараз, як ні дзіўна, характэрная нават для Амэрыкі. Наш альбом зроблены ў кантэксьце тэндэнцыяў усясьветных. Натуральна, што гэта для нашай краіны больш актуальна, чым для той жа Амэрыкі. І што цікава, у гэтым працэсе прысутнічаюць вельмі сур'ёзныя музычныя набыткі".
(Ракіцкі: ) "Мы зьвярнулі ўвагу на тое, што на гэтым дыску вельмі шмат лацінаамэрыканскіх мэлёдыяў, якія трансфармуюцца ў ваш стыль. Але ж мы ведаем, што дыктатуры ў Лацінскае Амэрыцы не былі пераможаныя мастацтвам".
(Вольскі: ) "Тым ня менш, гэта спрыяла выхаваньню новых пакаленьняў. Раней, яшчэ за часы "Мроі", нам задавалі пытаньне: "Ці выхоўваеце вы моладзь сваімі песьнямі?" Мы тады сьмяяліся: "Нікога мы не выхоўваем. Проста робім сваю справу й пішам, як пішацца".
Але, як ні дзіўна, прыходзіцца браць адказнасьць за даволі шырокія масы моладзі, якія ўсё ж у гэтым штосьці бачаць і гадуюцца ў абсалютна канкрэтным кантэксьце:
А міліцыянты крадуць грошы
І рабуюць бедных грамадзянаў
І кіруюць транспартам службовым
У выглядзе выключна нецьвярозым.
La bamba…
(песьня "La bamba")
(Ракіцкі: ) "Ты зараз шмат выступаеш у правінцыі. Як успрымаюць вас маладыя людзі, чым дыхае моладзь?"
(Вольскі: ) "На мяне найбольшае ўражаньне зрабіў канцэрт у Стоўпцах. Напэўна, уся моладзь гэтага гораду прыйшла на канцэрт, бо да іх ніхто ня езьдзіць. Яны там, напэўна, дыхаюць клеем "Момант".
Моладзь падобная паўсюль. Яна сёньня даволі палітызаваная. Тыя, хто ходзіць на рок-канцэрты — гэта ўжо канкрэтныя людзі. Рок-н-рол мае свайго спажыўца. Гэта духоўнае мастацтва, гарманічнае з характарам мысьленьня чалавека. "Одзірыдзідзіну" гурт "NRM" можа граць у любым горадзе, і людзі будуць падпяваць. Вельмі проста яе выконваць, тым болей "Партызанаў".
(Ракіцкі: ) "Ці можна вывесьці моладзь на вуліцы песьнямі кшталту "Партызанаў", а цяпер ужо бальшынёй песень гурта "Zet"?"
(Вольскі: ) "Можна. Але за гэта ўжо трэба адказваць, гэта канкрэтная палітычная барацьба і палітычная дзейнасьць. Я гэтым займацца не хачу, бо няма досьведу такой працы, Да яе я не гатовы. А складаем такія тэксты дзеля таго, каб людзі не заснулі.
Баю-баю
Адзьвінела калыханка
Баю-баю
А па плошчы едуць танкі
Баю-баю
А па плошчы йдуць салдаты
Баю-баю
Рэпэтыцыя параду
Добрай ночы...
(песьня "Баю-баю")
(Ракіцкі: ) "А ці можа адбыцца пэўны зьвяз палітыкаў і музыкаў, дзеля агульнае мэты — дасягненьня свабоды?"
(Вольскі: ) "Ён мусіць адбывацца і хутчэй за ўсё адбудзецца ў бліжэйшы час, а калі не, то мы паедзем агітаваць за выбары самі па сабе. Паехалі ж мы без усялякай падтрымкі з турам па Беларусі. Скончылася ўсё перамогай".
(Ракіцкі: ) "Значыць, ня выключана, што вы па-свойму будзеце браць удзел у выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі?"
(Вольскі: ) "Напэўна, пра гэта зараз ня варта казаць. Гэтае пытаньне пакідаю без адказу".
(Ракіцкі: ) "Безумоўна, дыск скіраваны на зусім юную публіку. Вы лічыце, што адраснасьць у мастацтве — гэта абавязковая ўмова дзеля посьпеху?"
(Вольскі: ) "Не. Я імкнуўся якраз да адваротнага, перадусім у тэкстах. Каб не было такога адраснага слухача. Атрымалася ўсё ж, што адраснасьць існуе: нас слухаюць людзі ад 13 да 20 гадоў і ўспрымаюць тэксты як жыцьцёвую шчырасьць, якая дайшла да іх раптам".
(Ракіцкі: ) "Раптам могуць расплюшчыцца вочы ад адной вашай песьні?"
(Вольскі: ) "Не. Але можа пацягнуць за сабою цэлы працэс. Напрыклад, хлопец схадзіў на канцэрт, там раздавалі нейкія ўлёткі, ён іх пачытаў, убачыў, што нехта гаворыць па-беларуску. Ён зьдзівіўся: няўжо ў Менску хтосьці гаворыць па-беларуску? Затым ён прыходзіць у Малады Фронт… І працэс пайшоў.
З кожным годам болей сьвятаў
З кожным сьвятам меней сьвятасьць
З кожным сьвятам з кожным годам
Болей колькасьць ідыётаў
Хлопчык!
Твая дзяржава
Цябе атруціць
Сваёй гарэлкай
Сва-
Ёй
Працай
Адцягне рукі
Цябе зацісьне
У свой аўтобус...
(песьня "Хлопчык")
Да таго ж музыка гурту "Zet" — даволі складаная. Таму можа і ня быць такога ўжо масавага слухача, зрэшты, пакажа час…"
(Ракіцкі: ) "Я згадваю сваю размову зь лідэрам супэргурта "Sladе" Хілам, які адной з адметнасьцяў сучаснай рок-музыкі назваў тое, што яе можна слухаць сям'ёй. І гэта ён лічыць праявай мастацкасьці. Твая думка, Лявон?"
(Вольскі: ) "Гэтая канцэпцыя, як мне здаецца, даволі хісткая. Разам можна слухаць каманды, якія толькі пачыналі гэтую справу. Нават гурт "Nirvana" ніхто зараз ня будзе слухаць сям'ёй.
А пасьля яшчэ было шмат рэвалюцыйных камандаў, якія адмыслова ламалі абыватальскую сыстэму. Такіх і зараз вельмі шмат. Можа, сапраўды, зь цягам часу будуць такую музыку слухаць усёй сям'ёй — песенькі са словамі кшталту "чорныя дзіркі нас засмоктваюць".
(Ракіцкі: ) "Чаму дыск "Zet" называецца "З Новым годам!", а на альбоме гэтыя словы напісаныя дагары нагамі, а на ўкладцы зьмешчаны каляндарык, дзе ўсе даты пазначаныя нулямі?"
(Вольскі: ) "Хай кожны для сябе гэта вырашыць сам. А можа, хай не вырашае".
(Ракіцкі: ) "Табе больш даспадобы іронія ці плякат?"
(Вольскі: ) "Без іроніі ў любы час цяжка жыць, а ў цяперашні час безь яе можна ўвогуле загнуцца. 1994–1995 гады, калі толькі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, калі ўсё пайшло ў адваротным накірунку і гады пачалі наадварот адлічвацца, — гэта вельмі цяжкі пэрыяд для мяне. Cтварэньне гурту "NRM" мне дапамагло шмат да чаго паставіцца па-філязофску, каб проста выжыць у гэтае сытуацыі. А плякат патрэбны таксама, час ад часу.
Ты мне гаворыш, што праўда ў віне
Твар у салаце, абцас у дзярме
Ты мне гаворыш, дзярмо ў цане
Сумна анёлы глядзяць на цябе...
(песьня "Анёлы")
(Ракіцкі: ) "Часам гавораць, што чым больш дыктатуры, чым больш несвабоды, тым большая прастора для самавыяўленьня творцы. Ты згодзен?"
(Вольскі: ) "Натуральна. У нас зараз якраз найбольш пасьпяхова разьвіваюцца такія экстрэмальныя гатункі творчасьці як рок альбо мастацтва гэпэнінгу, накшталт таго, што робіць Артур Клінаў. Ягонае мастацтва знаходзіцца на вельмі сур'ёзным эўрапейскім узроўні".
(Ракіцкі: ) "І гэта мы цудоўна ведаем на прыкладзе Польшчы. Там і шэраг тэатраў, і шэраг музычных гуртоў, і мастакоў якраз паўсталі за часам "Салідарнасьці", за часам змаганьня з камуністычным рэжымам.
Але вось цікавая рэч. У той жа Польшчы вельмі многія творцы, якія выявіліся тады, пасьля надыходу дэмакратыі, не змаглі сябе адчуць у новым кантэксьце. Як ты глядзіш наперад? А раптам станецца, як у казцы: адным ранкам ты прачнесься, а на двары — дэмакратыя, і твае сягоньняшнія песьні ўжо неактуальныя?"
(Вольскі: ) "Адзін раз я ўжо быў у такой сытуацыі, у 1991-м годзе. Раз — усе прачнуліся, а ўжо дэмакратыя на вуліцы. І ўжо ня трэба змагацца, зьнікла патрэба ў нашых тэкстах. У той сытуацыі мы пачуваліся вельмі кепска. Адзін раз гэта ўжо перажылі... Маем досьвед, а таму разумеем, што будуць іншыя формы нашага мастацтва. Я думаю, што "NRM" зможа заграць і ў новае сытуацыі. Каманда "Zet" зможа стаць больш музычнай".
(Ракіцкі: ) "Такім чынам, Лявон, усё нармальна?"
(Вольскі: ) "Усё, як заўсёды. Толькі я хачу сказаць слухачом, што вы зараз падрабілі голас Лявона Вольскага. Я нічога не казаў, нічога гэтага не было. У камандзе "Zet" Лявон Вольскі не працуе".
(Ракіцкі: ) "Такім чынам, са мной сёньня гутарыў у "Вольнай студыі" чалавек пад маскай. Хто захацеў — пазнаў яго. Хто не... Ну што ж, вашая справа".
Захад ня Захад і ня Ўсход
У каралеўстве Наадварот
Людзі ня людзі і не народ
У каралеўстве Наадварот"
(песьня "Гэй, славяне!")