Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гарадзенскі клюб паэтаў” — прытулак безідэйных нацыяналістаў.


Аўтар і вядучы: Міхась Скобла

20 лютага ў “Беларускім калегіюме” адбылася прэзэнтацыя паэтычнай анталёгіі “Лябірынты прывіднага замку”. Ейныя аўтары — сябры новастворанай літаратурнай суполкі пад назвай “Гарадзенскі клюб паэтаў” амаль у поўным складзе прыехалі з Горадні ў сталіцу, каб пазнаёміць менчукоў са сваімі творчымі здабыткамі.

Пасьля імпрэзы мы пагутарылі з гарадзенцамі Віктарам Шалкевічам, Юр'ем Гуменюком ды Юрасём Пацюпам.

(Міхась Скобла: ) "Спадарове, ад назвы вашай творчай суполкі, як мне здаецца, патыхае старамоднасьцю. Наш час вымагае й новай паэзіі, і новых, рашучых назваў.

Вунь на пачатку мінулага стагодзьдзя ў Полацку была суполка з назвай “Беларуская нацыянальная хеўра”. А ў вас — клюб, нейкае дыскрэдытаванае за саветамі слова.

(Юрась Пацюпа: ) "Слова “клюб” ніякім чынам не дыскрэдытаванае. За саветамі часьцей былі літаб’яднаньні. Нам хацелася назвацца больш выкшталцона, у стылі ангельскіх арыстакратаў".

(Скобла: ) "Але ж у кожным савецкім калгасе быў клюб".

(Пацюпа: ) "Гарадзенскі клюб паэтаў” ня мае нічога агульнага з клюбам калгасным, гэта ангельскі клюб, куды можна прыйсьці й проста памаўчаць".

(Скобла: ) "У прадмове да анталёгіі, штопраўда, ананімнай, вас усіх нехта разьмеркаваў па кляштарах. Маўляў, у кожнага свой кляштар са сваімі статутам, агароджай, споведзю ды постам. Як мне падаецца, параўнаньне ня вельмі ўдалае, бо ці здольны манах быць добрым паэтам?"

(Юры Гумянюк: ) "А чаму ня можа? Добрым прыкладам тут — творчасьць паэта Зьніча, у сьвеце — Алега Бембеля, які ўжо пяць гадоў знаходзіцца ў Жыровіцкім манастыры.

А параўнаньне нас, гарадзенскіх паэтаў, з насельнікамі кляштараў — гэта, вядома ж, алюзія, мастацкі прыём, маецца на ўвазе найперш геаграфічная прывязка, Горадня — горад, які аб’яднаў нас у клюб паэтаў".

(Пацюпа: ) "У сярэднявеччы ўсе пісьменьнікі былі манахамі. Прыгадайце таго ж Сімяона Полацкага. І не заўсёды яны кіраваліся правіламі шчырага посту.

Вядомы Джардана Бруна, напрыклад, казаў, што каханьне да жанчыны — гэта адзін з найменшых грахоў, які можа быць у чалавека. Праўда, потым яго прызналі ерэтыкам. А ён быў манахам, пра гэта ўсе забываюцца.

Паэзіі ўтульна й за манастырскімі мурамі. Гэта стэрэатып, што манах павінен быць сухім і аскетычным".

(Скобла: ) "Вярнуся яшчэ раз да прадмовы. Паколькі яна бяз подпісу, то ўспрымаецца своеасаблівай праграмай усяго вашага клюбу.

Дык вось, у прадмове Горадня падкрэсьлена супрацьпастаўляецца Менску: “Тут, у Горадні, пачынаецца адліга, калі па ўсёй Беларусі яшчэ стаяць маразы. Тут ідзе дождж, калі па ўсёй Беларусі сонечнае надвор’е. Гэты горад, гэтая туманная выспа, жыве сваім, незалежным ад сталіцы, жыцьцём”.

Патлумачце вось гэтую незалежнасьць Горадні ад сталіцы. Што маецца на ўвазе? Хіба толькі ў нас, у Менску, лукашэнкаўскі рэжым, а ў вас воля вольная?"

(Пацюпа: ) "Лукашэнка баіцца езьдзіць у Горадню. Ён доўга рыхтуецца, нярэдка адкладае свае паездкі. За яго на Гарадзеншчыне найгорш галасуюць — гэта агульнавядомы, дакумэнтальна пацьверджаны факт.

Блізказьць Горадні да заходняй мяжы, уплывы заходнія ў нас вельмі адчувальныя".

(Гумянюк: ) "Гарадзенцы ніколі не лічылі й ня лічаць сябе правінцыяламі. Сталіца — гэта панятак умоўны. Той жа Менск у параўнаньні з Парыжам — правінцыя. Мы арыентуемся найперш на супрацоўніцтва з нашымі заходнімі суседзямі.

Апошнім часам мы пасябравалі зь беластоцкімі калегамі, да Беластоку з Горадні ўсяго нейкіх 80 кілямэтраў. А перад гэтым мы стала кантактавалі зь літаратарамі з Варшавы ды Познані.

Як вынік супрацоўніцтва зь беластачанамі, ужо гэтай вясной выйдзе з друку новы часопіс “Правінцыя”, дзе будуць зьмяшчацца творы аўтараў, якія жывуць у беларускай правінцыі — на Полаччыне, на Берасьцейшчыне…

Дарэчы, у літаратараў-гарадзенцаў ніколі не было правінцыйнага комплексу, імкненьня пераехаць у сталіцу, каб там больш поўна рэалізоўваць свае таленты.

Я мог бы прывесьці безьліч прыкладаў, калі людзі пераехалі са сваіх рэгіёнаў у сталіцу й згубіліся, і разгубіліся ў культурніцкім моры Менску, страцілі сваю адметнасьць.

Цяпер назіраецца адваротная сытуацыя. Людзі багацеюць, купляюць і будуюць дамы на вёсцы. Вернецца той час, калі беларусы будуць ізноў жыць у сваіх маёнтках, як паны, і ствараць выбітныя творы мастацтва накшталт палянэзу Агінскага".

(Віктар Шалкевіч: ) "Усюды ёсьць свае супрацьпастаўленьні. У Польшчы Кракаў супрацьпастаўляецца Варшаве, а ў Нямеччыне багаты Поўдзень — беднай (з гледзішча немцаў) Поўначы.

Жыхары Гарадзеншчыны ў свой час пажылі пры пачатках польскага капіталізму, умеюць працаваць. Але, нягледзячы на ўсе падзелы, мы — адзіны народ, у нас адна мова, адзін мэнталітэт. Я пераканаўся ў гэтым, праехаўшы з канцэртамі ўсю Беларусь. Ва ўсіх нас аднолькавыя радасьці й аднолькавыя беды".

(Скобла: ) "Віктар, ты прэзэнтаваны ў анталёгіі ўсяго шасьцю творамі. Затое якімі! Іх ведаюць напамяць аматары беларускай бардаўскай песьні, да кнігі ўвайшлі й “Правінцыя”, і “Рэквіем па настаўніцы”. Але хачу запыніцца на вершы “Наш Бог”.

(Шалкевіч: ) "У мяне кожны твор мае сваю перадгісторыю. Аднойчы я йшоў паўз аблвыканкам і ўбачыў, як адтуль выходзіць мажны такі, проста шыкоўны сьвятар, на грудзях ягоных вісіць залаты крыж на залатым ланцугу. Перад ім адчыняюць дзьверы “пяцісотага” ці “шасьцісотага” “Мэрсэдэса”, і ён ад’яжджае.

І я ўспомніў, як мне ў маленстве маці расказвала, што Бог не заўсёды сядзеў на небе. І Бог, і апосталы калісьці хадзілі па зямлі. Пра гэта можна прачытаць у апокрыфах. І я напісаў верш:

Наш бедны вясковы Бог
Мае шашалем паточаныя вочы,
Паглядае маўкліва з кута пад парог.
Ён даўно б адсюль уцёк, каб мог.
Наш бедны вясковы Бог.
Наш бедны вясковы Бог
Ходзіць у лыкавых лапцях па зямлі,
Стоячы ў кустах бэзу пад вокнамі
І слухаючы людзкія нараканьні
На вецер, на сьнег, на дождж,
На вецер, на дождж, на сьнег.
Наш бедны вясковы Бог
Ішоў аднойчы ў сьпёку пехатою,
І ехаў побач тою самаю дарогай
Сьвятар з залатым крыжом у “Мэрсэдэсе”.
Як ехаў — так і паехаў далей,
Таму што ня ведаў у твар
Нашага беднага вясковага Бога.
Наш бедны вясковы Бог.
Наш бедны вясковы Бог".

(Скобла: ) "А ці не баісься ты, Віктар, Філярэтавай анафэмы за гэткія блюзьнерскія, зьневажальныя для царквы радкі?"

(Шалкевіч: ) "Мой верш — гэта таксама апокрыф. У расейскага пісьменьніка Эдуарда Лімонава ёсьць радкі: "Эх, барин только в троечке промчался, обдавши пылью потных мужиков".

Так і ў астатнім жыцьці — у сьвятароў свае справы, а ў Пана Бога свае".

(Скобла: ) "Гэта ты скажаш і перад Сьвяшчэнным Сынодам, калі той зьбярэцца?"

(Шалкевіч: ) "Я паводле веравызнаньня каталік, а таму ніякі Сьвяшчэнны Сынод мяне ня выкліча. А калі выкліча, то я проста не пайду. Калі які-небудзь сьвятар прачытае верш “Наш Бог”, то, думаю, зробіць свае нармальныя высновы".

(Скобла: ) "Пытаньне да Юрася Пацюпы. Анталёгія аб'яднала розных паэтаў, хоць, як мне падаецца, з падобнымі сьветапоглядамі.

Наймаладзейшага зь сяброў клюбу, 23-гадовага Анатоля Брусэвіча ў гарадзенскім літаратурным асяродзьдзі называюць дэкадэнтам. Дэкадэнцтва ў перакладзе азначае ўпадніцтва, безнадзею.

Гарадзенскі дэкаданс мае свае адметнасьці, ніякай безнадзеі не чуваць, напрыклад, у радках таго ж Брусэвіча: “Дык з Богам, браты-дэкадэнты, прагонім вусатую сволач!”

І тут мне карціць пагрозьліва запытацца, як пыталіся ў пісьменьнікаў у 1930-я гады — а на якой клясава-ідэйнай пляцформе стаіць “Гарадзенскі клюб паэтаў”?"

(Пацюпа: ) "У кожнага свая пляцформа. Калі ж браць нейкую агульную, то гэта — безідэйнасьць, як казалі ў савецкі час.

Усе сябры клюбу — нацыяналісты, але мы не ператвараем слова ў ідэалягічную зброю. Гэта было найгалоўнейшай задачай савецкай эстэтыкі — зрабіць з мастацтва ідэалягічную зброю. Мы пішам пра што хочам. І хоць сёньня жыцьцё беларусаў хочуць пагоршыць, нам у нашых вершах — добра".

(Скобла: ) "Юрась, твой выступ на прэзэнтацыі анталёгіі нагадваў акадэмічную бліц-лекцыю з гісторыі ўсясьветнай літаратуры. Зьдзівіў ты менскіх аматараў нечуванымі ўзорамі паэзіі, якіх да гэтай пары ў нас не існавала. Якія экзатычныя саджанцы ты перасадзіў на беларускую глебу?"

(Пацюпа: ) "Сапраўды, у мяне была такая задума — стварыць цэлы сад, вертаград паводле Сімяона Полацкага, экзатычных вершаў.

Вось, напрыклад, як выглядае першы ў беларускай літаратуры санэт-брахікалян “Шчадрыца”, у якім адзін радок — адзін склад:

Сплаў
сот —
даў
мёд.

Слаў! —
год,
спраў
сплёт.

Прэч
з плеч
жаль!

Лепш
цеш
жарсьць…

Такія вершы ёсьць у францускай літаратуры, у расейскай толькі два — Хадасевіча ды Ільлі Сяльвінскага. Цяпер і ў беларускай будзе.

На прэзэнтацыі нам закідалі, што мы залішне апалітычныя, ня бачым тых праблемаў, якія сёньня для Беларусі надзённыя. Гэта ня так. Вось мой верш “Паданьне”:

Быў прыкуты даўней Прамэтэй
да сьняжыстай каўкаскай гары —
там ён, кажуць, пакінуў дзяцей,
там агонь яго ў саклях гарыць.

Ды панадзіўся ў саклі лятаць
дзьвюхгаловы расейскі арол
і дзяцей Прамэтэя хапаць —
зьнюхаў, пёс, што адважная кроў!

Дык і ноч не хацела мінаць,
каб хоць гора між гор загаіць,
бо арол, прыляцеўшы зьвідна,
да зьмярканьня ня стоміцца піць.

Але ёсьць і ў нядолі канец:
кажуць, выкуе Сонца стралу,
каб за морам узьняў Геркулес
і пусьціў яе ў грудзі арлу.

(Скобла: ) "Сёньня вы ўсе разам прыехалі з Горадні ў Менск і сёньня ж, пасьля прэзэнтацыі, вяртаецеся дамоў. Вы праехалі 600 кілямэтраў дзеля таго, каб сказаць менчукам… Што?"

(Гумянюк: ) "Што мы ёсьць, актыўна працуем і надалей будзем працаваць у такім рэчышчы…"

(Пацюпа: ) "Што клясычныя літаратурныя формы — санэты, рандэлі, цэнтоны — сёньня мо найбольш мадэрновыя. Ня варта забывацца на тое, што было прыдумана ў эпоху Барока, Ракако…"

(Шалкевіч: ) "Мяне ў Менску страшэнна любяць. Для мяне не галоўнае, каб абудзіць у людзях нацыянальна-патрыятычныя інстынкты.

Для мяне больш важна, каб людзі паглядзелі на вакольны сьвет маімі вачыма. І мне здаецца, што я гэтага сёньня дамогся. Вельмі важна, нягледзячы на адлегласьці, прыехаць, расказаць нешта такое, ад чаго б у людзей заблішчэлі вочы, сесьці ў машыну й спакойна ад’ехаць. Справа зробленая. Finis corona et opus — канец вянчае справу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG