Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыхільнікі інтэграцыі і электарат А.Лукашэнкі - колы разыходзяцца


Юры Дракахруст, Прага

На працягу шэрагу апошніх гадоў зьмены стаўленьня беларусаў да аб’яднаньня з Расеяй нагадвалі “рускія горкі”: пікі прарасейскіх настрояў прыпадалі на інтэграцыйныя кампаніі і натаўскую апэрацыю ў Югаславіі, спады – на чачэнскія войны ды расейскі эканамічны крызіс 1998 году. Зразумела, усе гэтыя ваганьні адбываліся на агульным тле даволі значных сымпатыяў: паводле дадзеных розных дасьледных цэнтраў колькасьць гатовых на рэфэрэндуме галасаваць за аб’яднаньне з усходнім суседам ніколі не была менш за 40%.
Але ўвосень пазамінулага году ваганьні зьмяніліся вызначанай тэндэнцыяй. Гаворыць намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў Уладзімір Дорахаў.

(Дорахаў: ) “За апошнія два гады колькасьць гатовых галасаваць на рэфэрэндуме за аб’яднаньне Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву павялічылася з 42% да 54% - амаль на чвэрць. З другога боку яшчэ больш істотна – з 40% да 29 % - скарацілась колькасьць тых, хто на такім гіпатэтычным рэфэрэндуме выказаўся б адмоўна. Пры вывучэньні адказаў на пытаньні ў іншай фармулёўцы мы назіраем тую ж карціну: істотнае скарачэньне прыхільнікаў толькі добрасуседзкіх адносінаў паміж сувэрэнымі Беларусьсю і Расеяй, істотнае павелічэньне прыхільнікаў зьліцьця Беларусі і Расеі ў адзіную дзяржаву. Можна спрачацца пра дакладнасьць паказьнікаў, можна аспрэчваць абсалютныя лічбы (больш паловы за аб’яднаньне – менш паловы), але нам падаецца бясспрэчнаю тэндэнцыя – няўхільны рост колькасьці прыхільнікаў інтэграцыі”.

Для пацьвярджэньня высноваў Уладзіміра Дорахава прывядзем таксама дадзеныя сацыялягічнай службы “Зеркало” інфармацыйнай агенцыі БелаПАН. Падчас апытаньня сярод жыхароў сталіцы ў верасьні 1999 году пра гатовасьць галасаваць за стварэньне саюзнай дзяржавы з Расеяй заявіў толькі кожны пяты , 56% апытаных менчукоў адказалі, што галасавалі б супраць. У сьнежні 2000 году лічбы “перавярнуліся”: за саюзную дзяржаву – кожны другі апытаны менчук, супраць – 28 %.

І гэта пры тым, што, паводле досьведу шматгадовых апытаньняў, Менск – самы незалежніцкі рэгіён Беларусі.

Што вельмі важна – менавіта за пэрыяд з восені 1999 году істотна зьмяніўся склад прыхільнікаў інтэграцыі. У беларускай палітыцы і ў палітычнай журналістыцы існуе ўстойлівае ўяўленьне, што ўсе “інтэграцыяністы” – “лукашысты” і наадварот. З гэтым, што цікава, пагаджаюцца прадстаўнікі абодвух варагуючых палітычных лягераў: улады і апазыцыі. Але, як яно часьцяком бывае ў такіх выпадках, абодва бакі памыляюцца менавіта ў гэтым базавым меркаваньні.

Гэта заўсёды было не зусім гэтак, а з восені 1999 году – зусім ня так. Наколькі ўстойліва за гэты пэрыяд павялічваліся шэрагі прыхільнікаў інтэграцыі, настолькі стабільна зьніжаўся рэйтынг кіраўніка дзяржавы , гэта значыць, зьмяншалася колькасьць ягоных прыхільнікаў. Гэтыя супрацьлеглыя зьмены не маглі б адбывацца адначасна, калі б формула “інтэграцыяніст” = “лукашыст” была справядліваю. Наадварот, летам мінулага году быў пераадолены важны “бар’ер”: прыхільнікаў кіраўніка дзяржавы сярод “інтэграцыяністаў” стала менш за палову. І гэтая, на першы погляд дзіўная тэндэнцыя, з тае пары толькі ўзмацняецца.

Зь якой прычыны, за кошт каго растуць шэрагі прыхільнікаў інтэграцыі? Што тычыцца прычыны, адказ відавочны – Пуцін, а, дакладней, тое, што Расея ельцынская ўсё больш робіцца Расеяй пуцінскай. Ізноў гаворыць Уладзімір Дорахаў.

(Дорахаў: ) “Паводле вынікаў нашых апытаньняў з 1997 году Аляксандр Лукашэнка быў па-за канкурэнцыяй, ён значна выпярэджваў ня толькі сваіх айчынных апанэнтаў, але і замежных палітыкаў, у тым ліку і расейскіх , і як палітык, які выклікае найбольшыя сымпатыі, і як магчымы кандыдат на пост прэзыдэнта саюзнай дзяржавы. Але ў верасьні 1999 году прэм’ер Расеі Пуцін ужо складаў заўважальную канкурэнцыю кіраўніку Беларусі. А на пачатку 2000 году адбыўся пералом – Пуцін пачаў істотна выпярэджваць Лукашэнку паводле вызначаных характарыстыкаў (як лідэр сымпатыяў і як магчымы кіраўнік беларуска-расейскай дзяржавы). Пры гэтым чым далей, тым больш вялікім рабіўся гэты разрыў.

Шмат якія расейскія сацыялягічныя службы зьдзіўляюцца таму, што рэйтынг Пуціна ў Расеі жыве “сваім жыцьцём”, на яго істотна не паўплывалі нават такія падзеі, як катастрофа “Курску”, выбух ў маскоўскім мэтро, відавочны тупік, у які зайшла чачэнская кампанія.
Тое ж самае мы назіраем і ў адносінах да рэйтынгу Пуціна ў Беларусі – сімпатыі да яго застаюцца на вельмі высокім ўзроўні.

Варта адзначыць, што тэмпы росту сімпатыяў да Пуціна ў Беларусі амаль дакладна супадаюць з тэмпамі павялічэньня прыхільнасьці да аб’яднаньня з Расеяй”.

Ізноў спашлемся на дадзеныя апытаньняў сацыялягічнай службы “Зеркало” інфармацыйнай агенцыіі БелаПАН: у сьнежні 2000 году Лукашэнку на пасадзе кіраўніка саюзнай дзяржавы хацелі б бачыць 12% апытаных менчукоў, Пуціна – 28%.

Ужо даўно было заўважана, што ў беларускай масавай сьвядомасьці стаўленьне да Расеі ёсьць вынікам больш шырокіх уяўленьняў і ўстановак. Вельмі значная колькасьць “інтэграцыяністаў” на самой справе хочуць вярнуцца ў савецкае мінулае, іх “інтэграцыяналізм” – сынонім ня столькі гарачых сымпатыяў да суседняй краіны (якіх можа нават і ня быць), колькі тугі па краіне, якой ўжо навогул няма.
Але і наадварот – адмаўленьне інтэграцыі далёка не заўсёды ёсьць праяваю пасьлядоўнай нацыянальнай сьвядомасьці.

Па-першае, вельмі часта матывы негатыўнага стаўленьня да інтэграцыі маюць дастаткова прыземлены характар: у Расеі заробкі ня плацяць, а ў нас плацяць, там страйкуюць, у нас – не.

Па-другое, да апошняга часу шмат у кого нежаданьне аб’ядноўвацца з Расеяй грунтавалася, як тое ня дзіўна, на аўтарытарных, нават імпэрскіх матывах: маўляў, Расея – краіна слабая, парадку там няма, гаспадара няма, кіруюць усім бандыты, прэзыдэнт у Крамлі сьпіць, Захаду дагаджаюць ва ўсім. Ня будзем абмяркоўваць, наколькі такі вобраз Расеі адпавядаў рэчаіснасьці, адзначым толькі, што ён існаваў у беларускай масавай сьвядомасьці і шмат кім успрымаўся надзвычай негатыўна.

Немалая колькасьць носьбітаў такіх поглядаў махала рукою і разважала: да ну яе – такую Расею, аб’ядноўвацца зь ёю – сабе даражэй. Парадаксальным чынам яны адмаўлялі інтэграцыю не з прычыны імпэрскасьці Расеі, а з прычыны недастатковай імпэрскасьці ельцынскай Расеі. У іх развагах “ня трэба нам ў такую Расею” галоўным словам было – “такую”. А ў іншую? Можа і з задавальненьнем.

Расея й робіцца іншаю, больш адпаведнай гэтым уяўленьням пра моцную ўпарадкаваную дзяржаву. Размова ізноў жа пра вобраз: ці больш зараз там сапраўднага парадку – пытаньне спрэчнае, але вобраз складаецца ўстойлівы. Ну і, дарэчы, заробкі ў Расеі зараз плацяць больш менш без затрымак. У асноўным за кошт “падарунку” ў выглядзе скачка ўсясьветных цэнаў на нафту, але для масавай сьвядомасьці гэта ўжо занадта высокія матэрыі.

Зауважым, што электарат Лукашэнкі заўсёды вызначаўся істотнымі “перакосамі” : сярод людзей сталага ўзросту, малааадукаваных, жыхароў вёскі доля яго прыхільнікаў заўважальна вышэйшая, чым сярод іншых групаў насельніцтва. Шмат ужо было сказана і напісана пра падабенства Лукашэнкі і Пуціна, пра літаральнае супадзеньне пэўных палітычных крокаў. Але, як высьвятляецца, характар электарату прэзыдэнта Расеі – істотна іншы. Гаворыць супрацоўнік расейскага сацыялягічнага цэнтру РАМІР Натальля Лайдзінэн.

(Лайдзінэн): “Як паказалі нашыя дасьледваньні за пэрыяд прэзыдэнцтва Пуціна, ніякіх сур’ёзных “перакосаў” у яго электараце не назіраецца. З чым гэта зьвязана? У першую чаргу з тым, што імідж Уладзіміра Пуціна адпавядае інтарэсам розных сацыяльных групаў. Паводле вынікаў нашых апошніх дасьледваньняў, цалкам ухваляюць дзейнасьць прэзыдэнта 72% расейцаў. Масквічы вельмі адрозьніваюцца ад астатняга насельніцтва Расеі паводле шэрагу паказьнікаў, тым ня менш дадзеныя наступныя: зараз падтрымка Ўладзіміра Пуціна ў сталіцы дасягае амаль 74 %. Гэта вельмі высокі паказьнік і цалкам супастаўны з дадзенымі па Расеі навогул. Можна сказаць, што электарат Пуціна зараз даволі “роўна” разьмеркаваны сярод розных узроставых і сацыяльных групаў, і сярод гарадзкога і вясковага насельніцтва".

Калі казаць папросту, новыя беларускія “інтэграцыяністы” – гэта не “лукашысты”, а “пуцінцы”. І ў сэнсе сымпатыяў да расейскага лідэра, і ў сацыяльна-дэмаграфічным сэнсе: сярод іх вельмі істотную частку складаюць моладзь, гараджане і высокаадукаваныя людзі, якія раней не былі ані за інтэграцыю, ані за Лукашэнку.

На падставе дадзеных сацыялягічных дасьледваньняў можна вызначыць яшчэ адзін працэс – частка клясычных для Беларусі “інтэграцыяністаў-лукашыстаў”, застаючыся вернымі аб’яднаньню з Расеяй , расчароўваюцца ў сваім куміры, ператвараюцца з “лукашыстаў” у “пуцінцаў”. Яны расчароўваюцца не ў аўтарытарызме і самаўладьдзі як такіх, а толькі ў аўтарытарызьме і самаўладзьдзі лукашэнкаўскага гатунку: “Пуцін мацней за нашага будзе” – разважаюць яны. Ёсьць тут і яшчэ адзін чыньнік.

Напярэдадні рэфэрэндуму 1996 году Лукашэнка неяк сказаў: “Мяне абвінавачваюць у тым, што я хачу зрабіць зь Беларусі калгас. А што ў гэтым дрэннага?”.

Што хоча зрабіць з Расеі Пуцін – сказаць цяжка: можа, Чылі часоў Піначэта, можа, СССР сталінскіх часоў, можа, яшчэ нешта. Але чаго ён дакладна не хоча – дык гэта бачыць Расею вялікім калгасам.

У гэтым – адно з тлумачэньняў, чаму беларусаў- “інтэграцыяністаў” робіцца больш, а “лукашыстаў” – меней.

Такі стан грамадзкай сьвядомасьці з аднаго боку, дакладна вызначае пэўныя, даволі жорсткія абмежаваньні, але з другога боку, адчыняе пэўныя магчымасьці.

Ня ў тым справа, што нарастаньне інтэграцыйных настрояў стварае пагрозу сувэрэнітэту краіны, маўляў, правядуць рэфэрэндум пра аб’яднаньне, прагаласуе народ, як адказвае ў апытаньнях, і прачнуліся ў Паўночна-Заходнім краі. Як падказвае досьвед, ніхто народ пытаць ня будзе, а калі і будзе, дык настолькі няпэўна, што вырашаць, якім быць аб’яднаньню і ці быць яму навогул ўсё роўна будзе ўладная эліта.
Ня ў гэтым абмежаваньне, а ў тым , што, гаворачы “Прэч ад Расеі”, беларускі палітык мусіць сьвядома разьвітацца з надзеяю на посьпех.

У апытаньнях, на якія мы спасылаліся, больш паловы апытаных адказвалі станоўча на самае “жорсткае” пытаньне “Ці хочаце Вы аб’яднаньня з Расеяй у адзіную дзяржаву?”. Але і значная частка тых, хто адказвае на гэтае пытаньне адмоўна, хацелі б вельмі добрых, шчыльных, блізкіх адносінаў з усходнім суседам. Так што прыхільнікі розных формаў інтэграцыі з Расеяй, як “мяккіх”, гэтак і “жорсткіх”, складаюць ня проста большасьць, а пераважную большасьць. Супраць меркаваньняў гэтай большасьці йсьці, зразумела, можна, але ці варта потым скардзіцца на вынік?

Але мы прыгадалі і новыя магчымасьці, якія адчыняюцца ў сувязі з тым, што колы “інтэграцыяністаў” і “лукашыстаў” усё больш разыходзяцца. З аднаго боку, нібыта гэта спрыяльна для кіраўніка дзяржавы – “зайшоў”са звыклага інтэграцыйнага “козыра”, аб’яднаў абодва колы, і перамога ў кішэні. Але з другога боку, разыходжаньне колаў азначае, што беларуска-расейскія дачыненьні перастаюць быць палітычнай манаполіяй Аляксандра Лукашэнкі.

Значная частка “інтэграцыяністаў” ужо ня зьвязвае сваіх спадзяваньняў выключна зь ім. Яны чакаюць прапановаў.

Так што размова йдзе не пра тое, ці ня ў першаю чаргу пра тое, што палітыкі , якія дбаюць пра посьпех, мусяць імчэць у “белакаменную” прасіць ярлык на цараваньне ў Беларусі. Езьдзіць туды сапраўды часам і трэба, а тое, што маскоўскія суразмоўцы – “сабе на ўме” і свайго ня ўпусьцяць, што размовы зь імі весьці надзвычай цяжка, дык і заўсёды было цяжка, нават Лукашэнку цяжка. І заўсёды будзе цяжка, якая б улада не была ў Менску і ў Маскве.

Але галоўнае, што вынікае са зьменаў у беларускай грамадзкай сьвядомасьці, гэта тое, што прапаноўваць нешта новае наконт беларуска-расейскіх адносінаў беларускія палітыкі мусяць ў першую чаргу не расейцам, а беларусам. Тым, якія ёсьць, з усімі іх забабонамі і прымхамі.
Як той казаў: “Няма шляху свабоды, шлях свабодны. Ідзі, калі хочаш”.
XS
SM
MD
LG