Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэвалюцыі выбарчых скрыняў: Харватыя – студзень 2000-га году.


Юры Дракахруст, Прага


10 сьнежня 1999 году памёр Франьё Туджман, якога называлі “бацькам харвацкай нацыі”. Амаль 10 гадоў ён жалезнай рукой кіраваў краінаю, у пэўнай ступені менавіта Туджману Харватыя і была абавязаная незалежнасьцю. Дзясяткі тысяч харватаў са сьлязьмі на вачох праводзілі яго ў апошні шлях.

Чаму? Пра гэта гаворыць дасьледчык балканскай палітыкі, аналітык нашага радыё Патрык Мор.

(Мор: ) “Туджман стаў першым кіраўніком сапраўды незалежнай дзяржавы ад сярэднявечча, і гэта – немалое дасягненьне. У яго была пэўная папулярнасьць, карані якой – яшчэ ў нацыянальным вызвольным руху 70-х гадоў. І таму яму было лёгка прыняць імідж “бацькі нацыі”. Усё праўленьне Туджмана мела на сабе адбітак змаганьня: змаганьня за незалежнасьць, змаганьня з камунізмам, змаганьня ў вайне супраць сэрбаў. У гэтым палягае асаблівасьць аўтарытарызму Туджмана, які варта назваць “аўтарытарызмам вайны”. Каб ён пакінуў пасаду ў 1995 годзе, калі быў дасягнуты мір, яго мейсца ў гісторыі было б вельмі пачэсным. Ён жа застаўся ва ўладзе яшчэ на 4 гадоў і засьведчыў, што ня можа забясьпечыць пераход да мірнага рэфармаваньня. Туджман, які ў свой час быў самым маладым генэралам югаслаўскага войску, заўсёды думаў у катэгорыях вайны”.

Гаварыў аналітык нашага радыё Патрык Мор.

Але не прайшло і месяца пасьля жалобы з прычыны сьмерці “бацькі нацыі”, як на парлямэнцкіх выбарах створаная Туджанам партыя Харвацкая Дэмакратычная супольнасьць атрымала сакрушальную паразу.

Выбары прэзыдэнта краіны, што адбыліся напачатку лютага 2000 году, сталі канчатковым крахам партыі, якая на працягу дзесяцігодзьдзя кіравала краінай. Падзеньне папулярнасьці нашчадкаў Туджмана было такім істотным, што іх апанэнты-дэмакраты змаглі нават дазволіць сабе раскошу ўступіць у спаборніцтва паміж сабою. Харвацкай Дэмакратычнай Супольнасьці гэта не дапамагло – яе кандыдат ня выйшаў нават у другі тур прэзыдэнцкіх выбараў, дзе спаборнічалі два дэмакратычныя кандыдаты: Сціпэ Мэсыч і Дражэ Будзішэ.

Цікава зьвярнуць увагу на тое, хто прыйшоў на зьмену камандзе Туджмана. З фармальнага пункту гледжаньня гэта выглядала, як вяртаньне людзей зь мінулага. Кіраўнік сацыял-дэмакратычнай партыі Івіцэ Рачан, які пасьля студзеньскіх выбараў 2000 году ўзначаліў урад, быў апошнім кіраўніком кампартыі рэспублікі Харватыя ў складзе сацыялістычнай Югаславіі. Менавіта Рачан “здаваў уладу” Туджману ў 1991 годзе, пад час набыцьця Харватыяй незалежнасьці. Праз 10 гадоў былы камуністычны кіраўнік з трыюмфам вярнуўся да ўлады. А Сціпэ Мэсыч, які ў лютым 2000 году быў абраны прэзыдэнтам краіны, быў апошнім старшынём калектыўнага кіраўніцтва былой сацыялістычнай Югаславіі. Ён жа стаў і першым кіраўніком ураду ўжо незалежнай Харватыі, да 1994 году Сціпэ Мэсыч уваходзіў у кіраўніцтва партыі Туджмана, аднак разышоўся зь ім, выступіўшы супраць палітыкі Заграбу ў Босьніі.

Але меркаваньне пра вяртаньне людзей зь мінулага – ілюзія, прыйшлі новыя людзі. Намэнклятурнае мінулае – ня ёсьць пячатка на ўсё жыцьцё, час мяняе людзей. Харвацкія камуністы “паружавелі”, ператварыліся ў рэспэктабельную сацыял-дэмакратычную партыю эўрапейскага ўзору, сталі паважаным сябрам Сацыялістычнага інтэрнацыяналу.

Разрыў зь мінулым прадэманстраваў і Сціпэ Мэсыч. “Я буду “Туджманам наадварот” – сказаў ён пасьля абраньня прэзыдэнтам. – Дзе ён быў аўтакратам – я буду дэмакратам, дзе ён быў нацыяналістам – я буду праводзіць праэўрапейскаю палітыку”. Сціпэ Мэсыч дадаў, што Харватыю як мага хутчэй трэба вывесьці з ізаляцыі, у якую яе завялі сілы, што кіравалі краінаю на працягу дзесяцігодзьдзя.

Зразумела, перамога харвацкіх дэмакратаў на парлямэнцкіх, а потым на прэзыдэнцкіх выбарах у 2000 годзе стала вынікам народнай незадаволенасьці вынікамі дзесяцігадовага кіраваньня Туджмана і яго партыі. Вызваленая вайна супраць Бялграду ператварылася ў жорсткае падаўленьне сэрбскай меншасьці ў Харватыі, што стварыла бар’ер на шляху краіны ў Эўразьвяз. Падтрымка харвацкіх сэпаратыстаў у суседняй Босьніі закрыла перад Харватыяй дзьверы ў НАТА.
Пра дваістае стаўленьне рэжыму Туджмана да інтэграцыі ў Эўропу гаворыць Патрык Мор.

(Мор: ) “Яны вельмі хацелі інтэгравацца ў Эўропу, у эўрапейскую сям’ю народаў, аднак не хацелі заплаціць цану дэмакратызацыі, якую Эўразьвяз ад іх вымагаў. Яго каманда была вельмі занятая ўзбагачэньнем праз розныя схемы прыватызацыі, і гэтыя схемы ня вытрымалі б праверкі, якой вымагае сяброўства ў Эўразьвязе”.

Гэта быў аналітык Патрык Мор.

Харваты, якія нават у сацыялістычнай Югаславіі езьдзілі па ўсім сьвеце і адчувалі сябе часткаю Эўропы, успрымалі міжнародную ізаляцыю вельмі балюча. Але былі і больш прыземленыя прычыны незадаволенасьці. Кіраўнік дзяржавы займаўся ўсім: вызначаў, хто атрымае прыватызаваныя прадпрыемствы (даставаліся яны, звычайна, прэзыдэнцкім паплечнікам ды алігархам), уласнаручна распрацоваў форму нацыянальных гвардзейцаў і дзяржаўны герб, вызначаў склад футбольных камандаў (кагосьці гэта нагадвае). Тым часам кожны пяты харват ня меў працы, расьлі падаткі, зьніжаўся ўзровень жыцьця.
Гаворыць рэдактар папулярнага харвацкага часопісу “Глёбус” Владо Вурушыч.

(Вурушыч: ) “Ужо ў 1997 годзе ўсе сацыялягічныя апытаньні фіксавалі падзеньне папулярнасьці партыі прэзыдэнта Туджмана, пакрысе зьніжаўся і ягоны асабісты рэйтынг. У сярэдзіне 1999 году стала відавочным, што партыя Харвацкая дэмакратычная супольнасьць трымаецца выключна на аўтарытэце прэзыдэнта. У 1995 годзе, калі Харватыя вызваліла тэрыторыі, што былі пад сэрбскай акупацыяй, грамадзтва чакала, што пасьля пераможнай вайны пачнецца дэмакратызацыя. Але адбылося наадварот – прэзыдэнт умацоўваў сваю ўладу. Пад час вайны сацыяльныя, эканамічныя праблемы былі на другім пляне, бо было невядома, ці застанецца Харватыя наогул незалежнай краінаю. Але пасьля перамогі гэтыя праблемы вярнуліся. І праз 4 гады перамога партыіі Туджмана была ўжо малаверагоднаю, хаця афіцыйныя мэдыі, кантраляваныя ўладаю, спрабавалі даказаць, што гэта – адзіная сіла, якой варта даверыць уладу. Пасьля сьмерці прэзыдэнта Туджмана стала відавочным, што перамога апазыцыі непазьбежная”.

Гэта быў рэдактар харвацкага часопісу “Глёбус” Владо Вурушыч.

Але ні незадаволенасьць народу, ні крызыс правячай вярхушкі самі па сабе не прыводзяць да пераменаў. Па беларускім досьведзе вядома, што падзеньне папулярнасьці ўлады аўтаматычна не ператвараецца ў рост папулярнасьці яе апанэнтаў.

Што жа супрацьпаставілі ўладзе харвацкія дэмакраты? Ізноў гаворыць Владо Вурушыч.

(Вурушыч: ) “Калі стала зразумела, што ў канцы 1999 году – пачатку 2000 году адбудуцца парлямэнцкія выбары, асноўныя апазыцыйныя партыі левага і правага цэнтраў зразумелі, што толькі ў кааліцыі яны здолеюць перамагчы партыю прэзыдэнта Туджмана. Сацыял-дэмакратычная і сацыял-лібэральная партыі стварылі перадвыбарчы блёк, другі блёк стварылі яшчэ 4 апазыцыйныя партыі. Але абодва блёкі падпісалі кааліцыйны кантракт пра стварэньне адзінага ўраду ў выпадку перамогі на выбарах. Эканамічная і палітычная сытуацыя была жахліваю, краіна апынулася ў міжнароднай ізаляцыі. Фактычна выбары сталі рэфэрэндумам у пытаньні: ці гатовыя Вы быць ізаляваныя ад Эўропы, ці хочаце быць часткаю сучаснага сьвету? Апазыцыя пабудавала кампанію менавіта на гэтым пытаньні.

Я мяркую, што апазыцыя перамагла б і ў тым выпадку, калі б падчас выбараў прэзыдэнт Туджман быў яшчэ жывы, хаця перамога была б не такой пераканаўчаю. Ён сапраўды меў пэўную харызму, пры яго жыцьці большасьць харватаў успрымала яго, як “бацьку” незалежнасьці, “бацьку” сучаснай Харватыі”.

Гаварыў харвацкі журналіст Владо Вурушыч.

Другім чыньнікам перамогі дэмакратаў стала стварэньне гнуткай непалітычнай кааліцыі дзеяньняў, у якую ўвайшлі ня толькі апазыцыйныя партыі, але і недзяржаўныя грамадзкія арганізацыі. Апошнія імкнуліся не да ўлады, а да свабоды, імі рухала разуменьне, што свабоду ім можа прынесьці прыход да ўлады апазыцыі. Надзвычай важную ролю пад час харвацкіх выбараў адыграў ГОНГ – непартыйны рух за справядлівыя выбары, тысячы непартыйных актывістаў забясьпечылі нагляд на ўсіх выбарчых участках, што хаця б часткова прадухіліла фальсіфікацыі.

У мінулай перадачы мы распавядалі, што падобныя арганізацыі ў значнай ступені забясьпечылі і рэвалюцыю выбарчых скрыняў у Славаччыне ў 1998 годзе.

Нарэшце, трэці момант, які спрыяў перамозе харвацкіх дэмакратаў – агітацыя за ўдзел у выбарах. Чым больш людзей ідуць да выбарчых скрыняў, тым большая сярод іх доля моладзі і гараджанаў, тым большы адсотак галасоў атрымліваюць дэмакраты. Гэта закон для ўсіх посткамуністычных краінаў – у 1996 годзе ў Расеі лёзунг перадвыбарчай кампаніі Ельцына “Галасуй альбо прайграеш” быў таксама скіраваны на выкарыстаньне гэтай асаблівасьці масавых электаральных паводзінаў.

У студзеньскіх (2000 году) парлямэнцкіх выбарах у Харватыі да выбарчых скрыняў прыйшлі прыблізна дзве траціны выбаршчыкаў, але сярод моладзі яўка перавысіла 80%. Маладыя харваты выбралі сабе будучыню ў прамым і пераносным сэнсе.

Калі шмат у якіх посткамуністычных краінах дэмакраты, што прыйшлі да ўлады, практыкавалі пэўныя пагадненьні з элітаю былога рэжыму, у Хараватыі разьвітаньне з мінулым было жорсткім і бескампрамісным. Літаральна праз поўгадзіны пасьля перамогі дэмакратаў на парлямэнцкіх выбарах быў арыштаваны туджманаўскі міністар турызму. На працягу некалькіх месяцаў за кратамі апынуліся некалькі дзясяткаў сталпоў былога рэжыму: чыноўнікаў, алігархаў, генэралаў , што заплямілі сябе расправамі з мірным сэрбскім і мусульманскім насельніцтвам. Новая Харватыя пагадзілася супрацоўнічаць з міжнародным трыбуналам ААН у ваенных злачынствах. Уступленьне краіны ў НАТА і Эўразьвяз – пытаньне недалёкага часу. Зразумела, любая рэвалюцыя, у тым ліку і рэвалюцыя выбарчых скрыняў, ніколі не апраўдвае ўсіх спадзяваньняў, якія спараджае.

Беспрацоў’е, напрыклад, за год праўленьня дэмакратаў нават падвысілася, ільвіная доля ўласнасьці, прыватызаванай паплечнікамі былога прэзыдэнта, так і застаецца ў руках туджманістаў. Гэта выклікае пэўнае расчараваньне, якое прымае своеасаблівыя формы – напрыклад, падчас нядаўніх мясцовых выбараў у трэцім па велічыні горадзе Харватыі Рэка да выбарчых скрыняў прыйшло толькі 3% выбаршчыкаў. Праўда, гэтае расчараваньне ў новай уладзе не ператвараецца ў прыхільнасьць да партыі, створанай Туджманам: Харвацкая дэмакратычная супольнасьць мае мізэрны рэйтынг і, здаецца, памерла разам са сваім стваральнікам.

Пад час прэзыдэнцкай кампаніі мінулага году ўсе кандыдаты выракаліся ад спадчыны Туджмана, адмаўляючы яе. Зараз былы прэзыдэнт перастаў быць “кропкаю адліку”, адносна якой вызначаюць свае пазыцыі харвацкая палітычная кляса і харвацкае грамадзтва. Харвацкая нацыя пасталела і ня мае патрэбы ў харызматычным “бацьку”. Сышла гістэрычная любоў да яго, скончыліся і праклёны на адрас дыктатара, засталося толькі шкадаваньне пра змарнаваныя гады. Наступны крок – забыцьцё.

Нядаўна кіраўнік Беларусі Лукашэнка даволі трапна сказаў: “Я, відаць, увайду ў гісторыю нашую як першы прэзыдэнт сувэрэнай і незалежнай Беларусі. І ня больш”.

Гэтая вызначэньне цалкам падыходзіць да прызыдэнта Туджмана. Варта прывесьці парадаксальную думку вядомага харвацкага інтэлектуала Барыса Маруны: “Туджман апынуўся ў патрэбны час у патрэбным мейсцы. Бяда ў тым, што ён не зразумеў ані час, ані мейсца”.

XS
SM
MD
LG