Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці працуюць замежныя спэцслужбы супраць Беларусі, КГБ і памяць пра Дзяржынскага ды іншае


Сяргей Навумчык

Удзельнічае: Валер Костка.

(эфір 15.08.2000)

Аўтар і вядучы: Сяргей Навумчык

У гісторыі сусьветных спэцслужбаў багата выпадкаў, калі адна дзяржава скарыстоўвае пэўныя мэтады для ўскладненьня ўнутрыпалітычнай сытуацыі альбо для кампрамэтацыі краіны.
Сёньня – пра некаторыя з гэтых мэтадаў.

Адразу пасьля зьнікненьня апэратара ОРТ Зьміцера Завадскага агенцтва Інтэрфакс зьмясьціла аналіз вэрсіяў. Сярод іх была і наступная (цытуем):

"Завадскі стаў ахвярай адмысловай апэрацыі, арганізаванай гэтак званай "пятай калёнай", якая, нібыта, існуе ва ўладных структурах Беларусі. Аналітыкі мяркуюць, што зьнікненьне шэрагу вядомых у краіне палітыкаў, у прыватнасьці, экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, былога віцэ-прэм'ера Віктара Ганчара і зьнікненьне Завадскага – зьвёны аднаго ланцугу. Мяркуецца, што ў праваахоўчых ворганах нібыта існуе група людзей, якая "сьвядома" падстаўляе Аляксандра Лукашэнку. Зьнікненьне Захаранкі, Ганчара і іншых некаторыя экспэрты прыпісваюць да дзеяньняў "пятае калёны". Менавіта паводле каманды пятай калёны, паводле аналітыкаў, нядаўна ў Менску было зроблена нічым не матываванае і зьнішчальнае для іміджу Лукашэнкі затрыманьне міліцыяй вялікай колькасьці журналістаў пад час асьвятленьня імі адной з акцыяў апазыцыйных сілаў. "Пятую калёну" абвінавачваюць і ў іншых памылках, зьвязаных з дзейнасьцю, перад усім, сілавых ведамстваў".

Тут ёсьць шмат таго, з чым можна было б паспрачацца. Асабіста мне адаецца, што ніякія калёны анты-іміджмэйкэраў ня здольныя гэтак запляміць імідж Лукашэнкі, як гэта здольны зрабіць сам Лукашэнка.

Але давайце паспрабуем прааналізаваць такую вэрсію. І нават паглядзім шырэй – у гісторыі ХХ стагодзьдзя шмат прыкладаў, калі спэцслужбы адной краіны арганізоўвалі сцэнар той альбо іншай правакацыі ў мэтах дыскрэдытаваць іншую краіну.

Па камэнтар да былога супрацоўніка КГБ, падпалкоўніка Валерыя Косткі зьвярнуўся журналіст Аляксандар Коктыш.

(Коктыш: ) "Былы супрацоўнік КГБ Валер Костка ўпэўнены, што на фоне магчымага буйнога скандалу з Беларусьсю Расея будзе выглядаць больш-менш прыстойна і, гэткім чынам, адцягне ўвагу міжнароднай супольнасьці ад вайны ў Чачні. Ён таксама лічыць, што падобны сцэнар ўжо быў пасьпяхова рэалізаваны ў 1993 годзе пад час "турэцкага скандалу", калі некалькі турэцкіх дыпляматаў, паводле меркаваньня беларускага боку, займаліся недазволенай дзейнасьцю. На той час псаваць адносіны з Анкарой было абсалютна не ў інтарэсах Беларусі. Тады вяліся дастаткова сур'ёзныя перамовы ў справе выдаткаваньня Турцыяй каля 200 мільёнаў даляраў нашай краіне. Валеры Костка абсалютна перакананы: гэты гучны скандал быў сплянаваны і выгадны менавіта Расеі, хоць рэалізавалі яго беларускія спецслужбы. Увогуле, на думку Косткі, з 1991 году, калі разваліўся Савецкі Саюз, у адносінах да Беларусі Расея з дапамогаю сваіх агентаў, у кожным больш-менш істотным міністэрстве праводзіць мэтанакіраваную, інтэнсыўную палітыку ўплыву і ціску на Менск у стадыі прыняцьця самых сур'ёзных эканамічных і палітычных рашэньняў".

(Костка: ) "Была інфармацыя з дакладных крыніцаў у Генадзя Карпенкі, калі ён быў намесьнікам Старшыні Вярхоўнага Савету – такую б інфармацыю па легальных каналах "скідвалі" – наконт удзелу спэцслужбаў у кантролі за палітычнай сытуацыяй у Беларусі. На той час называліся лічбы – 18 рэзыдэнтураў і 54 агенты ўплыву на вышэйшых службовых пасадах у Беларусі. Наколькі гэта сапраўдна – мне цяжка меркаваць".

Нагадаем, што пасаду намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі займае вядомы сваімі прарасейскімі настроямі Ўладзімір Замяталін. Віцэ-прэм'ерам і адначасна міністрам замежных справаў Беларусі зьяўляецца Ўрал Латыпаў, палкоўнік КГБ. Намесьнікам старшыні беларускага КГБ служыць выхаванца расейскіх спэцслужбаў Ерын.

Валер Костка лічыць: у тым, што ў КГБ Беларусі не адбылося істотнага рэфармаваньня, перш за ўсё вінаватыя расейскія спэцыяльныя службы, бо менавіта ў іх інтарэсах пакінуць у беларускім КГБ ўсё без усялякіх зьменаў.

(Костка: ) "Калі пройдуць рэформы, дык, відавочна, паўстане пытаньне нацыянальнай бясьпекі. А нацыянальная бясьпека – гэта ўжо нацыянальныя інтарэсы. І менавіта пад гэты інтарэс трэба будзе праводзіць рэформу. А няма рэформы – няма і нацыянальнай бясьпекі".

Як бачым, спадар Костка акцэнтуе ўвагу на тым, што расейскія спэцслужбы не зацікаўленыя ў рэфармаваньні беларускіх спэцслужбаў. Што ў Менску да рэформаў далёка – гэта бясспрэчна. КГБ Беларусі нават захавала назоў савецкіх часоу – адзінае ў краінах былога СССР.

Дарэчы, у нядаўнім інтэрвію газэце "Московский комсомолец" старшыня КГБ генэрал Уладзімер Мацкевіч заявіў, што гэтага дамагаўся… Народны Фронт і апазыцыя БНФ (цытую): "пасьля прыняцьця незалежнасьці ў Вярхоўным Савеце, дзе цяперашняя апазыцыя мела тады большасьць…" (канец цытаты). У гэтым самым інтэрвію адзначаецца, што Менскую вышэйшую школу КГБ скончылі і цяперашні дырэктар ФСБ Мікалай Патрушаў, і сакратар Рады Бясьпекі Расеі Сяргей Іваноў. Праграма дысцыплінаў гэтай навучальнай установы– сакрэтная, але ж вядома, што арыфметыцы вучаць у першым клясе звычайнай школы. Дзіўна, што генэрал Мацкевіч ня можа палічыць, што 30 – колькасьць апазыцыйных дэпутатаў – гэта менш чым 300.

Паміж іншага, у гэтым жа інтэрвію старшыня КГБ Мацкевіч заяўляе, што асабіста ён паважае Дзяржынскага. "Гісторыя яшчэ разьбярэцца ва ўсім. Фэлікс Эдмундавіч сапраўды быў асобай неардынарнай". На заўвагу карэспандэнта, што Беларусь адзіная адзначыла 120-годзьдзе заснавальніка ВЧК, Мацкевіч адказаў: "У рэшце рэшт Дзяржынскі – наш зямляк. Не адрэагаваць на ягоны юбілей было б, найменш, непавагаю да нашай гісторыі".

Адносна Дзяржынскага юбілейнымі ўрачыстасьцямі КГБ не абмежаваўся. Ля мікрафону наш карэспандэнт Ігар Карней:

(Карней: ) "Як стала вядома, кіраўніцтва КГБ усур'ёз абмяркоўвае прывядзеньне ў першапачатковы выгляд радавога гнязда Дзяржынскіх ў Налібоцкай пушчы. Прынамсі, "дабро" на адкрыцьцё дабрачыннага рахунку па аднаўленьні, так бы мовіць, "сьвятога месца" ужо атрымана.

У прэсавай службе КГБ мне паведамілі, што ўжо пералічаныя пэршыя мэтавыя грошы ад розных суполак ветэранаў КГБ, уключаючы і маскоўскіх "таварышаў". Шчыруюць і былыя супрацоўнікі КГБ Беларусі, якія гатовыя пералічваць грошы са службовых пенсіяў. Як гэта часта бывае, няма гарантыяў, што да "пачэснага абавязку" ня будуць прыцягнутыя і бізнэсовыя структуры. А вось хто будзе асноўным наведвальнікам навасьпечанай "святыні" – пакуль невядома. Як мне сказалі ў тым жа прэсавым цэнтры, у мясцовага насельніцтва якраз няма прыліву патрыятызму з той прычыны, што яны жывуць з ценем у большай ступені сумназнакамітага земляка.

Дырэктар мэмарыяльнага дома-музэю Дзяржынскага ў Івянцы Алег Раманоўскі лічыць, што гісторыю, якой бы яна не была, трэба шанаваць. Але на месцы мэмарыяльнага комплексу можна было б адчыніць, напрыклад, музэй беларускае шляхты.

(Раманоўскі: ) "Мы мяркуем аднавіць і паказаць там сядзібу беларускай шляхты. У родзе Дзяржынскіх было шмат выбітных і лекараў, і мастакоў, і архітэктараў. Мы лічым, што ў Беларусі ўжо час зрабіць шляхетныя сядзібы, паказваць шляхетныя рады, гэральдыку вывучаць, і гэтак далей. Было намаганьне дапамагчы нам адбудаваць гэтую сядзібу, але цяпер недастаткова сродкаў".

(Карней: ) "Спадар Алег, а як Вы самі ставіцеся да асобы Дзяржынскага?"

(Раманаў: ) "Па-рознаму людзі ставяцца. Але я сваё меркаваньн пакіну пры сабе. Кожны чалавек павінен заставацца ў нашай гісторыі, і людзі па-рознаму будуць ацэньваць".

Калі зрабіць невялікі экскурс у гісторыю, дык упершыню фальварак Дзяржынава прыгадваецца ў сярэдзіне 17 стагодзьдзя. Тады ротмістар Мікалай Дзяржынскі набыў жыльлёвыя пабудовы і сто гектараў лесу ды зямельных надзелаў. На працягу 200 гадоў, якія папярэднічалі нараджэньню самага знакамітага з роду Дзяржынскіх, архітэктурны ансамбаль зазнаў розныя зьмены. Апошнія сьведчаньні дачыненьня да гістарычнага моманту былі зьмеценыя з твару зямлі ў жніўні 1943 году фашысцкімі карнікамі. У 1972 годзе на месцы гістарычнага папялішча ў адбудаваным на "хуткую руку" памяшканьні пачаў працаваць філіял івянецкага дому-музэю Дзяржынскага. Нягледзячы на адсутнасьць прывабнага інтэр'еру, амаль 20 гадоў месца рэвалюцыйнай славы штогод наведвалі каля 100 тысячаў айчынных і замежных турыстаў. Незадоўга да сувэрэннага падзелу Савецкага Саюзу партыйныя чыноўнікі кінулі заклік пачаць будаўнічыя работы на асірацелых падмурках.

У 1989 годзе падштурхнуты на подзьвігі калгас "Радзіма Дзяржынскага" пералічыў з уласных фондаў 25 тысячаў рублёў – палову ад усяго каштарысу двухпавярховага дому, дзе нарадзіўся Фэлікс Дзяржынскі і некалькіх гаспадарчых пабудоваў. Але пакуль камандзіраваны ў Польшчу архітэктар вывучаў сасблівасьці нацыянальнага дойлідзтва, у межах Саюзу пачаліся неабарачальныя працэсы. Пра Дзяржынскага забыліся на цэлае дзесяцігодзьдзе. Падмурак, падрыхтаваны да вялікай будоўлі, больш нагадваў які бункер і зарос пустазельлем. Практычна ніводнага разу ў постсавецкі час партыйную "Мекку" не наведвалі мясцовыя камуністы. Былая актыўнасьць паступова сыйшла на нуль. Плян па наведваньні выконваўся выключна коштам курсантаў акадэміі міліцыі і вышэйшай школы КГБ. Першыя пад пільным вокам "жалезнага Фэлікса" прымалі прысягу, другія – атрымлівалі дыплёмы і асабістую зброю.

Хоць комплекс фармальна і працягвае лічыцца на балянсе міністэрства культуры, рэальным гаспадаром пакінутага аб'екту ўвесь час быў КГБ.

Усе рэстаўрацыйныя работы апошніх пяці гадоў выконваліся сіламі і за сродкі дзяржбясьпекі. Капітальныя работы на сядзібе былі прымеркаваныя да 70-годзьдзя КГБ і 120-годзьдзя з дня нараджэньня Дзяржынскага. У гэтым сэнсе мінітэрства культуры калі чым і можа пахваліцца, дык гэта акладам свайму малодшаму навуковаму супрацоўніку і вартаўніку ў адной асобе. За дзесяць з невялікім даляраў Міхаіл Грыб вось ужо 23 гады па прыкладзе Дзяржынскага мужна пераносіць вытворчую катаргу. Вестку аб пэрспэктыве аднаўленьня Дзяржынава ў першародным абліччы мясцовы гід разглядае ў пераламленьні ўласнага лёсу: магчыма, хоць зараз дзяржава ацэніць ягоную працу. Пры ўмове, што сабраных грошай хопіць, каб пачаць даводзіць сумніўную паводле патрэбы будоўлю.

У той час, калі беларускае КГБ трымаецца за асобаў, якія ў цывілізаваным сьвеце ўспрымаюцца як змрочныя постаці, краіны ва Ўсходняй Эўропе ачышчаеюцца ад таго, што пакінуў ім сацыялізм. Мы ўжо распавядалі пра суд у справах Леха Валэнсы і Аляксандра Квасьнеўскага. Суд даказаў, што былы і цяперашні прэзыдэнты Польшчы не супрацоўнічалі са спэцслужбамі ў часы камуністычнай ўлады.

У сваім аналізе гэтай падзеі вашынгтонскі аналітык нашага Радыё Пол Гобл адзначае, што праціўнікі люстрацыі ў якасьці аргумэнту скарыстоўваюць наступнае меркаваньне. Маўляў, ў камуністычныя ці нават ужо ў посткамуністычныя часы спэцслужбы маглі адмыслова кампрамэтаваць ненкаторых асобаў. А менавіта – завесьці на іх картатэкі як на агентаў, хаця яны насамрэч ніколі з тайнай паліцыяй не супрацоўнічалі. Пол Гобл мяркуе, што такія псэўда-справы маглі быць зробленыя ў краінах Усходняй Эўропы паводле рэкамэндацыі савецкага КГБ для таго, каб запляміць патэнцыйных дэмакратычных лідэраў.

Праціўнікі люстраццыі таксама кажуць, што засяроджваньне ўвагі грамадзтва на мінулым можа прывесьці да паляваньня на вядзьмарак і дэстабілізуе сытуацыю ў краінах.

Нарэшце, у былыя часы шмат у каго проста не было выбару.
Але нягледзячы на падобныя аргумэнты, якія, дарэчы, можна пачуць ня толькі ва Ўсходняй Эўропе, але і на Захадзе, Пол Гобл адзначае, што суд у справе Квасьнеўскага і Валэнсы, якім бы непрыемным ён ня быў для гэтых палітыкаў, мае найперш маральнае значэньне. Прааналізаваць мінулае абсалютна неабходна, калі грамадзтва мае намер будаваць дэмакратычную будучыню.

XS
SM
MD
LG