Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІЯ ПАЗЫТЫЎНЫЯ ДАСЯГНЕНЬНІ МАГЛІ БЫ ПРАСЛАВІЦЬ СУЧАСНУЮ БЕЛАРУСЬ У СЬВЕЦЕ?


Браніслава Станкевіч, Віцебск

(Карэспандэнтка: ) “Якія пазытыўныя дасягненьні маглі бы праславіць Беларусь у сьвеце?”

(Хлопец: ) “Я думаю, што найперш трэба прасоўваць нашую моладзь. І яшчэ нашую культуру. У нас жа выбітная культура! У нас выдатныя пісьменьнікі! Толькі трэба даваць болей магчымасьцяў, каб людзі змаглі самарэалізавацца”.

(Спадарыня: ) “Зьмясьціць Лукашэнку — гэта першае. А другое — новы закон пра СМІ. І ўсё, ніякіх праблемаў. Набылі бы вядомасьць як самая дэмакратычная краіна ў сьвеце!”

(Спадар: ) “Я думаю, што беларускае мастацтва яшчэ недастаткова добра ведаюць у іншых краінах. І патэнцыйна нашыя мастакі, літаратары, іншыя творцы маглі бы праславіць Беларусь. Наконт эканомікі я бы не сказаў, што мы выйшлі на нейкія “перадавыя рубяжы”.

(Хлопец: ) “Я лічу, што спорт. Пакуль што. Можа, яшчэ “Славянскі базар” паспрыяе вядомасьці Беларусі”.

(Дзяўчына: ) “Толькі беларускі авангард і постмадэрнізм! Вось гэта праславіць Беларусь. Так!”

(Карэспандэнтка: ) “А што-небудзь па-за межамі мастацтва ў нас ёсьць такога, што магло бы праславіць Беларусь?”

(Дзяўчына: ) “Гэтага яшчэ трэба чакаць!”

(Дзяўчына: ) “Толькі ў галіне культуры. Прынамсі, у літаратуры”.

(Дзяўчына: ) “Не! Я лічу, што музыка таксама магла бы праславіць Беларусь. Вось калі б нашыя “Аляксандра ды Канстанцін” перамаглі на “Эўрабачаньні”, то Беларусь бы праславілася. Шкада, не атрымалася…”

Пра тое, што ў беларусаў пакуль што “не атрымалася” праславіць сябе ў сьвеце, віцябляне гаварылі дастаткова часта:

(Хлопец: ) “Нават ня ведаю, што адказаць на такое пытаньне. Нічога, у прынцыпе, у нас такога няма”.

(Хлопец: ) “Пазытыўнае? Магу сказаць толькі пра нэгатыў: беларускія гакеры, мабыць, адны з найлепшых у сьвеце!”

(Дзяўчына: ) “У нас шмат прыгожых, знакамітых мясьцінаў. Таму, я думаю, нам трэба было бы разьвіваць турызм. Праз гэта мы насамрэч можам праславіцца на ўвесь сьвет, я лічу гэта адзіна рэальнай магчымасьцю. Але чамусьці ў нас нічога такога ня робіцца”.

(Хлопец: ) “Я думаю, што ня так усё проста. Мы яшчэ не зрабілі нічога такога надзвычайнага. Спачатку нам варта зрабіць нешта такое, каб мы самі змаглі ганарыліся сабою. А потым ужо хваліцца перад іншымі. Гэта пакуль што яшчэ рабіць ранавата”.

Але й выдатныя пэрспэктывы, і добры грунт для іх, на думку віцяблянаў, Беларусь безумоўна мае:

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што толькі творчасьць ды свабода змогуць дапамагчы нашаму народу. Нашыя пісьменьнікі, паэты ўжо шмат чаго дасягнулі. Прыкладам, Васіль Быкаў — гэта ўжо клясыка, нам тут ёсьць чым ганарыцца! А яшчэ — маладым пакаленьнем. Я лічу, што новае пакаленьне абавязкова зможа нешта зрабіць, у гэта я веру!”
XS
SM
MD
LG