Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫХАРЫ ВЁСКІ АНІСЬКАЎШЧЫНЫ ПАПРАСІЛІ Ў ЛУКАШЭНКІ ТЭЛЕФОН


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Да візыту Аляксандра Лукашэнкі рыхтаваўся ўвесь Бялыніцкі раён. Тут прайшла вялікая кампанія добраўпарадкаваньня тэрыторыяў. Вось што распавядаюць жыхары раёну.

(Спадарыня: ) “Зьмяніліся Бялынічы – не пазнаць. Людзі ў цемры ноччу працавалі. Поўныя зьмяненьні”.

(Спадар: ) “Усе суботнікі працавалі, тры суботы запар наводзілі парадак. Бялілі, фарбавалі, асфальтавалі. Ну як заўсёды, калі патрэбна паказаць пацёмкінскія вёскі”.

Людзі таксама загадзя атрымалі ад сваіх кіраўнікоў настойлівыя парады наконт паводзінаў на сустрэчах Аляксандра Лукашэнкі з народам.

(Спадарыня: ) “Сказалі: пытаньні не задаваць, калі ён выйдзе на ганак, сам усё скажа. Дык што тут такога? Увогуле, ніяк мы да гэтага не ставімся. Нічога асаблівага”.

Паводле паведамленьняў афіцыйных мэдыяў, Аляксандар Лукашэнка вывучаў у Бялыніцкім раёне праблемы непэрспэктыўных вёсак.У Гнездзіне пераважная большасьць жыхароў– пэнсіянэры, а ў Аніськаўшчыне ўсяго 5 двароў і 7 чалавек. Вяскоўцы сказалі Аляксандру Лукашэнку, што ім няма на што скардзіцца і дзякавалі ўладам за рамонт крамы і добраўпарадкаваньне.

Толькі папрасілі адзін тэлефон для Аніськаўшчыны, якая жыве ўвогуле без сувязі, ды таксама дакладна ўпэўніліся ў кіраўніка дзяржавы, што не будзе зачынены ўчастковы шпіталь.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што будзе распрацаваная сыстэма дапамогі адзінокім састарэлым людзям.

(Лукашэнка: ) “Усё адразу ня зробім, і ня трэба – у нас сродкаў няма, аднак у гэтым кірунку трэба працаваць”.

Сёньня ў Бялыніцкім раёне Аляксандру Лукашэнку дэманстравалі лепшую калектыўную гаспадарку “Радзіма” і яе гордасьць –жывёлагадоўчы комплекс, дзе з дапамогай сучаснага абсталяваньня “ленінградзкія” каровы даюць вялікія надоі.

Аляксандар Лапацэнтаў, які кіруе гаспадаркай 24 гады, распрацаваў і ўкараніў у калгасе “Радзіма” сваю сыстэму дысцыпліны, якая заснаваная на штрафах і прэміях. Калгасьнікам таксама плацяць дадатковыя грошы, калі яны адмаўляюцца ад моцных напояў і тытуню.

Для ўсіх установаў і прадпрыемстваў у Магілёўскай вобласьці на час візыту Аляксандра Лукашэнкі аб’яўленая “гатоўнасьць нумар 1”. Адпрацаваная кожная дробязь: нават у магілёўскіх прыватных крамах ад прадавачак запатрабавалі на ўсякі выпадак мець бэджы з імёнамі. Органы мясцовай улады загадзя падрыхтавалі ўсе магчымыя справаздачы, і гатовыя рапартаваць у любы момант.
XS
SM
MD
LG