Ператрусы прайшлі ў кватэры старшыні незарэгістраванага страйкаму прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага, у ягоных бацькоў, у сястры жонкі. Сам Леванеўскі дагэтуль знаходзіцца ў спэцпрыёмніку, яго арыштавалі за распаўсюджваньне ўлётак. Дома ў яго знайшлі няспраўны газавы пісталет. А ў намесьніка Леванеўскага Аляксандра Васільева — няспраўны мінашукальнік, які захоўваўся на лецішчы. Ператрус адбыўся нават у швагеркі А.Васільева, а ў яго дома была ўлётку зь вершам, паводле якой распачатая крымінальная справа. Сам герой гумарыстычнага верша, падпісанага прозьвішчам “Чукоўскі”, — безназоўны.
(Васільеў: ) “Нідзе там не ўпамінаецца, што гэта менавіта Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка альбо “наш прэзыдэнт”. Таму гэта ўжо хутчэй іхныя домыслы аб тым, што ў вершы яны бачаць абразу прэзыдэнта”.
Вось як адбываўся допыт:
(Васільеў: ) “Мяне дапытвалі ў якасьці сьведкі, дапытвалі таксама і маю жонку. Дапытвалі, як я лічу, з парушэньнем Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, паколькі допыт ажыцьцяўляўся з 22 да 23 гадзінаў. Пры гэтым сьледчы спаслаўся на тое, што ў яго нейкія неадкладныя абставіны”.
У КГБ па гэтай справе таксама дапытвалі дзяцей Валерыя Леванеўскага — 17-гадовую Кацярыну і 20-гадовага Зьмітра.
(Зьміцер: ) “Увогуле — што пыталі: адкуль улёткі, дзе друкуюцца, чыё абсталяваньне? Менавіта хацелі высьветліць, хто напісаў верш”.