Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК МАГІЛЁЎЦЫ СТАВЯЦЦА ДА ЎВЯДЗЕНЬНЯ КАНТРАКТНАЙ СЫСТЭМЫ?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

(Карэспандэнтка: ) “Скажэце, калі ласка, ці падтрымліваеце вы ўвядзеньне кантрактнай сыстэмы?”

(Спадар: ) “Не, канечне, таму што неабароненасьць поўная. Асабліва як я – настаўнік, дык ніякіх правоў, анічога. Прафсаюзы – намінальная арганізацыя, якая практычна ні на што не ўплывае”.

(Спадарыня: ) “Добра, што дысцыпліна будзе. Дрэнна, што начальнік будзе выбіраць, каму працаваць, а каму – не”.

(Спадар: ) “Я мяркую, што гэта нядобра, перш за ўсё таму, што няма ўпэўненасьці ў тым, што нашыя кіраўнікі – прыстойныя людзі. І вось калі ад іх шмат чаго залежыць, гэта сапраўды дрэнна”.

(Спадар: ) “Кожны кіраўнік мае сваё слова. Калі ты добры спэцыяліст, ён будзе цябе трымаць, а калі алкаш – не будзе, натуральна. Трэба мець прафэсійную годнасьць”.

(Спадарыня: ) “Мінусы ў тым, што з цягам часу можна страціць працу. А зараз з працай у нас вельмі і вельмі цяжка. Так? – Так!”

(Спадарыня: ) “У мяне дзеці кантракт падпісалі, і яны ўжо хвалююцца, што на 5 гадоў ім далі – абмежаваны час працы, і яны ўжо думаюць, што трэба шчыраваць, каб прадоўжылі кантракт”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, як вы мяркуеце, пры ўвядзеньні кантрактаў людзі стануць лепей працаваць альбо не?”

(Спадарыня: ) “У прынцыпе, так. Чалавек будзе зацікаўлены трымацца за месца, гэта ж ясна. Каб яго не звольнілі, не разьвіталіся зь ім”.

(Спадар: ) “Можа, яны лепей і не будуць працаваць, але ва ўсякім разе больш “дзёрганыя” і нэрвовыя стануць”.

(Спадар: ) “У мяне знаёмыя працуюць у школах, і зараз настаўнікі паміж сабой заўсёды лаюцца, таму што кантракты з адным заключылі на год, з іншым – на тры гады, а з трэцім – на пяць гадоў. І яны ніяк не могуць зразумець, чаму так адбываецца, таму што тэрмін кантракту ад якасьці працы чалавека не залежыць”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, ці можа кантрактная сыстэма быць сродкам уціску людзей, якія проста не падабаюцца начальнікам альбо маюць іншыя погляды на жыцьцё, уладу і гэтак далей?”

(Спадар: ) “Гэта 100%-ны ціск на людзей. Ну і шмат будзе “шасьцёрак”.

(Спадарыня: ) “Гэта таксама свайго роду зброя начальніка. Так, канечне”.

(Спадарыня: ) “Але існуюць на сёньняшні дзень у нас прафсаюзы, рада працоўнага калектыву”.

(Спадарыня: ) “Калектыў для таго і падбіраецца, каб быць адзіным цэлым, з аднаго боку. А, з іншага, і добрыя людзі будуць сыходзіць з працы менавіта з гэтай прычыны, таму што яны не падабаюцца начальнікам, уладзе”.

(Спадарыня: ) “Кантракт скончыцца, і ты ўжо не будзеш патрэбен прадпрыемству ці арганізацыі, дзе ты працуеш, і ты свабодны”.

Гэта былі меркаваньні мінакоў на магілёўскіх вуліцах наконт масавага ўвядзеньня кантрактнай сыстэмы.
XS
SM
MD
LG