У Беларусі прыватныя мастацкія галерэі ды музэі пакуль ня вельмі распаўсюджаныя. Што ўяўляе зь сябе галерэя “Янушкевічы”? З выгляду гэта цэлы маёнтак у цэнтры Ракава побач з касьцёлам, апетым у супольным праекце “Народны альбом”.
Агульная плошча рознаўзраўневага будынку каля пяцісот квадратных мэтраў. Фэлікс Янушкевіч кажа, што спатрэбілася дзесяць гадоў, каб скончыць будоўлю галерэі. Уласна, калекцыя пачала зьбірацца яшчэ ў 1970-х гадах. Прычым стваральнікі маюць магчымасьць прадэманстраваць толькі траціну сваёй калекцыі.
Наведнік праходзіць празь некалькі заляў, дзе бачыць скульптуры і карціны Валяр’яны і Фэлікса Янушкевічаў, а таксама іхных сяброў. І паралельна экспанаты побыту, датычныя Ракава: свайго кшталту краязнаўчую экспазыцыю. Самы стары экспанат зроблены ў 17-м стагодзьдзі. Вядома, ёсьць шмат керамікі, якой славіўся Ракаў. Багата кніжак, шкляных вырабаў габрэйскіх рамесьнікаў, польскамоўныя і нямецкамоўныя шыльды ды дакумэнты.
Зоркай экспазыцыі на мой погляд можа быць падарожны працоўны столік Адама Міцкевіча. Адзін з продкаў Янушкевічаў працаваў у вялікага паэта сакратаром.
На экскурсію ў галерэю і музэй можа патрапіць кожны. Цяпер культурны асяродак “Янушкеівічы” – гэта паўнавартаснае прадпрыемства. Літаральна днямі Фэлікс Янушкевіч заплаціў першы падатак, як прыватны прадпрымальнік. Куратар праекту спадзяецца, што плата за экскурсіі дапаможа акупляць выдаткі на ўтрыманьне немалога будынку. Прынамсі для мяне гадзіна экскурсіі праляцела, як сэкунда.
З асаблівым захапленьнем Фэлікс Янушкевіч распавядае пра жыцьцё Ракава міжваеннага часу 1920-30-х гадоў. Ну хто б з сучасных беларусаў мог западозрыць, што звычайная з выгляду мястэчка Ракаў перад вайной была мястэчкам з дзьвюма сотнямі крамаў і сотняй кавярняў і рэстарацыяў?