Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЧАСЕ ЖАЛОБНАЙ ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ АКЦЫІ МІЛІЦЫЯНТЫ ЗАТРЫМЛІ 11 ВІЦЯБЛЯНАЎ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Жалобная акцыя, прымеркаваная да ўгодкаў чарнобыльскае трагедыі, распачалася ў Віцебску а 17-й гадзіне. Яна была падрыхтаваная супольна сябрамі АГП і БНФ “Адраджэньне”, якія вырашылі прайсьці ўздоўж па цэнтральнай вуліцы Леніна пад гукі сымбалічнага чарнобыльскага звону.

Працэсія рухалася па абодва бакі вуліцы, а на чале ішлі дзьве жанчыны ў бел-чырвона-белых строях з чорнымі стужкамі на галовах. Час ад часу абедзьве калёны спыняліся, і паўз мэгафон абвяшчалася хвіліна маўчаньня.

Акцыя адразу ж прыцягнула ўвагу шматлікіх віцебскіх мінакоў, якім партыйцы раздавалі адмыслова падрыхтаваныя ўлёткі. Далучыліся да акцыі і прадстаўнікі іншых грамадзкіх утварэньняў, да прыкладу, удзельнік перадвыбарчага блёку “Маладая Беларусь” Павал Севярынец ды вядомы журналіст, праваабаронца Валеры Шчукін.

Шэсьце па вуліцы Леніна не было санкцыянаваным уладамі, але ягоныя ўдзельнікі меркавалі, што ў дзень чарнобыльскіх угодкаў ніхто ня стане перашкаджаць правядзеньню жалобнае акцыі. Аднак ужо празь некалькі хвілінаў супрацоўнікі Чыгуначнага райаддзелу міліцыі затрымалі ды завезьлі ў пастарунак чацьвярых сябраў БНФ “Адраджэньне” – старшыню гарадзкое Рады Ўладзя Токарава, Кастуся Смолікава, Сяргея Шапіру ды Алеся Янушкевіча.

Яшчэ празь некалькі хвілінаў удзельнікі акцыі, якія рухаліся па другім баку вуліцы, падпалі пад увагу міліцыянтаў з Кастрычніцкага райаддзелу. Міліцыянты затрымалі старшыню гарадзкой арганізацыі АГП Алену Залескую, і яшчэ двух партыйцаў – Элу Канавалаву і Уладзімера Семенчукова, які меў пры сабе некалькі соцень улётак.

Разам зь імі ў пастарунак завезьлі і некалькіх мінакоў, якія далучыліся да калёны ў часе акцыі. Такім чынам былі затрыманыя пэнсіянэрка Роза Пушкарова, якая толькі што атрымала некалькі ўлётак, і карэспандэнт Радыё Палёнія Юрась Сьцяпанаў, у якога знайшлі іншыя недзяржаўныя друкаваныя выданьні. З тае самае прычыны затрымалі і сябра КХП БНФ Яна Таўпыгу, які прайшоў разам з удзельнікамі акцыі усяго некалькі мэтраў, і студэнта мэдычнага ўнівэрсытэту Кастуся Кузьняцова – пра яго міліцыянты сказалі, што ён стаяў побач ды замінаў ім працаваць.

Яшчэ двум сябрам АГП, Фёдару Бакунову ды Сяргею Катушову, міліцыянты проста на вуліцы наладзілі асабісты ператрус – у іхным адзеньні ды рэчах яны таксама шукалі ўлёткі. Бо, паводле супрацоўнікаў міліцыі, гэтыя ўлёткі ўтрымліваюць непажаданую інфармацыю пра наступствы Чарнобылю.

Да слова, афіцыйныя віцебскія выданьні не прысьвяцілі чарнобыльскім угодкам ніводнага радка.

На ўсіх затрыманых міліцыянты склалі пратаколы за адміністрацыйнае парушэньне – удзел у несанкцыянаванай акцыі.
XS
SM
MD
LG