Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГІЛЁВЕ АДЗНАЧЫЛІ 18-Я ЎГОДКІ ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ КАТАСТРОФЫ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Надзвычай дрэннае надвор’е ў Магілёве — моцны сьнег і вецер — перашкодзіла арганізатарам і ўдзельнікам акцыяў, прымеркаваных да ўгодкаў чарнобыльскай аварыі. Яны прайшлі вельмі каротка, у іх брала ўдзел няшмат людзей. Сябры магілёўскіх арганізацыяў Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, іншых дэмакратычных грамадзкіх арганізацыяў усклалі вянкі й кветкі да помніку ліквідатарам наступстваў катастрофы і да Чарнобыльскага крыжа, ушанавалі памяць бязьвінных ахвяраў радыяцыйнай навалы.

Магілёўцы меркавалі, як зьмянілася сытуацыя ў краіне ў параўнаньні з 1986 годам і як цяпер вырашаюцца чарнобыльскія праблемы. Гаворыць Уладзімер Шанцаў:

(Шанцаў: ) “Чарнобыль для мяне — гэта наступства таталітарнага рэжыму, які панаваў у тыя часы. На жаль, абставіны ў Беларусі мала зьмяніліся. 18 гадоў прайшло, але праблемы засталіся”.

Няўвагу ўладаў да чарнобыльскіх праблемаў лічыць сёньня вялікай небясьпекай Рыгор Кастусёў:

(Кастусёў: ) “Апошнія паводзіны прадстаўнікоў улады, асабіста прэзыдэнта і ягоныя словы, што можна жыць у забруджаных мясьцінах, можна харачавацца, — я лічу, што такія падыходы адмоўныя, не павінна так адбывацца”.

Людзі сёньня звыкліся з чарнобыльскай бядой, мала заўважаюць яе наступствы і забываюцца на тое, як ад іх хавалі праўду пра катастрофу. Міхась Булавацкі лічыць, што людзям трэба абавязкова нагадваць пра тое, што адбылося 18 гадоў таму:

(Булавацкі: ) “Мы жылі ў такой краіне, дзе кіравалі бяздарныя людзі, якія ня думалі пра лёс і краіны, і людзей, якія жывуць у ёй. Менавіта Чарнобыль дапамог гэтую ўладу скінуць. Яе няма, але перажыткі яе ў нас ёсьць і, у прынцыпе, людзі з тым жа самым мысьленьнем кіруюць і сёньня ў нашай краіне. І вылазіць з гэтага бруду мы будзем яшчэ доўга”.

У магілёўскім касьцёле і ў праваслаўнай царкве прайшлі літургіі памяці ахвяраў Чарнобылю. Дэмакраты таксама заплянавалі сёньня ўвечары выйсьці на традыцыйную сымбалічную акцыю — у цэнтры Магілёва, на вуліцы Першамайскай людзі са сьвечкамі ў руках стануць у ланцуг памяці ахвяраў чарнобыльскай катастрофы.
XS
SM
MD
LG