Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАРАДЗЕНСКАЕ ТБМ ВЫСЯЛЯЮЦЬ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Старшыня арганізацыі ТБМ Мікола Маркевіч быў зьдзіўлены, калі даведаўся пра высяленьне, паколькі таварыства своечасова заплаціла за арэнду. Сёньня мы са спадаром Маркевічам наведалі жыльлёва-эксплюатацыйнае прадпрыемства Ленінскага раёну Горадні. Там яму выдалі афіцыйную паперу з такім зьместам: дамова аб арэндзе з ТБМ скасоўваецца, бо ў арандаваным памяшканьні без дазволу месьціцца гарадзенскі офіс газэты “День”, якую рэдагуе сам Маркевіч.

(Маркевіч: ) “Наколькі я зразумеў, Таварыства беларускай мовы высяляюць проста на вуліцу. Я думаю, што гэта працяг той самай сёньняшняй палітыкі дзяржавы — зьнішчэньне ўсяго беларускага”.

Ад камэнтароў для нашага радыё супрацоўніцы жыльлёва-эксплюатацыйнай службы адмовіліся. А вось самому Маркевічу сказалі, што ўсё нібыта можна залатвіць, калі ТБМ заключыць дамову аб субарэндзе з газэтай “День”.

(Маркевіч: ) “Я адзінаццаць разоў зьвяртаўся па рэгістрацыю для якой-небудзь газэты, і адзінаццаць разоў па надуманых прычынах гэтая ўлада адмаўляла нам у рэгістрацыі незалежнай газэты. Няўжо цяпер — на дванаццаты раз яны дадуць дазвол на тое, каб легальна існаваў карпункт газэты “День”?”

Дарэчы, мясцовыя ўлады не дазвалялі заснаваць сваё выданьне менавіта Таварыству беларускай мовы.
XS
SM
MD
LG