Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГІЛЁВЕ ЗАЧЫНІЛІ ДЫСПАНСЭР, ДЗЕ ЛЯЧЫЛІСЯ ЖЫХАРЫ ЧАРНОБЫЛЬСКІХ РАЁНАЎ


Марыя Усьціновіч, Магілёў

На ўліку ў Магілёўскім абласным дыспансэры экалягічнай і прафэсійнай паталёгіі былі тысячы жыхароў раёнаў экалягічнае бяды. Тут лячылі чарнобыльцаў Магілёўскай вобласьці.

(Спадарыня: ) “А цяпер нашая ўстанова непатрэбная. І, уласна гаворачы, гэтыя хворыя нікому не патрэбныя. Яны сталі ў адзін момант здаровымі”.

(Спадарыня: ) “Няма клопату пра чалавека, напэўна, у нашай дзяржавы”.

Супрацоўніцы дыспансэру распавялі, што ў іх установе, напрыклад, было адзінае спэцыялізаванае аддзяленьне ў Беларусі, дзе лячылі дзяцей ад аляпэцыі, аблысеньня.

(Спадарыня: ) “Гэта такая глябальная праблема ў наш час. І цяпер гэтыя дзеці застаюцца ў баку”.

(Спадарыня: ) “Чамусьці ніхто нават і не падумаў пра дзяцей. Тут такія добрыя дзіцячыя аддзяленьні. Чаму ж не падумалі пра дзяцей?”

Паводле ўладаў, чарнобыльцы могуць зьвяртацца па мэдычную дапамогу ў Магілёўскі абласны шпіталь або ў спэцыялізаваны цэнтар у Гомель. А месца дыспансэру на гэтым тыдні зойме псыхіятрычны шпіталь, які шмат гадоў месьціцца ў аварыйных будынках. Болей за 350 супрацоўнікаў дыспансэру засталіся без працы.

(Спадарыня: ) “Мы апынуліся ў цяжкай сытуацыі. І нам немагчыма прадбачыць свой заўтрашні дзень. На што мы будзем жыць, як мы будзем карміць сваіх дзяцей і як увогуле будзем існаваць?”

Абласная управа аховы здароўя паведамляе, што ўсе звольненыя атрымаюць дапамогу (5-месячны аклад), а самастойна шукаць працу давядзецца толькі санітаркам і тэхнічнаму пэрсаналу. Вось што сказаў намесьнік кіраўніка ўправы Ўладзімер Швэд.

(Швэд: ) “Мы сказалі, што 100% кожны чалавек будзе працаўладкаваны. Усё, пытаньняў няма”.

Аднак у супрацоўніцаў дыспансэру шмат пытаньняў да ўладаў: на абяцаньні чыноўнікаў яны маюць свае пярэчаньні.

(Спадарыня: ) “Яны прыгожа гавораць, а на самой справе мы нічога ня ведаем. Самі ведаеце, якое ў нас беспрацоўе”.

(Спадарыня: ) “Яны прапаноўвалі, аднак сказалі, што вы туды можаце пайсьці, але мы не гарантуем, што вас адтуль возьмуць. І ўся праца!”

Мэдыкі кажуць, што ім да апошняга моманту раілі паводзіць сябе спакойна і спадзявацца, што ліквідацыя будзе прыпыненая. А потым неўзабаве зачыталі загад. Жанчыны сьцьвярджаюць, што цяпер за іх справу ня хочуць брацца магілёўскія юрысты, і толькі Свабодны прафсаюз высьвятляе, што можна яшчэ зрабіць. Самі супрацоўніцы дыспансэру ў разгубленасьці.

(Спадарыня: ) “Што можа адчуваць жанчына, калі яе выкідваюць на вуліцу?”

(Спадарыня: ) “Якія могуць быць пачуцьці? Па цемечку, як гавораць… Нікому не патрэбныя, вось і ўсё”.
XS
SM
MD
LG