Паводле рашэньня гарадзкіх уладаў, усе крытыя ранкі Віцебску мусілі набыць статус гандлёвых цэнтраў, з чым катэгарычна ня згодныя прадпрымальнікі ды гандляры. Наданьне такога статусу значна ўскладняе працу прадпрымальнікаў і вымагае дадатковых грашовых укладаньняў, таму актывісты незалежнага прафсаюзу “Пэрспэктыва” вырашылі аспрэчыць гэтае рашэньне ў судзе.
Іхны пазоў супраць гарвыканкаму грунтаваўся на пісьмовым адказе з абласное пракуратуры: там заўважылі неадпаведнасьці ў дакумэнтах, на якія спасылаліся гарадзкія ўлады.
Аднак абласны гаспадарчы суд, куды зьвярнуліся прадпрымальнікі зь Пятроўскага рынку, прыняў рашэньне на карысьць чыноўнікаў, пацьвердзіўшы іхную рацыю.
Нагадаем, што два тыдні таму аналягічным вынікам скончыўся разгляд такога ж пазову ад імя прадпрымальнікаў Прывакзальнага рынку.
Цяпер віцебскія прадпрымальнікі пішуць супольную заяву ў вышэйшую судовую інстанцыю. А таксама хочуць прыцягнуць да адказнасьці свайго колішняга адваката Дзьмітрыя Сініцкага, якога падазраюць у наўмысным падмане ды махлярстве.