Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ РАСПАЧАЎСЯ ФЭСТЫВАЛЬ “ПРЫГАЖОСЬЦЬ І ЗДАРОЎЕ”


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Такая імпрэза для аматараў як традыцыйнага, так і нетрадыцыйнага падыходу да ўласнага здароўя праводзіцца ў Беларусі ўпершыню. Арганізатар фэстывалю — Віцебскі цэнтар маркетынгу, а ўдзельнікі прадстаўляюць у асноўным Беларусь ды Расею, і таму фэстываль адразу ж набыў статус рэгіянальнага мерапрыемства.

Учора фэстываль толькі распачаўся, і працягнецца ён да 17 красавіка, але наведалі яго ўжо сотні віцяблянаў. Першы дзень фэстывалю быў абвешчаны “Днём здароўя”, і таму самымі актыўнымі наведнікамі былі аматары нетрадыцыйнае мэдыцыны, а таксама людзі сталага веку, якія шукаюць таньнейшае альтэрнатывы дарагім аптэчным лекам.

Больш за ўсё народу сабралася каля Зоі Сасыгінай зь Менску, якая прадстаўлялася “эніяпсыхолягам і акадэмікам акадэміі праскапічных навук імя Настрадамуса”. Гэтая спадарыня ў чорным адзеньні трымала над галовамі сваіх пацыентаў нейкую прыладу, так званую “рамку”, а потым ці ня кожнаму казала што-небудзь пагрозьлівае пра адтуліну ў аўры, пра сурокі або яшчэ якую шкоду, якую трэба неадкладна ліквідаваць магічнымі сродкамі. Але ахвотных у натоўпе гэта не палохала. Ніякавата сябе пачувалі хіба суседзі-традыцыяналісты, да прыкладу, прадстаўнікі вядомай фірмы “Сантакі”, каля якіх людзей амаль што не было.

(Спадар: ) “У нас жа няма ні псоты, ні сурокаў! Мы працуем на звычайных законах фізыкі ды хіміі, і наша праца — гэта клімат, надвор’е ў кожным доме. Вось бачыце: кандыцыянэры, вэнтыляцыя. Ад псоты гэта не бароніць!”

Нямала цікаўных сабралася каля народных лекараў, якія практыкуюць лекаваньне зёлкамі, мінэраламі, мануальную тэрапію. Знайшліся таксама аматары ўжываньня прэпаратаў з экзатычных грыбоў, аматары галадаваньня ды астралягічных прагнозаў. І ўсе са зьдзіўленьнем паглядалі на прадстаўніцтва БРСМ пад чырвона-зялёным сьцягам, якое разьмесьцілася побач зь лекарамі ды экстрасэнсамі.

(Карэспандэнтка: ) “А якое дачыненьне мае БРСМ да фэстывалю “Здароўе ды прыгажосьць”?”

(Дзяўчына з БРСМ: ) “Ну, у нас конкурсы розныя, спаборніцтвы, прапаганда здаровага ладу жыцьця”.

(Карэспандэнтка: ) “Я бачу ў вас тут рэклямныя буклеты пра зьніжкі розныя. А на аздараўленчыя працэдуры ў БРСМ зьніжкі ёсьць?”

(Дзяўчына з БРСМ: ) “На аздараўленчыя — няма. У нас болей фотасалёны, кампутарныя клюбы…”

Наведнікі фэстывалю выказалі меркаваньне, што БРСМ быў “выкліканы” сюды дзеля ідэалягічнае падтрымкі гэтае імпрэзы. Аднак падтрымка такога кшталту запатрабаваная не была: каля століка БРСМу не было ніводнага чалавека. Куды большай папулярнасьцю карысталіся навучальныя сэмінары ў парапсыхолягаў і канфэрэнцыя народных лекараў, тым болей, на ўсё гэта былі даволі танныя квіткі — ад 500 ды 2500 рублёў.

Фэстываль у Віцебску будзе доўжыцца яшчэ два дні, і наведнікаў чакаюць “Дзень прыгажосьці” і “Дзень спорту ды адпачынку”.
XS
SM
MD
LG