(Данкен: ) “Фонд наш створаны ў 1992 годзе дзеля дапамогі разьвіцьцю цэркваў на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу. У СССР царква зьведвала ганеньні і шмат што было разбурана. У Гомелі мы на запрашэньне мэдычнага ўнівэрсытэту. Мы верым, што ёсьць сувязь паміж мэдыцынай і рэлігіяй. Нельга лячыць толькі цела. Існуе яшчэ і душа. Яе таксама неабходна лячыць, і рэлігія дае такую магчымасьць”, — сказаў нашаму радыё кіраўнік амэрыканскага Фонду разьвіцьця цэркваў прафэсар Біл Данкен.
Паводле яго, сувязь амэрыканскага Фонду і Гомельскай мэдычнай вучэльні была ўсталяваная, калі рэктарам тут працаваў асуджаны цяпер прафэсар Юры Бандажэўскі. Тады абмяркоўваліся праблемы зьніжэньня ў Беларусі нараджальнасьці й пашырэньня абортаў. Сёньня ж мэдыкі дзьвюх краінаў — а са Злучаных Штатаў прыехалі ажно чатырнаццаць адмыслоўцаў — дзяліліся вопытам мэдычнай і псыхалягічнай дапамогі людзям у безвыходнай сытуацыі, калі чалавек цяжка хворы і ня мае шанцаў на працяглае жыцьцё.
У Амэрыцы гэта вырашаецца празь дзейнасьць сеткі госьпісаў — адмысловых дамоў для безнадзейна хворых людзей, дзе абавязкова працуе і лекар, і сьвятар. Прычым, у 80% лекары і сёстры міласэрнасьці дапамагаюць хвораму дома, у звыклых абставінах.
У Дэніэла Джэнкінса, лекара і выкладчык мэдунівэрсытэту са штату Тэхас, я пацікавіўся, наколькі мэтазгодная арганізацыя госьпісаў у чарнобыльскіх рэгіёнах, дзе людзі шмат хварэюць і нярэдка ня маюць шанцаў на выздараўленьне?
(Джэнкінс: ) “Бясспрэчна, стварэньне такой сеткі госьпісаў неабходнае. Гэтым мог бы заняцца і Гомельскі мэдунівэрсытэт. Цэнтральны госьпіс можна зарганізаваць у Гомелі, а філіі з дапамогай хворым людзям — у пацярпелых раёнах. Праблема, на мой погляд, у тым, каб прыцягнуць да гэтай працы лекараў-тэрапэўтаў, бо адмысловай спэцыялізацыі не існуе. Праца лекара ў госьпісе — гэта хутчэй прызваньне, чым спэцыялізацыя”, — лічыць амэрыканскі лекар спадар Джэнкінс.
Яшчэ адна праблема — заканадаўчае прызнаньне госьпісаў мэдычнымі ўстановамі. У ЗША гэта вырашана чвэрць стагодзьдзя таму. У Беларусі заканадаўства падобнага парадку не прадугледжвае.