Менавіта дзейнасьць у межах апошняга праекту выклікала нэгатыўную рэакцыю ўладаў. Пасьля правядзеньня ў сьнежні мінулага году так званага “круглага стала” па праблемах міжнацыянальных зносінаў правяраць дзейнасьць “Верасу” прыйшлі адмысловыя правяральнікі з гарвыканкаму. Абмеркаваньне дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі ў часе сваіх імпрэзаў было прызнанае парушэньнем статуту, і арганізацыю пісьмова папярэдзілі.
Паводле словаў Яраслава Манцэвіча, старшыні грамадзкага аб’яднаньня, супрацоўнікаў гарвыканкаму абурыла яшчэ й тое, што пра “круглы стол” зьявіўся артыкул у недзяржаўнай газэце “Віцебскі кур’ер”, дзе былі працытаваныя асобныя нэгатыўныя выказваньні прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў. Але зь недзяржаўнай газэтай улады канфліктуюць ужо даўно і стала, і гэтым разам Управа юстыцыі гарвыканкаму пакарала “Верас”. Прычым спадар Манцэвіч атрымаў асабістае папярэджаньне пра тое, што арганізацыю проста ліквідуюць, калі нешта падобнае паўторыцца.
“Верас”, які ўпершыню апынуўся ў такой сытуацыі за пяць год сваёй дзейнасьці, мае намер абскардзіць папярэджаньне ў гарадзкім судзе, бо лічыць дзейнасьць у межах двух сваіх апошніх праектаў цалкам законнай і карыснай для віцебскай моладзі.