На Палесьсі веснавая паводка звычайна затапляе паўднёвыя раёны: Жыткавіцкі, Лельчыцкі ды іншыя. Сёлета і абласны цэнтар патрапіў у шэрагі пацярпелых. На левым, нізкім, беразе Сожа ў былой вёсцы Якубоўка ад паводкі церпяць жыхары прыкладна 60 прыватных дамоў. Вёска гэта даўно ўвайшла ў межы гораду. Акурат на вуліцы Палявой і сумежных завулках вада і адрэзала многія сядзібы ад зьнешняга сьвету.
Некаторыя дамы стаяць на пагорках, як на востраве. Іншыя падтопленыя. Каб выправіць дзяцей у школу ці садок, дарослыя садзяцца ў човен і выбіраюцца зь дзецьмі на сухое месца. Гэтаксама і на працу. Учора надвячоркам я гутарыў з жыхарамі Якубоўкі.
(Карэспандэнт: ) “Скажыце, як вы на працу дабіраецеся?”
(Мужчына: ) “На лодцы!”
(Карэспандэнт: ) “Човен у вас свой ці хто дапамагае?”
(Мужчына: ) “Свой. Бацька падвозіць ці хто яшчэ. У пограб зайшла вада”.
(Карэспандэнт: ) “Як ратаваліся?”
(Мужчына: ) “Усё наверх, на гарышча зацягвалі”.
(Жанчына: ) “Тут людзі працуюць. І МНС тут дзень і ноч знаходзіцца”.
(Жанчына: ) “Гарбунова Марыя Мікалаеўна. А хто дапамогу нам дае? Вы паглядзіце, якая ў нас! Бачыце? Ну дзякуй, човен далі нам, каб езьдзіць – вось і ўсё”.
Апрача Якубоўкі ў горадзе падтоплены яшчэ каля 20 прыватных сядзібаў на вуліцы Берагавой і ў Севастопальскім тупіку.
Вада дабралася і да прыватных дамоў у мікрараёне Манастырок. Гэта на правым беразе Сожа. Дзясяткі дамоў падтопленыя папярэдняй ноччу. Людзі ня спалі. Цягалі хатнія рэчы на гарышча. Асабліва шмат бяды прынесла вялікая вада жыхарам Рачнога завулку.
Сёлета ў басэйне Прыпяці вялікага разводзьдзя няма, а Сож нечакана разьлілася. Адмыслоўцам рэгіянальнай управы надзвычайных сытуацыяў удалося дамовіцца з украінцамі, каб яны ня адчынялі на ўсю моц шлюзы сваіх мэліярацыйных сыстэмаў і не скідвалі рэзка ваду ў прытокі Прыпяці.
Гэта таксама паспрыяла таму, што ўзровень вады ў Прыпяці ня падымаўся да небясьпечнага ўзроўню. А вось на рацэ Сож узровень вады павялічыўся за суткі яшчэ на траціну мэтра і перавысіў небясьпечны ўзровень.
У Чачэрскім раёне ў паселішчы Чырвоны Бераг вадою затоплены звыш двух дзясяткаў падворкаў. Жывёлу вяскоўцам прыйшлося нават вывесьці ў небясьпечнае месца. Учора вада прыйшла і ў хату самотнай бабулі. Яе эвакуявалі. Падтоплены склад піламатэрыялаў ў мясцовым леспрамгасе.
Прагноз гідролягаў несуцяшальны. У бліжэйшыя суткі вада у рацэ Сож можа падняцца яшчэ вышэй.
У Якубоўцы і ў паселішчы Чырвоны Бераг Чачэрскага раёну дзяжураць круглыя суткі выратавальнікі ўправы надзвычайных сытуацыяў і таварыства выратаваньня на вадзе. У іх ёсьць чаўны, неабходная тэхніка. Арганізаваны перавоз людзей з затопленых дамоў на сухія месцы.
А вось у затопленым мікрараёне Манастырок учора ўвечары людзі скардзіліся, што ўлады пакуль ня выявілі ніякай увагі да іхняй бяды.