Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ МАГЧЫМЫЯ Ў БЕЛАРУСІ МАСАВЫЯ РЭПРЭСІІ ПАВОДЛЕ ПАЛІТЫЧНЫХ МАТЫВАЎ?


Марыя Ўсьціновіч, Горкі

(Карэспандэнт: ) “Як вы мяркуеце, ці могуць быць у сучаснай Беларусі масавыя рэпрэсіі паводле палітычных матываў?”

(Спадар: ) “Ня толькі могуць быць — яны цяпер і ёсьць. Гэта ня значыць, што кагосьці пацягнуць цяпер расстрэльваць за тое, што нешта ня так сказаў, але ж чалавек можа вельмі проста пацярпець ад таго, што нешта сказаў ня так пра прэзыдэнта, выказаў свае думкі”.

(Спадар: ) “Калі нешта сказаў чалавек сёньня праўду ў вочы, ён можа пазбавіцца сёньня працы, ён можа перасьледавацца. Гэтага я не адмаўляю, гэта сёньня ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “Ці магчымыя ў сёньняшняй Беларусі масавыя рэпрэсіі паводле палітычных матываў?”

(Спадарыня: ) “Канечне, магчымыя, таму што нешта нас не задавальняе, мы нечага хочам дамагчыся”.

(Спадар: ) “Мяркую, што не. Прэзыдэнт наш не дапусьціць масавых рэпрэсіяў”.

(Спадар: ) “Мой бацька быў рэпрэсаваны. Напэўна, лічу, што так, можна…”

(Спадарыня: ) “Як ціхенька размаўлялі, так, шэптам?.. Цяжкі выпадак. Пакуль, напэўна, Лукашэнка кіруе, дык не, як іншы прэзыдэнт прыйдзе да ўлады, дык усё магчыма”.

(Спадарыня: ) “Мне так падаецца, што не. Таму што мы жывем ужо ў 21 стагодзьдзі, а не ў 50-я гады мінулага. Таму мяркую, што не”.

(Спадар: ) “Могуць быць такія. Таму што ў нас краіна не зусім дэмакратычных зносінаў, і перадвыбарчая кампанія можа прывесьці да рэпрэсіяў”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, калі ласка, як вы лічыце, ці могуць пачацца ў сёньняшняй Беларусі масавыя рэпрэсіі паводле палітычных матываў?”

(Спадарыня: ) “Сумняваюся, у нас звычайна беларусы — спакойныя людзі, ціхія і міралюбныя. Так што наўрад ці”.

(Спадар: ) “Я думаю, што гэта немагчыма. Гэта ж глупства!”

(Спадар: ) “Мне, напрыклад, як грамадзяніну РБ, шмат чаго таксама незразумела. Зьніклі людзі, якіх не знайшлі і да сёньняшняга дня. Шмат у нас сёньня бяспраўя і з боку самой улады, я не баюся гэтага гаварыць, ды праваахоўчых органаў. І ў Горацкім раёне ёсьць шмат парушэньняў закону”.

(Спадарыня: ) “Нават калі браць такі малы горад, як наш, ёсьць і ў нашым горадзе людзі, якія гэта зрабіць не дазволяць, разумееце?”

(Спадарыня: ) “Паводле таго, як тут ідзе жыцьцё і расьце грамадзкая актыўнасьць — не, гэта немагчыма, не!”

Гэткія меркаваньні жыхароў гораду Горкі наконт таго, ці магчымыя ў сучаснай Беларусі масавыя рэпрэсіі паводле палітычных матываў.
XS
SM
MD
LG