У аўторак паменела яшчэ на аднаго ўдзельніка акцыі. У сям’і рабочага Пятра Батуры захварэла жонка, таму без нагляду засталося двое непаўнагадовых дзяцей. І таму галадоўнікі параілі яму вярнуцца дадому. Астатнія восем работнікаў “ЮКІ” працягваюць пратэст, нягледзячы на рэкамэндацыі смалявіцкіх мэдыкаў спыніць галадоўку з прычыны пагаршэньня здароўя. Праведзенае ў гэты дзень абсьледаваньне засьведчыла пэўныя нэгатыўныя наступствы шматдзённага галадаваньня. Гаворыць дырэктар Павал Юзвак:
(Юзвак: ) “Слабасьць павялічваецца. Сёньня павышаны ціск у Янушчыка і Быкоўскага. А ў мяне і Сорыкава ціск, наадварот, паніжаны. Вядома ж, дзявятыя суткі. Як бы сёньня мусіяць быць з райвыканкаму, таму што ўчора было паседжаньне ў Сідорскага”.
Смалявіцкія падзеі, насамрэч, учора абмяркоўваліся ва ўрадзе з удзелам прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага, кіраўнікоў Менскага аблвыканкаму Мікалая Дамашкевіча і Смалявіцкага райвыканкаму Мікалая Неўмяржыцкага. Пазыцыю галадоўнікаў, паводле іх даручэньня, прадстаўляла на гэтым паседжаньні сяброўка камісіі правоў чалавека, нацыянальных адносінаў і сродкаў масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Надзея Цыркун:
(Цыркун: ) “Там была праведзеная нарада на вельмі высокім узроўні. Спрабавалі знайсьці кампраміс, разглядалі варыянты гэтага кампрамісу. Можаце сабе ўявіць, што гэтыя “высокія” людзі казалі Сідорскаму, што там побач лякарня і на гэтую лякарню дзьмуць небясьпечныя выкіды з прадпрыемства. І казалі так, хаця насамрэч гэта зусім ня так, Неўмяржыцкі і ўсе астатнія. Але галоўнае, што людзі там вось дзявяты дзень галадаюць, але хаця бы хто прыйшоў да іх! Сяргей Сідорскі спрабаваў знайсьці нейкае эканамічна абгрунтаванае рашэньне. Па меншай меры, ён робіць крокі, каб гэтую сытуацыю вырашыць эканамічнымі сродкамі”.
Як вынікае з тлумачэньня спадарыні Цыркун, амаль усе ўдзельнікі нарады, апроч прэм’ера Сідорскага, выступаюць за тое, каб забраць у прадпрыемства зямлю, якое яно займае. Між тым, “ЮКІ” толькі падаткаў штогод плаціць дзяжаве каля 150 мільёнаў рублёў. Апроч таго, на гэтым прадпрыемстве занятыя жыхары Смалявіцкага раёну, дзе шмат беспрацоўных.