Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРАТУРА ЗАВЯЛА КРЫМІНАЛЬНУЮ СПРАВУ НА СТАРШЫНЮ БАРАНАВІЦКАГА РАЙВЫКАНКАМУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

А вось сам Аляксей Добыш на пытаньне, ці заведзеная супраць яго крымінальная справа, адказаў “Не” і кінуў слухаўку.

Старшыню райвыканкаму падазраюць у крадзяжы амаль мільёна рублёў праз злоўжываньні службовым становішчам. Нібыта ён загадаў за дзяржаўныя грошы заасфальтаваць пляцоўку побач са сваім загарадным домам. Пляцоўка аказалася немалая — ажно 204 квадратныя мэтры.

Аляксей Добыш быў прызначаны старшынём Баранавіцкага райвыканкаму тры гады таму, да таго кіраваў калгасам “Перамога” Баранавіцкага раёну. Паводле зьвестак, гэта ня самая лепшая ў раёне гаспадарка. Пакуль ня здолеў Аляксей Добыш вывесьці ў лідэры і Баранавіцкі раён. Жыхары раёну ўскладалі на яго вялікія надзеі як на чалавека, які актывізуе эканоміку. Многія ў старшыні райвыканкаму ўжо расчараваліся. Некаторыя нават параўноўваюць яго з Аляксандрам Лукашэнкам. Кажуць, толькі маштабы ня тыя, а так падобны. Мясцовая жыхарка Ірына згадвае:

(Ірына: ) “Спачатку ён здаваўся сьціплым, але ў далейшым перамяніліся ягоныя паводзіны, ягоныя ўчынкі. Я была на адным сходзе, ён вельмі добра людзям пыл у вочы ўмее пускаць, проста віртуёзна. А людзі кажуць пра яго рознае — і адмоўнае, і пазытыўнае”.

Цяпер у справах Аляксея Добыша разьбіраецца пракуратура вобласьці. Калі ягоная віна будзе даказаная ў судзе, яму пагражае ад 6 да 15 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Між тым, сёньня Аляксей Добыш працаваў у сваім кабінэце. Крымінальны перасьлед раённых вэртыкальнікаў — нярэдкая зьява ў Беларусі. Толькі сёлета былі асуджаныя да розных тэрмінаў былыя старшыні Дзяржынскага і Барысаўскага райвыканкамаў.
XS
SM
MD
LG