Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СУБОТУ Ў БЕРАСЬЦІ АДБЫЎСЯ МІТЫНГ

Алег Супрунюк, Берасьце

Дазвол на тое, каб народная кааліцыя “Пяцёрка плюс” правяла 27 сакавіка мітынг у Берасьці, быў атрыманы ў мясцовым гарвыканкаме за пяць дзён да акцыі. Аднак напярэдадні мітынгу ўлады раптоўна адмянілі ўласнае рашэньне з фармулёўкай “у сувязі з новымі абставінамі”.

Што гэта за абставіны адказныя чыноўнікі гарвыканкаму не паведамілі, але далі зразумець, што яны наўпрост зьвязаныя з гісторыяй, якая здарылася са старшынёй берасьцейскай суполкі БНФ Нінай Давыдоўскай.

25 сакавіка спадарыня Давыдоўская, якая была адказная за правядзеньне акцыі, трапіла пад колы аўтамабіля і на таму мітынг не прыйшла.

Фактычна пра забарону мітынгу берасьцейцы даведаліся ўжо на стадыёне “Будаўнік”, дзе плянавалася правесьці акцыю. Вось як пракамэнтаваў дзеяньні берасьцейскіх уладаў лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) “Матывы адказу абсалютна несур’ёзныя, калі запрашаюцца людзі, запрашаюцца праз газэту. Гэта гаворыць аб тым, што выканаўчыя ўлады проста сталі прыслужнікамі пэўных асобаў у дзяржаве. Яны ня маюць уласнага гонару і сораму. Вельмі няёмка, што такія людзі ў нас выконваюць пэўныя дзяржаўныя абавязкі”.

На пачатку мітынгу старшыня берасьцейскай суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сьцяпан Навасельчан нагадаў, што акцыя ладзіцца ў праграме сьвяткаваньня Дня Волі, 86-х угодак Беларускай Народнай Рэспублікі.

Мітынг працягваўся прыблізна каля гадзіны, пакуль міліцыянты не папярэдзілі ягоных арганізатараў, што тыя будуць прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасьці, калі ня спыняць акцыю. Аднак удзельнікі мітынгу ўсё ж пасьпелі прыняць адмысловую рэзалюцыю, у якой запатрабавалі рэальных рэформаў у эканоміцы, сапраўдных дэмакратычных выбараў і адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.

Старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка, які разам зь іншымі прадстаўнікамі кааліцыі “Пяцёрка плюс” наведаў Берасьце, лічыць, што мясцовыя ўлады былі вельмі напалоханыя магчымым маштабам сёньняшняй акцыі.

(Вячорка: ) “Выклікае асуджэньне тая гульня, якую пачалі ўлады вакол акцыі. Ня сумняюся, што яны ўстрывожыліся, даведаўшыся, што мае прыехаць дэлегацыя народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс”. Выклікае вельмі шмат пытаньняў і патрабуе самага сур’ёзнага расьсьледаваньня гісторыя са зьбіцьцём машынай спадарыні Ніны Давыдоўскай, адной з заяўніц гэтай акцыі. Мы будзем вельмі сур’ёзна з гэтай справай разьбірацца”.

Пасьля мітынгу прадстаўнікі кааліцыі “Пяцёрка плюс” правялі яшчэ некалькі сустрэчаў з грамадзкасьцю Берасьця і зладзілі прэсаваю канфэрэнцыю для мясцовых журналістаў.
XS
SM
MD
LG