Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРАКАДЗІЛЫ Ў ГОРАДНІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Поўная назва няскончанага апавяданьня Дастаеўскага — “Кракадзіл. Незвычайная падзея, альбо пасаж у Пасажы і далей—справядлівы аповед пра тое, як адзін спадар, вядомых гадоў і вядомага выгляду, пасажным кракадзілам быў праглынуты жыўцом, цалкам, і што з гэтага атрымалася”.

Калі я даведаўся аб прэм’еры, першым маім пытаньнем было: як з’імітаваць на сцэне прысутнасьць кракадзіла, а потым яшчэ—і з чыноўнікам у страўніку? Мне адразу ўявілася вялікая скрыня, якія выкарыстоўваюць фокусьнікі. Але ў тэатры зрабілі інакш, выкарысталі аркестравую яму, так што гледачы ніякага кракадзіла ня ўбачылі.

Дастаеўскі анэкдатычную фабулу выкарыстаў, каб пазьдзеквацца з публікацыяў часопісаў – празаходніцкіх ды іншых. А гледачы заўважаюць алюзіі, зьвязаныя зь сёньняшнім беларускім жыцьцём, дармо што гаворыцца ў спэктаклі пра Расею.

Наконт зжэртага спадара гаворыцца: “Зьбіраўся ў Эўропу, а трапіў — у (ж...)”. Альбо — “нашаму чалавеку нельга зашмат свабоды, бо здурэе”, – заяўляе вялікі чыноўнік і —“былі тры чалавекі і няма іх”, зьніклі. “Быць праглынутым жыўцом—толькі нашаму народу гэтак собіла!”—гавораць са сцэны акторы.

Аўтары ўрэшце зьмясьцілі ў кракадзіле ажно пяць чалавек—трох расейцаў і двух немцаў—гаспадароў жывёліны. Зала рагатала, калі яны пачалі лаяцца ўнутры: “русышэ швайн!”, “дойчэ швайн!” Фінал таксама не такі, як у Дастаеўскага. На цёмнай сцэне пражэктар высьвечвае даўгалыгага насатага, з абвіслымі вусамі паліцмайстара з шабляй, які вельмі нагадвае вядомага палітыка. Ён заяўляе рэпарцёру і залі: усё, што напісалі вашыя газэты—лухта, “у мяне ёсьць свая газэта—“Известия”. Ну, але можа я памыляюся, і рэжысэр Генадзь Мушпэрт нічога такога ня меў на ўвазе. Прынамсі, абласная ідэалягічная начальніца Марыя Бірукова выходзіла пасьля прэм’еры з задаволенай усьмешкай.

А што здарылася ў Горадні з паказам сапраўдных кракадзілаў? На першае шоў у Лёдавым палацы прадалі толькі 30% квіткоў. А падчас прадстаўленьня гледачы ня ўбачылі абяцаных 40 кракадзілаў, іх было значна менш. Не было і абяцанага белага кракадзіла. Адзін зь міні-басэйнаў працёк, быў папсаваны лёд. Ня выключана, што кіраўніцтва палацу паспрабуе спагнаць праз суд страты з арганізатараў гастроляў. Пасьля Горадні шоў меліся паказаць у Берасьці і Менску. Але стала вядома, што гастролі былі спыненыя.
XS
SM
MD
LG