Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАД БАРАНАВІЧАМІ БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫЯ СЬЦЯГІ


Севярын Квяткоўскі, Баранавічы

Напярэдадні яшчэ два зуброўцы, што навучаюцца ў Каледжы лёгкай прамысловасьці, патрапілі пад ціск кіраўніцтва навучальнай установы. Кацярыну Банкевіч умоўна выключылі, да першага парушэньня. А Сяргей Паляшчук разам з бацькамі выклікаўся на пэдсавет.

На ўваходзе ў Каледж я сустрэў Алену Клішэўскую, кіраўнічку баранавіцкага БРСМ:

(Клішэўская: ) “Я ніяк ня стаўлюся, я ніякіх камэнтароў даваць ня буду”.

Менавіта з БРСМ выйшлі сябры руху “Зубр”, што навучаюцца ў каледжы лёгкай прамысловасьці. Некалькі дзён таму з-за кратаў вярнуўся Мікіта Сасім, нядаўні лідэр БРСМ каледжу. Сасім разам з часткай навучэнцаў перайшоў да зуброўцаў. Самі навучэнцы ставяцца па-рознаму да сытуацыі. Меркаваньні разыходзяцца, ад падтрымкі да асуджэньня ці абыякавасьці:

(Дзяўчына: ) “Нармальна, малойцы “зубры”, правільна робяць”.

(Студэнтка: ) “Дзеці павінны вучыцца, а ня лезьці ў дарослыя справы”.

(Навучэнка: ) “Мы бачым толькі надпісы, і ўсё. А што гэта значыць, ня ведаем”.

Сам Баранавіцкі кледж лёгкай прамысловасьці чымсьці нагадвае крэпасьць. Адзін з намесьнікаў дырэктара практычна сілай выштурхнуў карэспандэнта Радыё Свабода:

(Намесьнік: ) “Я прашу вас выйсьці! Прашу вас, прашу вас”.

А камэндант будынку нават спрабаваў паклікаць міліцыянта, які праходзіў міма:

(Камэндант: ) “Ходзяць тут з Радыё Свабода, замінаюць працаваць, как гаварыцца”.

Мікіта Сасім гаворыць пра тое, што адчувае на сабе адно ўскосны ціск:

(Сасім: ) “Вось такі ў мяне ліфт, сьпісаны надпісамі “Сьмерць русафобам”, “антызубр” і г.д. Пэўна, гэта рэакцыя на нашу антыфашыстоўскую акцыю”.

Калі зуброўскага лідэра пакуль не кранаюць, дык на шарагоўцаў, а таксама на ўсіх навучэнцаў псыхалягічна ціснуць. Тлумачыць Сяргей Паляшчук:

(Паляшчук: ) “Яны здымаюць пару і ладзяць клясную гадзіну. І распавядаюць, чым кепскі “Зубр”.

Новае ў тактыцы кіраўніцтва каледжу — псыхалягічны ціск на бацькоў навучэнцаў. Першыя пацярпелі бацькі Каці Банкевіч і Сяргея Палешчука:

(Паляшчук: ) “На мяне ціску няма. А бацькам кажуць, маўляў, ваш сын настолькі кепскі, што мы яго будзем выключаць. І з гэтае нагоды бацькі ціснуць на дзяцей”.

Сёньняшні дзень Мікіта Сасім камэнтуе наступным чынам:

(Сасім: ) “Я спадзяюся, што далей гэтых псыхалягічных захадаў яны ня пойдуць. Вельмі многа людзей у каледжы падтрымліваюць мяне, але баяцца пра гэта казаць”.

На пытаньне пра пляны баранавіцкіх зуброўцаў Мікіта Сасім адказаў — працаваць.
XS
SM
MD
LG