Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДРУГІЯ СУТКІ Ў СМАЛЯВІЧАХ ГАЛАДУЕ КАЛЕКТЫЎ “ЮКІ”


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

(Карэспандэнт: ) “Як прайшла першая ноч?”

(Батура: ) “Нармалёва”.

(Янушчык: ) “Дома лепш”.

(Быкоўскі: ) “Не замерзьлі”.

(Войніч: ) “У трывогах за сваю будучыню. Вось як прайшла першая ноч. Іх жонкі хвалююцца дома. Звоняць. Я адказваю на тэлефоны іх жонак, што яны тут, каб яны не хваляваліся. У душы іх у кожнага бура шуміць”.

(Карэспандэнт: ) “Хто-небудзь да вас прыяжджаў?”

(Юзвак: ) “У нас быў намесьнік начальніка Смалявіцкага РАУС. Прасіў спыніць нашу акцыю. З той прычыны, каб людзі ня страцілі здароўе. Я сказаў, што гэта добраахвотная справа. Кожны разумее, на што ідзе. Зразумела, што гэта наш апошні рубеж. Пачуюць альбо не?”

(Войніч: ) “А тыя людзі, што павінны нас пачуць, закрываюць вушы і ня хочуць ні бачыць вакол, ні чуць”.

Людзі, якія вымусілі рабочых распачаць акцыю пратэсту, паводле дыспэчара прадпрыемства Сьвятланы Войніч, працуюць у Смалявіцкім райвыканкаме. Гэтак жа лічаць і ўсе дзесяць галадоўнікаў — дырэктар фірмы “ЮКІ” Павал Юзвак і дзевяць рабочых Пётар Батура, Уладзімер Быкоўскі, Міхаіл Падбярозка, Мікалай Шыновіч, Мікалай Клімовіч, Віктар Янушчык, Аляксандар Аўрамаў, Аляксандар Сорыкаў і Віктар Шумскі. На іх думку, райвыканкам беспадстаўна зьбіраецца зьнішчыць іхнае прадпрыемства. У сваю чаргу, у Смалявіцкім райвыканкаме лічаць вінаватым у канфлікце калектыў прадпрыемства, які ня хоча падпарадкоўвацца рашэньню ўладаў. Прадстаўляць інтарэсы Смалявіцкага райвыканкаму ягонае кіраўніцтва даручыла юрысту Алене Сушкевіч:

(Сушкевіч: ) “Дадзены суб’ект гаспадараньня зарэгістраваны Менскім гарвыканкамам. На нашай тэрыторыі ён самавольна захапіў зямельны ўчастак. У яго няма ні акту водаэксплюатацыі, ні дазволу зямельнага аддзелу. У яго ёсьць шматлікія парушэньні, што пацьвярджаецца шматлікімі доказамі. 8 верасьня Вышэйшы гаспадарчы суд вынес рашэньне па “ЮКІ” пра тое, каб быў вызвалены незаконна заняты імі ўчастак з тэрыторыі гораду Смалявічы. Цяпер судовы выканаўца вынес пастанову, пра адключэньне электраэнэргіі і вызваленьне зямельнага ўчастку, што было зроблена энэрганаглядам у поўным аб’ёме”.

Паводле яе, пратэст калектыву “ЮКІ” ня можа быць задаволены, паколькі яго патрабаваньні незаконныя. Работнікі “ЮКІ” лічаць інакш, і яны зьбіраюцца працягваць акцыю пратэсту.
XS
SM
MD
LG