Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СМАЛЯВІЧАХ РАСПАЧАЛАСЯ БЕСТЭРМІНОВАЯ ГАЛАДОЎКА


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

Галадоўка працоўнага калектыву “Юкі” пачалася а 8-й гадзіне раніцы. Удзел у акцыі бяруць дзесяць чалавек. Што спрычынілася да яе? Вось як адказаў на гэтае пытаньне дырэктар прадпрыемства Павал Юзвак:

(Юзвак: ) “Мясцовыя ўлады зладзейскім чынам вечарам у пятніцу нас адключылі ад электрычнасьці. Мы сарвалі пастаўкі прадукцыі ўвечары ў суботу, сёньня. А гэта будоўля. Прадпрыемства вырабляе бэтон. Пастаўляем прадукцыю на будаўніцтва паліклінік, жытла. Мы патрабуем вызначыць межы ўчастку, на якім знаходзіцца наша вытворчасць, які належыць нам паводле закону. Бо мы выкупілі нерухомасьць, і зямля аўтаматычна мусіць адысьці да нас. Гэта галадоўка, бестэрміновая галадоўка ў Смалявічах у бытавым корпусе”.

Паводле садара Юзвака, усе галадоўнікі — мужчыны, якія перад пачаткам акцыі прайшлі мэдычны агляд і прызнаныя здаровымі. У сваім паведамленьні пра пачатак акцыі пратэсту, накіраваным у панядзелак на адрас мясцовага райвыканкаму і Менскага аблвыканкаму, апроч узаконеньня зямельнага ўчастку, галадоўнікі патрабуюць скасаваць супраць “Юкі” фінансавыя санкцыі, а таксама спыніць умяшальніцтва ў іхныя справы, даць магчымасьць працаваць нароўні зь іншымі суб’ектамі гаспадараньня.

У Смалявіцкім райвыканкаме пра распачатую галадоўку ведаюць. Аднак, паводле чыноўнікаў, пратэст калектыву “Юкі” неабгрунтаваны. Вось што зазначыў на гэты конт намесьнік старшыні райвыканкаму Васіль Цурыкаў:

(Цурыкаў: ) “Ім прапанавалі ўчастак, прапанавалі нават не адзін, а пяць гектараў зямлі. Але ў тым месцы, дзе гэта задаволіць іх ды нас. І ў тым месцы, дзе гэта прадугледжана плянам разьвіцьця Смалявіцкага раёну. У нас ёсьць плян забудовы, плян выкарыстаньня земляў”.
XS
SM
MD
LG