Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКІЯ СТУДЭНТЫ-ЭТНОГРАФЫ ЗНАЁМЯЦЦА СА ШКЛОЎСКІМІ ЖЫХАРАМІ


Марыя Усьціновіч, Шклоў

Войтэк Сэгень – польскі беларус, ён з Гайнаўкі, і разам зь сяброўкай Эдытай Блашчак прыяжджае ў Беларусь ня першы раз. Гэтыя маладыя людзі сапраўды называюць сябе этнографамі, аднак яны не цікавяцца старымі песьнямі, вопраткай і расповядамі пра мінулыя часіны. Яны займаюцца сучаснасьцю, і вывучаюць цяперашняе жыцьцё людзей, перад усім грамадзкае жыцьцё і ўсё тое, што датычыцца сям’і.

Шклоў, як кажуць Эдыта і Войтэк, сам кінуўся ў вочы на мапе, бо гэта вядомае месца. Студэнты хочуць напісаць магістарскую працу (або, як у нас кажуць, дыплёмную працу) пра шклоўцаў і іхнае жыцьцё.

Студэнты мяркуюць, што Шклоў – гэта ня проста нейкі сярэднестатыстычны райцэнтар, і зьвязана гэта з тым, што з гэтых мясьцінаў паходзіць Аляксандар Лукашэнка.

Войтэка і Эдыту ўразіў прыстойны зьнешні выгляд гораду і тое, што самая актуальная тэма размоваў месьцічаў – гэта агуркі. Вось што сказалі Эдыта і Войтэк пра яшчэ адну асаблівасьць Шклова.

(Эдыта: ) “Мы пачулі, што ў Шклове ёсьць востравы свабоды, так бы мовіць можна сказаць. І людзі на гэтых астраўках адрозьніваюцца ад звычайных людзей, ад таго, як яны думаюць і як яны жывуць”.

(Войтэк: ) “Гэта актыўная частка насельніцтва гораду, яны займаюцца грамадзкай дзейнасьцю, маюць у гэтым вопыт і працуюць на зьмены, якія павінны адбыцца ў грамадзтве, паводле іхных думак”.

Яшчэ адзін цікавы момант – расповяды маладых шклоўцаў пра свае мары. Этнографы лічаць, што вельмі важна, пра што мараць людзі. І палякаў вельмі ўразіла, што ў адрозьненьне ад маладых варшавянаў, якія звычайна чакаюць ад жыцьця зашмат, маладыя шклоўцы мараць пра вельмі звычайныя рэчы. Вось што распавёў Войтэк.

(Войтэк: ) “Хтосьці марыць пра тое, каб паляцець на Марс альбо на Месяц. Няма тут такіх мараў. Мары ёсьць такія, каб выйсьці замуж і мець нармалёвую сям’ю. Можа ўразіць, што нармалёвая сям’я зьяўляецца чымсьці, пра што трэба марыць. Напэўна таму, што цяжка тут закласьці і ўтрымаць нармалёвую сям’ю”.

Ёсьць праблема ў тым, што многія людзі, якія бачаць у руках суразмоўцы відэа ці фотакамэру, адмаўляюцца ад інтэрвію і кантактаў. З гэтым часта сутыкаюцца і журналісты, асабліва ў правінцыі, у тым ліку карэспандэнты Радыё Свабода.

“Вы паедзеце адсюль, а я хачу тут спакойна жыць!” – гавораць людзі. Шклоўскі дэмакрат і рэдактар незарэгістраванай газэты “Шклоўскія навіны” Аляксандар Шчарбак, які дапамагае зараз польскім студэнтам, гаворыць, што людзі баяцца сказаць ім лішняе, аднак, спадар Шчарбак упэўнены, гэта не назаўсёды.

(Шчарбак: ) “У сэрцы кожнага грамадзяніна яшчэ існуе тая жалезная заслона, якая была раней. У іх няма ніякіх кантактаў, зьвестак, што там адбываецца на Захадзе, у Эўропе. А калі яны дазнаюцца якую інфармацыю, то яны добра на нас рэагуюць. Калі мы пяройдзем гэты Рубікон жалезны, то нашыя людзі будуць добрымі эўрапейскімі людзьмі”.
XS
SM
MD
LG