Распавядае жонка зьніклага гамельчука Аляксандра:
(Жонка: ) “Паехаў ды прапаў, вось і ўсё. Даўно, яшчэ ў 2001 годзе. Прапаў дый годзе. Даслаў адзін ліст, але адрас не напісаны, Масква — і да пабачэньня. Што прапаў, ведаюць адпаведныя органы, бо я пісала заяву. І болей нічога не магу паведаміць”.
У лісьце, дарэчы, Аляксандар паведамляў, што будавалі яны непадалёку ад Масквы катэдж нейкаму багатыру. Калі працаўнікі запатрабавалі разьліку, прыехалі каўказцы з аўтаматамі, будаўнікі ледзьве ўцяклі.
Ёсьць інфармацыя, што беларускія грамадзяне, якія едуць у Расею на заробкі, нярэдка трапляюць у сапраўднае рабства. У іх адбіраюць пашпарты, абмяжоўваюць кантакты. Працуюць яны звычайна пад аховаю, ні дамоваў, ні страхавых полісаў у беларускіх грамадзянаў няма. Як сьцьвярджаюць у аддзеле вышуку абласной управы міліцыі, гамельчукі найбольш зьнікаюць, калі зьяжджаюць у Маскву, Санкт-Пецярбург, Калінінград, Карэлію і Цюмень. Апошнія гады амаль 60 жыхароў Гомельскай вобласьці ня вярнуліся са згаданых расейскіх рэгіёнаў.
Апрача таго многіх, каму ўдалося зарабіць нейкія грошы ў суседняй дзяржаве, па дарозе ў Беларусь рабуюць расейскія міліцыянты. Распавядае гамяльчук Мікалай. Блізу Масквы, у паселішчы Апрэлеўка, Мікалай працаваў на будоўлі і вяртаўся ў Гомель праз Калугу:
(Мікалай: ) “І вось у Малаяраслаўцы садзіцца калуская міліцыя, брыгада чалавекі чатыры-пяць. Глядзіць, хто з сумкамі, хто зарабіў грошы. У Калузе ўсіх у “адстойнік” запіхваюць і пачынаюць “шманаць”. “Шманаюць” так, што на зоне так не “шманаюць” — лезуць рукамі нават у трусы. Яны шукаюць грошай, каб сабе забраць”.
(Карэспандэнт: ) “І колькі яны забралі ў вас?”
(Мікалай: ) “Сямсот расейскіх рублёў”.
Я пацікавіўся ў суразмоўцы: а як адрэагавалі расейскія міліцыянты на беларускі пашпарт Мікалая?
(Мікалай: ) “Адрэагавалі вельмі кепска. Яны на Лукашэнку нашага пруць, быццам Лукашэнка ім дарогу перасякервае. Нібыта ён прэцца ў Расею ці яшчэ куды. А пры чым тут Лукашэнка да мяне? Я ж не Лукашэнка!”