Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ ЎЗМАЦНЯЕЦЦА МІЛІЦЭЙСКАЯ ПРЫСУТНАСЬЦЬ, АЛЕ ЗЛАЧЫНСТВАЎ НЯ МЕНЕЕ


Казімер Яноўскі, Гомель

Асаблівасьць стварэньня міліцэйскай брыгады, бадай, у тым, што прычынаў гэтага рэфармаваньня нікому не патлумачылі. Я маю на ўвазе шэраговых выбарцаў. Толькі камандуючы войскамі міністэрства ўнутраных справаў генэрал Гайдукевіч заявіў, што часьць ператвараецца ў брыгаду паводле новай канцэпцыі рэарганізацыі войскаў у Беларусі.

Паўтара дзесяцігодзьдзя таму ў рэгіёне наагул не было ніякіх унутраных войскаў. Міліцыя абыходзілася наяўным асабовым складам. Незадоўга да развалу былога Саюзу ў паселішчы Прыбар блізу Гомелю ў будынку сельскагаспадарчай вучэльні быў раскватэраваны асобны міліцэйскі батальён. Пазьней яго перавялі непасрэдна ў горад і ператварылі ў самастойную часьць. Па-вайсковаму – полк.

За апошнія паўтара гады паводле адмысловай праграмы пашырэньня прысутнасьці ўнутраных войскаў у рэгіёне ўтвораны асобныя падразьдзяленьні гомельскай часьці ў Рэчыцы, Сьветлагорску, а летась у сьнежні – і ў Мазыры.

Пачыналі з батальёну, а цяпер вось дайшлі да брыгады.

Намесьнік старшыні Мазырскага гарвыканкаму Леаніду Пісаніку сьцьвярджае, што мясцовы бюджэт тут не выкарыстоўваецца. Фінансаваньне вядзецца цэнтралізавана. Пра гэта мне казалі і камандзіры гомельскай часьці.

Праўда, каб палепшыць харчаваньне сваіх жаўнераў камандзір часьці (цяпер, брыгады) палкоўнік Стэльмашок вымушаны быў завесьці ў часьці сьвінафэрму, а таксама ўзяць у арэнду 8 кілямэтраў ракі Сож, каб лавіць рыбу і такім чынам палепшыць харчаваньне салдатаў.

Ці пашырэньне прысутнасьці ўнутраных войскаў неяк паўплывала на крымінагенную сытуацыю ў рэгіёне? На зьмяншэньне праяваў хуліганства, крадзяжоў, ашуканстваў – усяго таго, што зьвязана з вулічнай злачыннасьцю? Калі верыць міліцэйскай статыстыцы, то гэтага не адбылося. За мінулы год ў рэгіёне зьменшылася толькі колькасьць наўмысных забойстваў, крадзяжоў і ўгонаў аўтамабіляў. Што да хуліганства, то колькасьць здарэньняў падвысілася на 14%, крадзяжоў з крамаў – на 21%, з кватэраў – амаль на 5%, рабаўніцтваў – на 8,5%.
XS
SM
MD
LG