Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЫГУНАЧНЫ РАЁННЫ СУД ВІЦЕБСКУ ПАПЯРЭДЗІЎ У.ПЛЕШЧАНКУ ДЫ А.САЛАЎЯНА


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Абодва апазыцыянэры выйшлі на сваю звычайную акцыю, якую яны праводзяць штопанядзелак. Аляксандар Салаўян меў пры сабе плякат “Схадзіў на выбары — падтрымаў рэжым”, а Ўладзімер Плешчанка — абвестку “Збор подпісаў супраць саюзнае дамовы, незаконна падпісанай Аляксандрам Лукашэнкам”.

Апоўдні ля “Сіняга дому” спынілася міліцэйская машина, і апазыцыянэраў забралі ў пастарунак. Склаўшы пратаколы, міліцыянты адразу ж даставілі затрыманых у суд, дзе судзьдзя, спадарыня Лакеенкава, па сканчэньні дзесяціхвіліннага судовага працэсу абвесьціла ім папярэджаньні за незаконнае пікетаваньне.

Абодва апазыцыянэры былі ўражаныя памяркоўнасьцю судзьдзі, бо дагэтуль у пераліку іхных судовых пакараньняў пераважалі грашовыя штрафы. Паводле іншае вэрсіі, прапанаванай спадаром Плешчанкам, адносна мяккае пакараньне яны атрымалі толькі з тае прычыны, што міліцыянты непісьменна склалі пратакол: яны не пазначылі, што гэта ўжо ня першае сёлета затрыманьне, і што ўсе папярэднія таксама мелі працяг у Чыгуначным судзе.

Усяго за пікетаваньне ля “Сіняга дому” спадары Салаўян ды Плешчанка былі асуджаны сёлета пяць разоў.
XS
SM
MD
LG