Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ПЫТАНЬНЕ ТЫДНЯ АДКАЗВАЮЦЬ НАВЕДНІКІ ЦЭНТРАЛЬНАГА АДДЗЯЛЕНЬНЯ СУВЯЗІ ГОМЕЛЮ


Казімер Яноўскі, Гомель

У цэнтры Гомеля ў аддзяленьні сувязі №50, дзе людзі адпраўляюць шмат паштовай карэспандэнцыі, запаўняюць багата розных афіцыйных блянкаў ды пераводаў, я і задаю гараджанам пытаньне тыдня: “Што перашкаджае ў Беларусі запаўняць дакумэнты на дзяржаўнай беларускай мове?”

(Дзяўчына: ) “Няведаньне сваёй роднай мовы. І няведаньне афармленьня дакумэнтаў на беларускай мове”.

(Жанчына: ) “Я ніколі не вывучала беларускай мовы. Саромеюся нарабіць памылак”.

(Мужчына: ) “Ня люблю гэтай беларускай мовы. Ня ведаю яе. Я да вайны скончыў тры клясы і болей не вучыўся”.

(Хлопец: ) “Рэч у тым, што я расеец. Я толькі чатыры гады жыву ў Беларусі. У Беларусі існуе дзьве дзяржаўныя мовы, адна зь іх расейская. Расейская родная, таму я запаўняю дакумэнты на расейскай. Крыху размаўляю і разумею беларускую мову. Але беларуская мова ўсё-такі, пагадзіцеся, гэта мова, якая ня мае сваёй культуры”.

(Жанчына: ) “Сорамна, але я асабіста дрэнна ведаю беларускую мову. Я сама расейка, але тут нарадзілася. Трэба было б, канечне, ведаць”.

(Хлопец: ) “Я сам з Расеі прыехаў. Прывык да расейскай мовы. Калі б я быў карэнным беларусам, я бы, канечне, запаўняў дакумэнты на беларускай мове. Я жыву тут ужо 15 гадоў і пачынаю прывыкаць да беларускай мовы. І дакумэнты запаўняю па-рознаму. Калі патрабуецца па-беларуску, то і запаўняю адпаведна па-беларуску”.

(Хлопец: ) “Паколькі ў нас няма беларусізацыі, школы ўсе на расейскай мове, інстытуты на расейскай, усё на расейскай, усе дакумэнты, той жа ўрад гаворыць па-расейску, таму і сам вымушаны трымацца такога парадку”.

(Дзяўчына: ) “Перапіска паміж арганізацыямі — усе адрасы па-расейску. У мяне вось арганізацыя называецца “Белтаможсервис”. А па-беларуску як напісаць? “Белмытсэрвіс”. Хто-небудзь прачытае і будзе пытацца: а што гэта такое, што гэта за арганізацыя? Іншая назва”.

(Мужчына: ) “Калі б прынята было запаўняць па-беларуску, натуральна, асвоілі бы ўсе. Калі б сказалі: “Пішыце па-беларуску”, адзін раз памыліліся б, а другі раз напісалі бы правільна”.

(Дзяўчына: ) “Гледзячы якія дакумэнты запаўняць. Тэлеграмы па-беларуску запаўняю. Калі часопісы, газэты беларускія выпісваю, замову падаю на беларускай мове. Дакумэнты на пашпарт таксама на беларускай мове запаўняем. Ну, прызвычаіліся размаўляць на расейскай мове. Беларускай карыстаюцца толькі ў асобных выпадках”.

Гэтак гамельчукі адказвалі на пытаньне тыдня: “Што перашкаджае ў Беларусі запаўняць дакумэнты на дзяржаўнай беларускай мове?”
XS
SM
MD
LG