Суд над Мікітам Сасімам, Кацярынай Банкевіч ды Андрэем Чыжам сёньня не адбыўся. У гарадзкім аддзеле ўнутраных справаў ніякіх камэнтароў адносна затрыманьня зуброўцаў не даюць.
Сябра руху “Зубр” Наста Васіленка бачылася зь Мікітам праз краты. Паводле яе словаў, Мікіту Сасіма з двума затрыманымі сябрамі будуць судзіць за адміністрацыйнае правапарушэньне заўтра. Пра настрой сваіх сяброў Наста Васіленка паведаміла нашаму радыё наступнае:
(Наста: ) “Настрой аптымістычны ў іх быў, калі я зь імі бачылася. Ніхто здавацца не зьбіраецца”.
Нагадаю, што Мікіта Сасім з двума зуброўцамі быў затрыманы сёньня міліцыянтамі ў каледжы лёгкай прамысловасьці падчас распаўсюду газэты “Супраціў”.
Пра ягонае месцазнаходжаньне амаль паўдня нічога не было вядома. На заплянаваную сустрэчу з журналістамі ён не зьявіўся. На тэлефанаваньні дадому ягоная маці адказвала, што Мікіта на занятках у каледжы. Толькі па абедзе мікітавы сябры-зуброўцы высьветлілі, што ён знаходзіцца ў пастарунку.
Ад мінулай суботы гэта ўжо трэцяе затрыманьне Мікіты Сасіма супрацоўнікамі міліцыі.