Будучы помнік міліцыянтам сьведчыць пра пэўную тэндэнцыю. У горадзе ўжо будуецца вялікі манумэнт савецкім памежнікам. Міліцэйскае начальства вырашыла паставіць помнік супрацоўнікам, якія загінулі пры выкананьні службовых абавязкаў, і ўлады падтрымалі міліцыю. Тым жа часам прадстаўнікі інтэлігенцыі прапанавалі паставіць у горадзе помнік Васілю Быкаву. Гарвыканкам даў адмоўны адказ, а гарсавет нават ня стаў разглядаць пытаньне пра ўшанаваньне памяці народнага пісьменьніка.
У рэдакцыі абласной міліцэйскай газэты мне паведамілі наступнае:
(Спадар: ) “Работу над скульптурай з бронзы, аўтарамі якой зьяўляюцца вядомы скульптар Уладзімер Церабун і архітэктар Аляксандар Крахалёў, плянуецца завяршыць праз чатыры месяцы. Адкрыцьцё помніка адбудзецца напярэдадні 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — 3 ліпеня”.
Нават некаторыя зь міліцыянтаў сумняюцца: ці магчыма гэтак хутка вырабіць і усталяваць помнік? Дый прычына сьпешкі незразумелая, бо якія адносіны мае міліцыя да вызваленьня Беларусі ад нямецкіх войскаў? Па-другое, на помнік будуць зьбіраць нібыта добраахвотныя ахвяраваньні супрацоўнікаў міліцыі, бо гэтак вырашыла калегія ўправы ўнутраных справаў. Насамрэч, кожны павінен аддаць 10% ад свайго заробку, як прызнаўся мне адзін афіцэр, і супрацоўнікі ня ўпэўненыя, ці дастаткова будзе аднаго ўзносу, паколькі помнік маюць адліць з бронзы.
Што да помнікаў Кастусю Каліноўскаму ды іншым гістарычным асобам, улады не жадаюць іх ставіць, хаця калісьці рашэньні наконт некаторых з гэтых манумэнтаў прымаў урад.