Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПАДЗЯВАНЬНІ ВІЦЕБСКІХ ГАЛАДОЎНІКАЎ НА ДАПАМОГУ А.ЛУКАШЭНКІ НЯ СПРАЎДЗІЛІСЯ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Вестка пра тое, што ўчора старшыні аблвыканкаму Ўладзімеру Андрэйчанку загадаў сустрэцца з галадоўнікамі сам Аляксандар Лукашэнка, абляцела ўсе віцебскія рынкі за некалькі гадзінаў. Таму сёньня каля кірмашу “Мішэль”, дзе ўжо дванаццаты дзень праходзіць прадпрымальніцкая галадоўка, сабралася даволі шмат народу.

Людзі ішлі павіншаваць галадоўнікаў зь перамогай, аднак неўзабаве высьветлілася, што віншаваць яшчэ няма з чым. Як гавораць удзельнікі галадоўкі, прадстаўнікі ні гарадзкіх, ні абласных уладаў да іх так і не прыехалі.

(Спадарыня: ) “Мы ўчора як паглядзелі выступ прэзыдэнта па тэлебачаньні, дык тут і крычалі, і сьмяяліся, і плакалі… Мы чакалі, што віцебскія ўлады яшчэ ўчора да нас прыедуць, гэтае ж распараджэньне прагучала на ўсю краіну, і ўсе гэта чулі! Але чакаем во дагэтуль, а яны мала што ня едуць, дык яшчэ й нас прыняць ня хочуць! Хаця Лукашэнка ясна сказаў: “прыехаць ды пагаварыць”.

Замест прадстаўнікоў уладаў да галадоўнікаў праехаў узмоцнены міліцэйскі патруль. Як кажуць самі міліцыянты, іхнае кіраўніцтва чакала, што адразу пасьля тэлевыступу Аляксандра Лукашэнкі ў крытым рынку “Мішэль” могуць распачацца масавыя беспарадкі. Але нічога радыкальнага, паводле іхных словаў галадоўнікі рабіць не зьбіраліся. Наадварот, амаль усе яны скардзяцца на дрэннае самаадчуваньне ды абураюцца, што дзяржаўныя чыноўнікі ўхіляюцца ад вырашэньня прадпрымальніцкіх праблемаў і проста прымушаюць іх знаходзіцца ў такім стане.

(Спадарыня: ) “Здароўе нашае добрым не назавеш, і штодня нам усё горш, падвышаецца тэмпэратура, абвастраюцца розныя хранічныя хваробы. Але самае страшнае — гэта чаканьне! Чаканьне, безвыходнасьць — час ідзе, а з боку ўладаў ніводнага кроку да перамоваў ня зроблена!”

Не дачакаўшыся прыезду мясцовых чыноўнікаў, прадстаўнікі прафсаюзу “Пэрспэктыва” ды некалькі галадоўнікаў самі паехалі ў аблвыканкам, каб ініцыяваць новыя перамовы. Пакуль што пры вынікі гэтае паездкі нічога невядома. Там часам галадоўнікі, якія засталіся ў крытым кірмашы “Мішэль”, зьбіраюцца перарабіць плякат, які яны ўчора напісалі, паверыўшы абяцаньням Аляксандра Лукашэнкі разабрацца ў гэтай сытуацыі з дапамогай мясцовых уладаў. Пасьля словаў “Прэзыдэнт ёсьць гарантам Канстытуцыі” яны хочуць намаляваць тры вялікія чорныя пытальнікі.
XS
SM
MD
LG