Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКІМ ГАЛАДОЎНІКАМ ЗАБАРАНЯЮЦЬ РАЗМАЎЛЯЦЬ НА ПАЛІТЫЧНЫЯ ТЭМЫ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Галадоўка ў Віцебску доўжыцца ўжо дзявяты дзень. Па-ранейшаму галадоўнікаў круглыя суткі ахоўвае міліцэйскі патруль. Аднак, апроч аховы правапарадку, міліцыянты зь нядаўняга часу сочаць за ўсімі размовамі, якія адбываюцца як у будынку рынку “Мішэль”, так і на ягоных ганках. Найбольшую ўвагу міліцыянтаў прыцягваюць зносіны людзей зь вядомым праваабаронцам ды журналістам Валерыем Шчукіным.

(Шчукін: ) “Паколькі я ёсьць палітыкам, і ў любым выпадку размаўляю пра палітыку, і да мяне іначай і не зьвяртаюцца. І тут я ўжо даў некалькі кансультацыяў. Да мяне падыходзіць старшы лейтэнант ды робіць заўвагу, што я размаўляю пра палітыку, пагражаючы мяне выдаліць з памяшканьня. Напэўна, міліцыянтам такое дадзенае заданьне — не дапускаць палітычных размоваў”.

На ўціск з боку міліцыянтаў скардзяцца й прадстаўнікі незалежнае прэсы. Пагрозы выдаліць з памяшканьня або яшчэ якім чынам пакараць прагучалі й на адрас Сяргея Серабра, рэдактара недзяржаўнай газэты “Віцебская трыбуна”, які робіць фатаздымкі дзеля сайту пра галадоўнікаў.

(Серабро: ) “Міліцыянты вельмі каррэктна ставяцца да галадоўнікаў, гэта выразна відаць. Але чамусьці яны вельмі ня любяць чалавека з фотаапаратам. Міліцыянты зрабілі заўвагі за размовы пра палітыку мясцовым кіраўнікам Партыі БНФ ды АГП, спадару Смолікаву ды спадарыні Залескай, а я сфатаграфаваў гэты момант. Да мяне падышоў старшы лейтэнант ды стаў пагражаць, што выдаліць мяне з памяшканьня за тое, што я нібыта парушаю заканадаўства. Які менавіта закон я парушыў, ён удакладніць ня змог, і я далей працягваў выконваць свае прафэсійныя абавязкі… Гэта відавочна, што ўлады вельмі баяцца “перацяканьня” эканамічных лёзунгаў у палітычныя і вельмі пільна сочаць за тым, каб ніякае палітычнае актыўнасьці тут не было”.

Ніводзін з галадоўнікаў за ўсе дзевяць дзён акцыі пратэсту не высунуў ніводнага палітычнага лёзунгу. Галадоўнікі ўвесь час падкрэсьліваюць, што бароняць выключна свае эканамічныя правы, бяз спрэчак пагаджаюцца весьці перамовы з уладамі. Досыць насьцярожана яны ставяцца і да прадстаўнікоў розных палітычных партыяў, якія прыходзяць да іх.

У сваю чаргу партыйцы не імкнуцца агітаваць прадпрымальнікаў у свае шэрагі, але дапамагаюць галадоўнікам: гарадзкая арганізацыя АГП, да прыкладу, надрукавала ды распаўсюдзіла 8 тысяч улётак з інфармацыяй пра галадоўнікаў ды іхныя патрабаваньні, а прадстаўнікі сацыял-дэмакратычнае партыі “Народная грамада” нават галадавалі колькі сутак разам з пратэстоўцам. І ніякіх палітычных канфліктаў паміж прадпрымальнікамі ды партыйцамі дагэтуль не было.

Тым ня менш, на думку аднаго зь лідэраў прадпрымальніцкага прафсаюзу “Пэрспэктыва”, Барыса Элькіна, бальшыня прадпрымальнікаў разумее, што эканоміка ды палітыка непарыўна зьвязаныя паміж сабою.

(Элькін: ) “Бальшыня зь іх насамрэч разумее, што эканамічныя патрабаваньні ёсьць, па сутнасьці, палітычнымі патрабаваньнямі. Але ў нас слова “палітыка” настолькі дыскрэдытаванае ўладамі, што ім так псыхалягічна лягчэй — называць усё гэта “эканомікай”.

Зрэшты, першы палітычны крок віцебскія прадпрымальнікі зрабіць ужо гатовыя: з прычыны таго, што большасьць дэпутатаў мясцовых саветаў, а таксама дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў праігнаравалі іхныя звароты ды просьбы паспрыяць вырашэньню прадпрымальніцкіх праблемаў, яны рыхтуюцца распачаць працэдуру іхнага адкліканьня з прадстаўнічых органаў улады.
XS
SM
MD
LG