Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕРАСЬЦЕЙСКІ АБЛВЫКАНКАМ ЗАБІРАЕ З ГАРАДЗКОГА БЮДЖЭТУ БАРАНАВІЧАЎ ПАЛОВУ ДАХОДАЎ АД ПАДАТКАЎ


Алесь Горбач, Баранавічы

У мінулым годзе 75% сабраных падаткаў заставалася ў гарадзкім бюджэце Баранавічаў. Паколькі бюджэты раённых цэнтраў фармуюцца ў вобласьці, Берасьцейскі аблвыканкам вырашыў, што сёлета гораду хопіць і паловы ад асноўных падаткаў, такім чынам забіраючы 50% у абласны бюджэт. У выніку Баранавічы губляюць каля шасьці мільярдаў рублёў. Для параўнаньня варта зазначыць, што летась толькі на добраўпарадкаваньне гораду было патрачана больш за восем мільярдаў.

Такія новаўвядзеньні ня выклікалі задавальненьня ні ў гарадзкіх уладаў, ні ў грамадзкасьці гораду. У прыватнасьці, старшыня Баранавіцкага гарвыканкаму Віктар Дзічкоўскі назваў гэта эканамічным абсурдам. Тым ня менш, выканкам праект бюджэту прыняў.

А баранавіцкая гарадзкая арганізацыя Партыі БНФ выступіла з адмысловай заявай, у якой выказала занепакоенасьць тым, што дыктат вобласьці ня толькі замаруджвае разьвіцьцё гораду і яго добраўпарадкаваньне, але можа выклікаць і ўзмацненьне сацыяльнай напружанасьці з-за нясвоечасовай выплаты заробкаў бюджэтнікам.

На паседжаньне сэсіі гарадзкога савету, дзе зацьвярджаўся праект бюджэту прадстаўнікоў ад Партыі БНФ пусьцілі і нават унесьлі ў сьпісы для спрэчак. Аднак, калі да іх дайшла чарга, спрэчкі дэпутаты вырашылі прыпыніць. Старшыня Баранавіцкай арганізацыі Партыі БНФ Алесь Грыцавец камэнтуе гэта так:

(Грыцавец: ) “Мы хацелі выступіць у абарону разьмеркавання даходнай часткі бюджэту паміж вобласьцю і горадам па старым прынцыпе, калі тут заставалася 75% ад падаткаў. Знарок ці не знарок, але слова нам усё ж не далі. Уражанне ад працы гарадзкога савету такое, што савет згодніцкі: па ўсіх пытаньнях галасавалі адзінагалосна “за”, як у стары савецкі час”.

У якасьці кампэнсацыі за адабраныя падаткі аблвыканкам прапаноўвае стварыць нейкі фонд фінансавай падтрымкі, сродкі ад якога будуць ісьці на пакрыцьцё запазычанасьцяў бюджэтных арганізацыяў за камунальныя паслугі. Паводле адмыслоўцаў, гэта ня выратуе сытуацыі, і 2004 год для гораду будзе нялёгкім.
XS
SM
MD
LG