Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНСКІ АМБАСАДАР ДЖОРДЖ КРОЛ У ГОМЕЛІ

Казімер Яноўскі, Гомель

Прыкладна дзесяць гадоў таму спадар Крол, працуючы ў амэрыканскай амбасадзе ў Менску, прыяжджаў у Гомель. Але гэта, паводле выказваньня самога амбасадара, было вельмі даўно:

(Крол: ) “Дзесяць гадоў назад – гэта вельмі даўно, каменны век, можна сказаць. Цяпер я хачу аб`ектыўна разабрацца, што адбылося за гэты час і што адбываецца зараз на Гомельшчыне, у горадзе”.

У аблвыканкаме Джордж Крол меў гутарку са старшынямі абласнога Савету Валерам Сяліцкім і Гомельскага гарвыканкаму Леанідам Барабанавым. Першыя асобы абласнога выканаўчага камітэту сёньня знаходяцца ў Менску. Дарэчы, Джорж Крол – гэта ўжо другі амбасадар ЗША, пасьля Майкла Козака, зь якім абласныя вэртыкальныя кіраўнікі ня маюць афіцыйнай сустрэчы.

Амбасадар Крол лічыць, што гуманітарныя стасункі паміж народамі ЗША і Беларусі існуюць і пашыраюцца. Гуманітарная дапамога Беларусі – гэта натуральная рэч. Усе іншыя стасункі патрабуюць пэўных высілкаў.

(Крол: ) “Што да эканамічных стасункаў, іх разьвіцьця, то гэта залежыць ад эканамічнай палітыкі беларускай дзяржавы, і асабліва цяпер. Рашэньне амэрыканцаў укладаць інвэстыцыі вызначаецца ня толькі жаданьнем, але і рызыкай, на якую кожны інвэстар павінен адважыцца. Ад амэрыканскага ўраду гэта не залежыць. Але, калі ўкладаць інвэстыцыі (у Беларусі і ў Гомелі, у прыватнасьці, ёсьць патэнцыял), то прымальнымі і прыцягальнымі для амэрыканскіх бізнэсоўцаў будуць надзейная банкаўская сыстэма, прадказальная палітыка. Я спадзяюся, што так і будзе. Эканамічныя рэформы ў гэтым кірунку будуць весьціся”.

Прыцягальнасьць краіны, на думку амбасадара, забясьпечваецца і пашырэньнем у грамадзтве дэмакратычных свабодаў, умоваў дзейнасьці партыяў і грамадзкіх аб`яднаньняў.

(Крол: ) “Канечне, патрэбнае разуменьне, што партыі, дэмакратычныя людзі, – гэта ў інтарэсах разьвіцьця дзяржавы, Беларусі ў цэлым. Я бачу актыўнасьць. Патрэбнае разуменьне з боку дзяржавы і лідэраў палітычных партыяў”.

З аблвыканкаму Джордж Крол накіраваўся ў абласную кнігарню, каб перадаць ёй адмысловую літаратуру пра гісторыю і культуру ЗША, а таксама тэлевізар і відэаплэер.

На выхадзе з аблвыканкаму амбасадара сустрэлі дзясяткі прадпрымальнікаў. Сёньня ў чарговы раз была пагроза мініраваньня Цэнтральнага рынку. Прадпрымальнікі скардзіліся амбасадару, што ўлады не прымаюць належных мераў супраць тэлефонных тэрарыстаў.

Заўтра візыт Джорджа Крола ў Гомель будзе працягвацца. Амэрыканскі амбасадар наведае анкалягічны дыспансэр.
XS
SM
MD
LG