(Красоўская: ) “Мяне завуць Людміла Іванаўна. Вядома, рыхтуемся. Трэба і ў хаце прыбраць, і што-небудзь падрыхтаваць да стала. Каб усё гатовае было”.
(Хацкевіч: ) “Нешта купім. Хаця і невялікая пэнсія, але ж усё роўна хочацца, каб гэтае нешта было на стале. Нескаромнае. І рыбку купляем, каб яна была на стале”.
(Карэспандэнт: ) “А стол будзе багаты?”
(Красоўская: ) “Які там багаты!.. Вясковае ўсё”.
(Латовіч: ) “Мяне завуць Натальля Мікалаеўна. Тут жывуць пераважна пэнсіянэры. А мы — рабочыя. Хочацца вось сказаць, што мой муж у мінулым месяцы працаваў на сушцы збожжа, дык атрымаў заробак за гэта 16 тысяч рублёў. Як за іх можна жыць?!”
(Карэспандэнт: ) “Вы дзе робіце?”
(Красоўская: ) “Раблю на фэрме даяркай. Канечне, жывём бедна. Што зробім сваё, тое і будзе”.
(Латовіч: ) “Хаты ў нас разваленыя. У нас няма добрых ні вокнаў, ні дзьвярэй. І столь на галаву можа ўпасьці. Каму мы, калгасьнікі, патрэбныя? Ды нікому”.
(Карэспандэнт: ) “Як тут адзначаюць Каляды?”
(Дамброўская: ) “Мяне завуць Таісія Мікалаеўна. Я іду і да касьцёлу, і да царквы. 24 сьнежня будуць польскія Каляды. А ўжо 7 студзеня — праваслаўныя. Але я адзначаю і тыя і тыя”.
(Хацкевіч: ) “У касьцёл мы ходзім. Мы прызнаём гэта ўсё. І аплатачкі, і сьвечачку, і соль сьвянцоную. Мая мама ўсё прызнавала і казала, што, дачушка, калі ты будзеш жыць, то так рабі, як я рабіла”.
(Карэспандэнт: ) “Як вы будзеце адзначаць Каляды?”
(Красоўская: ) “Зьбіраемся сем’ямі й адзначаем. І куцьця будзе”.
(Хацкевіч: ) “24-га дзеці прыедуць, зварым куцьцю. А пасьля таго, як куцьця зварыцца, мы яе паставім на кут. Пасьцелем сена і ў сена паставім гэтую куцьцю. А яшчэ трэба, каб быў на куцьцю квас”.
(Карэспандэнт: ) “Як вас завуць?”
(Баранава: ) “Мяне завуць Баранава Леакадзія Юльянаўна. Я таксама адзначаю, калі дзеці прыедуць. Але адна ніколі не саджуся”.
(Карэспандэнт: ) “А ці адзначаюць Каляды мужчыны?”
(Сьцяпан Феліксававіч: ) “А як жа. Як звычайна — сеў за стол, узяў чарку, скварку. Адзначаюць усе. Гарэлку п’юць. Смачнае ядуць”.
(Хацкевіч: ) “Яшчэ пакуль мы жывыя, дык усё ідзе па-старому. А там далей — Бог ведае”.