У Магілёве звычайна выяжджае на лініі прыкладна 700 маршрутак, і сёньня гараджане адразу заўважылі, што прыватны грамадзкі транспарт не працуе. Як вынік: натоўпы на прыпынках, доўгае чаканьне, перапоўненыя аўтобусы і тралейбусы.
(Спадарыня: ) “Канечне, дрэнна. Ужо стаю і чакаю паўгадзіны”.
(Спадарыня: ) “Дрэнна будзе без маршрутак. Усе прызвычаіліся, дабірацца добра: у любы час выйшаў і паехаў. А так стой і мерзьні. Дрэнна”.
Сёньня ўсе маршрутнікі спаслаліся на сваё законнае права зрабіць перапынак у працы для рамонту альбо афамленьня дакумэнтаў. Аднак прадпрымальнікі не хаваюць, што такім чынам пайшлі на стыхійную акцыю пратэсту. Лідэр магілёўскай арганізацыі прафсаюзу аўтаперавозчыкаў “Садружнасьць” Сяргей Яськоў патлумачыў, што транспартная інспэкцыя патрабуе ад маршрутнікаў усталяваць касавыя апараты і выдае адпаведныя акты-прадпісаньні.
(Яськоў: ) “Некалькі такіх актаў можа прывесьці да таго, што чалавек страціць працу. Людзі баяцца выяжджаць на лінію”.
Вялікую занепакоенасьць прыватнікаў выклікала яшчэ і інфармацыя пра рашэньне, якое рыхтуе мясцовая вэртыкаль. Паводле яе, функцыі апэратара перавозак і адпаведна кіраўніка машрутак плянуецца перадаць “Аблаўтатрансу”, сёньняшняму канкурэнту прадпрымальнікаў. Гаворыць брыгадзір аднаго з магілёўскіх маршрутаў:
(Спадар: ) “Мы папярэдзілі гарвыканкам, што людзі ня хочуць ісьці ў аўтобусныя паркі. Нашым коштам у рай яны ўсё роўна ня ўедуць. І дадаткова кагосьці карміць мы ня хочам”.
Прафсаюз маршрутнікаў лічыць, што рашэньне, якое рыхтуецца, супярэчыць антыманапольнаму заканадаўству і здароваму сэнсу.
(Яськоў: ) “Яшчэ адну надбудову над намі зрабіць. Гэта прывядзе толькі да аднаго — да павелічэньня нашых выдаткаў, сабекошту перавозак. І гэта адчуюць гараджане”.
Прыватнікі лічаць, што ўлада павінна пайсьці зь імі на дыялёг. Яны падлічылі, што прыносяць у гарадзкі бюджэт больш за 300 тысяч эўра падаткаў штомесяц.
(Спадар: ) “Ну, калі ўлада нас ня чуе, тады ў студзені мы ня будзем плаціць падатакаў і ўсе возьмем адпачынак. Няхай паспрабуюць без нас працаваць”.
У Магілёўскім гарвыканкаме гэтую сытуацыю называюць масавым сабатажам і гавораць, што разглядаюць патрабаваньні маршрутнікаў. Невядома, ці выедуць заўтра на магілёўскія вуліцы прыватныя маршрутныя таксоўкі.