Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРЫЧАЎСКІ ПРАДПРЫМАЛЬНІК СУДЗІЦЦА З РАЙВЫКАНКАМАМ ЗА ПРАВА ВЫДАНЬНЯ ГАЗЭТЫ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Крычаўскі райвыканкам адмаўляецца ўзгадніць разьмяшчэньне рэдакцыі газэты “Ўласны камэнтар” у прыватным доме Ўладзімера Кудраўцава. Улады спасылаюцца на жыльлёвы кодэкс і тлумачаць, што жылы дом ня можа быць выкарастаны для вытворчасьці газэты.

Прадстаўнік Уладзімера Кудраўцава зь Беларускага Хэльсынскага камітэту Мікалай Маторанка сёньня пераконваў суд, што індывідуальны прадпрымальнік мае права ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць на хатнім адрасе і пацьвярджаў гэта тлумачэньнямі, якія атрыманыя зь міністэрстваў інфармацыі і юстыцыі. Паводле пазоўніка, вытворчасьць газэты складаецца з працы на кампутары, якая ня можа перашкодзіць суседзям ці іншым асобам.

Мікалай Маторанка лічыць, што мясцовая ўлада адмаўляе прадпрымальніку ва ўзгадненьні юрыдычнага адрасу недзяржаўнага выданьня з палітычных прычынаў.

(Маторанка: ) “Што датычыцца пазыцыі Крычаўскага выканкаму, гэта проста панічная боязь дэмакратычнай прэсы”.

Судзьдзя Валянціна Старавойтава высьветліла, што Крычаўскі райвыканкам адмаўляў Уладзімеру Кудраўцаву ўвогуле без аргумэнтацыі і запатрабавала ад раённых уладаў шэрагу дакумэнтаў, у тым ліку і пратакол паседжаньня, дзе вырашалася пытаньне пазоўніка. У сувязі з гэтым у судзе сёньня аб’яўлены перапынак.

Сёлета ў гаспадарчым судзе адбылося некалькі разбораў, якія датычыліся рэгістрацыі недзяржаўных выданьняў у Крычаве. У выніку аднаго зь іх адмовіўся ад праекту “Новая газэта Крычава” прадпрымальнік Андрэй Кузьмін. Яшчэ раней суд адмовіў у пазове да Крычаўскага райвыканкаму Сяргею Няроўнаму, які спрабаваў зарэгістраваць газэту “Вольны горад”. Сёньня ён таксама прыехаў на суд, бо лічыць, што дэмакратычныя выданьні неабходныя крычаўскім выбарнікам.

(Няроўны: ) “Яны ня могуць прымаць добрых рашэньняў, таму што яны не валодаюць аб’ектыўнай інфармацыяй пра тое, што адбываецца ў нашым раёне. Калі яны прыйдуць на выбары, яны ня ведаюць, што рабіць”.

Аднак і ў цяперашняй сытуацыі, лічыць Сяргей Няроўны, можна знайсьці выйсьце і даносіць да выбарнікаў свой погляд на крычаўскія падзеі.

(Няроўны: ) “Застаецца спадзеў, што таксама могуць выходзіць незарэгістраваныя газэты, гэта таксама будзе нейкі прарыў. Мы спадзяёмся пакуль на гэта”.
XS
SM
MD
LG